Прыемнага апетыту ад «Палескіх сыроў»


У апошні час ПУП “Палескія сыры” давялося нямала папрацаваць, каб здзівіць і парадаваць сваіх спажыўцоў.

На прадпрыемстве лічаць, што сімпатыі пакупнікоў трэба заваёўваць не толькі якасцю выпускаемай прадукцыі, але і пастаянным абнаўленнем асартыменту. Бо сёння мы жывём у такім імклівым рытме, калі работа, кар’ера, выхаванне дзяцей займаюць усё больш часу, а на вядзенне дамашняй гаспадаркі, у тым ліку прыгатаванне ежы, яго застаецца ўсё менш і менш. Адным словам, час, у якім жывём, і прымусіў перагледзець пералік малочнай прадукцыі – яна павінна быць смачнай, карыснай і хуткай ў прыгатаванні.

Зусім нядаўна на прылаўках фірменных магазінаў прадпрыемства з’явіліся два новыя віды масла: салодка-сметанковае несалёнае “Бутэрброднае” масавай доляй тлустасці 61,5 працэнта і такое ж пад назвай “Любіцельскае” 78 працэнтаў тлустасці.

Укараненнем навінак у вытворчасць па тэхналогіі распрацоўкі навукова-даследчага інстытута мяса-малочнай прамысловасці займаўся вытворчы аддзел, у прыватнасці, вядучы інжынер па якасці Ганна Алегаўна Вяргейчык, а таксама начальнік лабараторыі Майя Акімаўна Феданчук.

Выпускаюцца новыя вырабы ў маслацэху метадам пераўтварэння высокатлустай смятанкі. Тэрмін годнасці прадуктаў – 35 сутак пры тэмпературы (4+-2) 0С.

Да выпуску прыступілі пасля вывучэння пакупніцкага попыту ў фірменным гандлі прадпрыемства, у хуткім часе паступяць навінкі на прылаўкі іншых гандлёвых кропак.

Па словах вытворцаў, папулярнасцю карыстаюцца нізкатлушчавыя сарты прадукцыі. Масла “Бутэрброднае” і “Любіцельскае” маюць ярка выражаны смак пастэрызацыі, што напамінае ноткі дзяцінства, смак дамашняй смятанкі.

Масла – высокаліквідная прадукцыя: яно добра раскупляецца на ўнутраным і знешнім рынку. Гэта пачэсная місія – вырабляць прадукцыю, якая робіць харчаванне чалавека паўнацэнным і збалансаваным. І, трэба спадзявацца, новыя вырабы прыйдуцца да спадобы спажыўцам.


Клаўдзія МІКАЛАЕВА.
На здымку:
задаволены плёнам сваёй творчай думкі Г.А. Вяргейчык і М.А. Феданчук.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *