Спорту ўсе пасады пакорныя

Спорт

У чарговы раз паказалі свае спартыўныя ўменні і творчыя здольнасці прадстаўнікі выканаўчай улады ўсіх раёнаў вобласці на 11-й спартакіядзе-конкурсе аматарскай творчасці сярод работнікаў раённых выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў г. Гомеля, структурных падраздзяленняў Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта.

У гэтым годзе за званне лепшых спрачаліся 27 калектываў, у тым ліку і каманда Хойніцкага раённага выканаўчага камітэта. Урачыстае адкрыццё спартакіяды ўпершыню прайшло ў пашыраным фармаце – у манежы Цэнтра алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы. Паказальныя выступленні прадэманстравалі выхаванцы спартыўных школ вобласці, у тым ліку і майстры міжнароднага класа. Як адзначыў у час адкрыцця спартакіяды-конкурсу намеснік старшыні аблвыканкома П.А. Кірычэнка, вельмі прыемна бачыць, што ў органах дзяржаўнага кіравання працуе многа таленавітых і актыўных людзей, якія сваімі асабістымі дасягненнямі паказваюць прыклад жыхарам вобласці.

Спартыўныя спаборніцтвы праходзілі па 7 відах: міні-футболу, валейболу, настольнаму тэнісу, дартсу, стральбе з пнеўматычнага пісталета, шахматах, більярду. На працягу трох дзён яны былі насычаны самымі разнастайнымі эмоцыямі і шчырымі перажываннямі. Хайнічане паказалі добры вынік, палепшыўшы дасягненні мінулага года. Дыплом за трэцяе месца ў спаборніцтвах па настольнаму тэнісу сярод жанчын і падарунак атрымала галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкома Л.В. Няволіна. Другое месца ў сваёй падгрупе і адпаведна пятае ў агульным заліку заняла каманда па міні-футболу, уступіўшы толькі сярэбраным прызёрам спаборніцтваў з Рагачова. Пятыя месцы заваявалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкома Ж.М. Чарняўская ў дартсе і старшыня райвыканкома А.В. Бічан – у більярдзе. Таксама ў скарбонцы нашай каманды шостае месца па шахматах, дзевятае і пятнаццатае – у стральбе з пнеўматычнага пісталета.

Ні ў чым не ўступала па напалу пачуццяў і творчая частка спартакіяды-конкурсу. Творчы калектыў райвыканкома прадставіў на суд журы музычна-тэатральную пастаноўку, прысвечаную 65-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Асабліва спадабалася прысутным песня “Ехал я из Берлина…” у выкананні старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Міхаіла Савельевіча Скрыпчанкі. У час правядзення гала-канцэрта яму быў уручаны букет кветак і гучалі шчырыя апладысменты гледачоў.


Ірына НОВІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *