Вяртанне ў маладосць


Адзін з каштоўных экспанатаў Дома-музея народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа ў вёсцы Глінішча – успаміны яго жонкі Лідзіі Якаўлеўны Пятровай-Мележ, якія яна напісала пасля смерці мужа. Матэрыял для рэдакцыі “Хойніцкіх навін” прадставіла дырэктар музея С.П. Ліпніцкая і мы прапануем яго ўвазе чытачоў.

Калісьці даўно, у 1942 годзе, цяжкі ваенны лёс закінуў Івана Паўлавіча Мележа далёка ад Беларусі, у горад Бугуруслан. Многіх людзей прывяла вайна далёка на Усход. Маленькі і ціхі раней горад, у першыя ж месяцы вайны напоўніўся эвакуіраванымі. У асноўным гэта былі жыхары Оршы, Віцебска, Адэсы, Масквы, Ленінграда і іншых гарадоў.

Тут амаль не было прамысловых прадпрыемстваў, адзін інстытут, бальніца і 2-3 магазіны. Рассяленне ішло па прыватных дамах і кватэрах. У нашым доме, дзе раней жыло 5 чалавек, пасялілася яшчэ 9 – дзве сям’і і курсанты лётнага вучылішча, а пазней – Іван Паўлавіч Мележ. На суседняй вуліцы, як мы даведаліся намнога пазней, жылі жонка і дачка Канстанціна Заслонава.

Наша сустрэча з Іванам Паўлавічам адбылася восенню 1942 года, у той цяжкі час, калі, нягледзячы на маладосць (яму было 21 год, а мне 19), кожны меў ужо сваё жыццё, погляды, інтарэсы, ставіў перад сабой пэўныя мэты. Мы адчувалі сябе дарослымі і самастойнымі людзьмі. Іван Паўлавіч прайшоў праз вайну, яго родныя, сябры засталіся на Палессі. Я працавала ўжо, мае школьныя таварышы, брат і сястра былі на фронце. Таму мы маглі меркаваць адзін аб адным, як кажуць, разважліва.

Ен звяртаў на сябе ўвагу перш за ўсё знешнасцю. Высокі, бледны і худы пасля ранення і шпіталя, крыху дзіўна апрануты ў шырокія чорныя матроскія штаны і салдацкую гімнасцёрку, з рукой на марлевай павязцы. Вечна кудысьці спяшаўся.

Вабіла ў ім жывая зацікаўленасць усім і ўсімі на свеце і, перш за ўсё, справамі на фронце, жыццём кожнага, з кім знаёміўся: ці то мясцовага жыхара, ці эвакуіраванага, дзіцяці або старога. Усіх распытваў, разглядваў, усім спачуваў, нешта растлумачваў. І, як я потым даведалася, занатоўваў у сваіх запісных кніжках дэталі, падзеі, вобразы. Частка з гэтых запісаў апублікавана ў “Першай кнізе”.

Пры далейшым знаёмстве Іван Паўлавіч здзіўляў ужо не знешнім выглядам, а ўнутранай чысцінёй, святлом, натхненнем у шэрых вачах, незвычайнай любоўю і верай у чалавека і ў вялікую сілу літаратуры. Такая натхнёнасць захапляла людзей і адначасова ставіла ў тупік: вельмі ж яна не адпавядала цяжкасцям таго часу. Іван Паўлавіч здаваўся чалавекам з іншага свету. Не разумеючы, не знаходзячы прычыны для гэтага, некаторыя тлумачылі ўсё асаблівым паходжаннем і выхаваннем.

Пры сустрэчах са мной, чалавекам па натуры сваёй маўклівым і замкнёным, больш расказваў сам. Мала гаварыў аб вайне, больш за ўсё аб сваяках і Палессі. Хойнікшчына ў яго ўспамінах была казачным краем з бязмежнымі лясамі, балотамі, надзвычай смачнымі антонаўскімі яблыкамі, ягадамі, грыбамі, добрымі людзьмі, цудоўнымі песнямі, якія ён часта з задавальненнем спяваў.

Увесь час непакоіўся аб сваіх бацьках і сваяках. Маці, паводле яго расказаў, уяўлялася жанчынай вясёлай, любячай песню, поўнай народнай мудрасці, але запальчывай і хуткай на плескачы. Бацька – добрым, дасведчаным яшчэ з часоў шматгадовай службы ў арміі. А сястрычка Юля – будучай актрысай, бо “яна так і лезе на сцэну”. Многа гаварыў аб хаце (якая згарэла), аб садзе.

Толькі пасля, калі ў 1945-1956 гадах я пазнаёмілася з прыродай і людзьмі Палесся, пераканалася ў дакладнасці расказаў Івана Паўлавіча, аб’ектыўнасці яго ўспрымання горача любімага роднага краю. Да мяне прыйшло не расчараванне, а яшчэ адно пацвярджэнне асаблівага дару Івана Паўлавіча бачыць прыгожае ў звычайным, штодзённым.

Свае расказы ён звычайна падмацоўваў замалёўкамі, выкрэсліваннем плана. У тыя гады ён наогул любіў маляваць, гаварыў, што ў дзяцінстве хацеў стаць мастаком.
Браты Ілля і Іван Мележ з жонкамі Галінай і Лідзіяй
На першае ж маё пытанне, чым ён будзе займацца пасля вайны, Іван Паўлавіч цвёрда, без ваганняў адказаў, што стане пісьменнікам. Я засмяялася і адказала фразай, якую ён запомніў на ўсё жыццё. І калі быў ужо вядомым пісьменнікам, успамінаў яе мне і сваім знаёмым. А я сказала з іроніяй, што мне якраз не стае ў доме аднаго пісьменніка.

Справа ў тым, што ўсё дарослае пакаленне нашай сям’і нешта пісала: хто вершы, хто апавяданні, хто п’есы. Маці марыла напісаць нават раман аб сваіх блуканнях па дарогах грамадзянскай вайны са сваім мужам, дывізійным камісарам. Усе пісалі дрэнна, па-сутнасці, не ведаючы нават граматыкі рускай мовы. Надзеі маіх сваякоў грунтаваліся, відаць, на тым, што нехта з далёкай радні некалі даўным даўно служыў у маёнтку пісьменніка С.Г. Аксакава, аб чым любілі ў нас расказваць. Дарэчы, Івану Паўлавічу падабаліся раманы “Сямейная хроніка” і “Дзіцячыя гады Багрова-ўнука”. Ен заўсёды раіў прачытаць іх падрастаючым дочкам.

Нягледзячы на вялікія матэрыяльныя цяжкасці тых гадоў, жыццё для нас было радасным, напоўненым справамі, падзеямі і, галоўнае, надзеямі на будучае. Было многа сяброў сярод студэнтаў педагагічнага інстытута, дзе Іван Паўлавіч працаваў ваенруком, і фізмата, дзе вучылася я. Застаўся ў горадзе яшчэ сёй-той з маіх школьных таварышаў, былі знаёмыя сярод выкладчыкаў інстытута, якія ў тыя гады неяк зліваліся са студэнтамі ў адзіных інтарэсах, сярод курсантаў ваенных вучылішчаў і інвалідаў вайны.

Апрача працы і вучобы, сустрэч з сябрамі Іван Паўлавіч праводзіў многа часу за напісаннем вершаў (яны друкаваліся ў “Бугурусланской правде”), апавяданняў, вядзеннем дзённікаў. Уважліва сачыў за падзеямі на фронце. Штодзённа слухаў перадачу “У апошні час”, усе змены на лініях франтоў заносіў чырвоным алоўкам на карту еўрапейскай часткі СССР, якая была ў яго ў афіцэрскім планшэце.

Зрэдку, бо не было грошай, хадзілі ў кіно, тэатр, на танцы. А часцей гулялі па гораду ці ішлі за горад на лыжах. Я магла толькі з большага рухацца на роўным месцы, а ён катаўся з высокіх узгоркаў, і было страшна глядзець, як ляціць уніз без палак з перавязанай параненай рукой.

10 красавіка 1943 года, не сказаўшы нікому нічога, мы пайшлі ў ЗАГС і распісаліся. Абое лічылі, што гэта вельмі асабістая справа і ніякага шумнага вяселля нам не трэба. І пазней, усё жыццё, Іван Паўлавіч не любіў пышных вяселляў, лічыў, што яны робяцца не для маладых, а для іх бацькоў і знаёмых бацькоў, а таксама для паказухі.

Пасля ЗАГСа мы хадзілі па гораду, пастаялі на мосце праз раку Кінель. Была паводка. Потым спусціліся ўніз і доўга сядзелі на лесвічных прыступках, гледзячы на шырачэзную водную роўнядзь.

Шлюб мала чаго змяніў у нашым штодзённым жыцці. Праца, вучоба, выстойванне ў шматлікіх чэргах за хлебам. Горад жыў цяжка. Усё трэба было здабыць самім. Прадукты па картачках, адзенне ў тры разы даражэй, чым на базары, дровы – галлё ў лесе. Толькі маладосць, каханне і мары пакінулі ў памяці светлыя плямы. А потым было трыццаць з лішнім гадоў жыцця, якое прамільгнула як адзін дзень. Для Івана Паўлавіча гэта амаль цалкам жыццё для літаратуры і ў імя літаратуры. Мне ўяўляецца яно гераічным, калі ўсё: і жыццё, і каханне, і сілы – аддаюцца на пераадоленне перашкод, якія паўстаюць часам і як рэальныя, і як спакусы ў выглядзе высокіх пастоў, выгадных пасад, душэўнага спакою, вялікіх грошай. Духоўныя каштоўнасці, якія ствараюцца такімі людзьмі, аказваюцца куды больш дарагімі і жывучымі, чым каштоўнасці матэрыяльныя.

Для мяне Іван Паўлавіч увесь у яго кнігах. Там, дзе аб’ектыўна адлюстроўваліся погляды і вобразы іншых людзей, увасобіліся і яго думкі, і яго ўчынкі, і яго вобраз, а таксама дробныя эпізоды з жыцця.

Іван Паўлавіч цярпець не мог і ў жыцці, і ў літаратуры грубасць, пошласць, кар’ерызм, мяшчанства, імкненне некаторых нават у літаратуры акружыць сябе падхалімамі і халуямі.

За тыдзень да смерці, ідучы ў бальніцу, ён застаўся верным сабе, захапіў з сабой апошнія старонкі рамана “Завеі, снежань…”, спадзяваўся дапісаць, калі стане адчуваць сябе лепш. У адзін з апошніх сваіх дзён, праводзячы мяне па бальнічным калідоры, з сумам сказаў: “Не дапішу. Няма сіл. Стаміўся жыць”.

Хачу сказаць, што за 33 гады сумеснага жыцця муж мала ў чым змяніўся ў параўнанні з тымі першымі ўражаннямі, якія ён зрабіў на мяне. Застаўся такім жа сумленным, чыстым, мэтанакіраваным, адданым служэнню літаратуры. Толькі стаў часцей хмурыцца, лепш разбірацца ў людзях, больш настойліва дабівацца прызнання сваіх поглядаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *