Святло душы і дабрыня


Мала хто адважыцца сказаць, што праца сацыяльных работнікаў простая, бо дапамагаючы тым, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю, яны робяць пачэсную справу – не дазваляюць людзям адчуваць сябе забытымі. А для пажылых і адзінокіх людзей сацыяльны работнік ёсць той самы праменьчык святла, які робіць іх жыццё ярчэйшым. У вёсцы Вялікі Бор вось ужо трынаццаць гадоў прыносіць у дамы  падапечных дабрыню і святло сваёй душы Вольга Васільеўна Малянок.

– Справа, якую выконваю, – гаворыць Вольга Васільеўна, – прыносіць мне маральнае задавальненне. – Добра становіцца на душы ад думкі, што робіш людзям дабро. Але калі-нікалі бывае псіхалагічна цяжка бачыць, што дзеці забываюцца пра сваіх бацькоў, уладкоўваючы сваё жыццё дзесьці далёка. У кожнага з маіх падапечных свая гісторыя і ўспаміны, схаваныя за сетачкай маршчын. У кожнага – свае рахункі са здароўем і блізкімі родзічамі. Але ўсе яны аднолькава маюць патрэбу ў доглядзе і дапамозе.

Напэўна, больш за ўсіх чакае Вольгу Васільеўну самая старэйшая яе падапечная, 86-гадовая  Еўдакія Сяргееўна Сачанка. Многа гадоў яна адпрацавала ў леспрамгасе, у апошні час перад выхадам на пенсію – у калгасе “Шлях да камунізму”. Жанчына нядаўна перанесла вялікую жыццёвую трагедыю: заўчасна загінуў яе сын Пятро, які таксама працаваў у леспрамгасе і лічыўся адным з лепшых работнікаў на нарыхтоўцы лесу. Праз некаторы час памёрла нявестка. Малодшы сын Еўдакіі Сяргееўны жыве ў Брагіне, па магчымасці наведвае маці. Цяпер для гэтай жанчыны сацыяльны работнік – самы дарагі і блізкі чалавек.

Усё жыццё аддала працы ў жывёлагадоўлі Ева Дзмітрыеўна Тальчук. Выйшаўшы на пенсію, трымала вялікую асабістую гаспадарку. Але памёр муж, затым дачка, здароўе жадае лепшага, бо зусім пагоршыўся зрок, і дапамога сацыяльнага работніка ёй вельмі дарэчы.

– Вольга Васільеўна – вельмі добрая, што ні скажу – усё зробіць, – зазначае 70-гадовая Соф’я Астапаўна Сачанка. – І пагаварыць з ёю вельмі цікава: раскажа пра ўсе вясковыя навіны, разам, калі ў яе ёсць час, паглядзім тэлевізар і абмяркуем убачанае.

Кожны рабочы дзень сацыяльнага работніка, здаецца, падобны адзін на другі. За дзень яна абыходзіць 4-5 чалавек.  Маршрут праходзіць па вуліцах, размешчаных у розных канцах Вялікага Бора, далей за ўсіх пражывае Ніна Пятроўна Харошка, але гэта зусім не аргумент для сацработніка, каб парушыць графік наведванняў. І ў час сёлетніх маразоў яна ў першую чаргу спяшалася да гэтай падапечнай, каб расчысціць дарожку ў двары ад снегу, прынесці вады, памыць падлогу, закупіць прадукты.

– Нягледзячы на занятасць і значную аддаленасць вёскі ад райцэнтра Вольга Васільеўна знаходзіць час, каб прыняць удзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, – падкрэслівае выконваючая абавязкі дырэктара гэтай установы Г.М. Скачко. – Прыняла актыўны ўдзел у конкурсе  прафесійнага майстэрства. І хаця не заняла прызавое месца, але ўвайшла ў лік лепшых і атрымала заахвочванне.

Многія з тых, хто становіцца сацработнікам, як сведчыць практыка дзейнасці ТЦСАН, нядоўга затрымліваюцца, не ўсе здольныя пранесці праз сваю душу і сэрца боль і пакуты адзінокіх састарэлых людзей. Застаюцца толькі тыя, аб якіх прынята гаварыць, што яны знайшлі ў гэтай міласэрнай працы прызванне. І не за грошы, а па дабраце душэўнай  яны ў дождж і ў снег гатовы ісці па сельскай дарозе, дзе жывуць падапечныя, або прыйсці ў вольны час, каб праведаць забытую ўсімі бабульку, каб хоць на невялікі прамежак часу зрабіць яе жыццё радасным. Гэта толькі можа той, хто сэрцам адчувае боль і перажыванні іншых, а таксама памятае, што яго чакаюць з нецярпеннем, верай і надзеяй. Да такіх людзей, несумненна, адносіцца і Вольга Васільеўна Малянок.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *