Лепшыя сярод лепшых


Вялікага поспеху дабілася каманда клуба вясёлых і знаходлівых гарадской сярэдняй школы №2 – пераможца раённага конкурсу – на занальным мерапрыемстве, якое праходзіла днямі ў абласным Палацы творчасці дзяцей і юнацтва. На сцэне гэтай установы каманда “ШОК” уступіла ў дуэль з вострасловамі Жлобіна, Кармы, Рагачова, Светлагорска, Рэчыцы, Лоева, Брагіна. І ў многім была дасціпней, вынаходлівей сваіх сапернікаў.

 Тон у гэтым задаваў капітан каманды, адзінаццацікласнік Аляксандр Лютаў. Увогуле, гэтая каманда вясёлых і знаходлівых састаіць з цяперашніх выпускнікоў і толькі адзін удзельнік яе з восьмага класа.

Вясёлыя і знаходлівыя з Хойнік былі на парадак вышэй сваіх сапернікаў у самых розных намінацыях, асабліва спадабалася гледачам у зале музыкальнае выступленне нашай каманды. Яно было пабудавана такім чынам, што кожны нумар сплятаўся ў адно непарыўнае феерычнае дзейства, якое не магло быць незаўважаным і неацэненым па вартасці.

Настаўнікі, балельшчыкі, сябры могуць па праву ганарыцца поспехам рабят – каманда “ШОК” заняла на конкурсе пачэснае другое месца і ўзнагароджана дыпломам. І, магчыма, ёй прадстаіць абараняць гонар нашага раёна на абласным конкурсе КВЗ.


Н. БОРДАК,
дырэктар ЦТДіЮ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *