Тамара Катлярчук з Алексіч больш 10 гадоў ягады прадае на базары

Наши проекты

– Колькі каштуе літр чарнікі? – падыходзіць пакупнік.

– 6 рублёў, – адказвае мая субяседніца.

Хтосьці купляе паласавацца ягадамі адразу, некаторыя спытаюць і ідуць далей. Паглядзяць дзе дзешавей. Для Тамары Катлярчук з Алексіч летні сезон – дадатковы заробак. Бо на чарніцах і грыбах можна 40-50 рублёў нагандляваць за дзень. Дарэчы, такой магчымасцю карыстаюцца многія вяскоўцы.

Расказвае, што ходзіць у лес з 4 класа. Яна спецыяліст больш па грыбам і суніцам. Пазней пачала адводзіць душу ў чарніцах. Па маладосці магла і 10-літровае вядро сама назбіраць. Цяпер жа за раз 7 літраў максімум. Як пойдзе раніцай, толькі ўвечары вяртаецца. Прычым, адпраўляецца ў лес адна. Не любіць браць з сабой кампанію. Заблудзіцца не баіцца, бо ягадныя мясціны ведае, як свае пяць пальцаў. Арыентуецца не горш выратавальнікаў.

Канешне, апранаецца ў лес як мае быць – гумавікі, хустка. Абавязкова перад выхадам пырскаецца аэразолем ад камароў. Вось тады Тамары Катлярчук нічога не страшна. І работа ладзіцца, адна за адной кідае ягады ў вядзерца.

Цана на чарніцы залежыць ад таго, як яна ўрадзіла. Напрыклад, калі багаты ўраджай – тады адпаведна і яна дзешавей. На базары ў Хойніках жыхарку Алексіч можна сустрэць у нядзелю – прыязджае аўтобусам. Стараецца ўсё прывезенае прадаць. Сярод хайнічан ёсць і пастаянныя кліенты. Кажуць, што ягады ў Тамары Васільеўны такія смачныя, якія ні ў кожнага і купіш.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *