Прысязе верныя сыны


21 год назад завяршылася ваенная аперацыя абмежаванага кантынгенту савецкіх войск у Афганістане. Ва ўмовах смяротнай небяспекі сыны нашай Радзімы выконвалі баявыя задачы, імкнучыся прынесці на афганскую зямлю мір і спакой. Ад гэтай вайны пацярпелі тысячы беларускіх сем’яў. 7 жыхароў раёна загінулі ў час баявых дзеянняў. Мы раздзяляем боль іх маці і ўдоў, схіляемся перад светлай памяццю загінуўшых герояў, выконваўшых свой інтэрнацыянальны абавязак. Ніхто з іх не забыты сваімі землякамі. Бацькі салдат, якія загінулі смерцю храбрых, павінны ведаць, што памятаць аб іх сынах будуць і новыя пакаленні жыхароў Хойнікшчыны.

Невыпадкова, што на дзяржаўным узроўні 15 лютага адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Гэтая дата вельмі многае значыць для тых, хто ўдыхаў спякотнае афганскае паветра, хто іншым разам спаў з аўтаматам Калашнікава, хто дзяліўся з таварышамі апошнім глытком вады, хто штомінутна рызыкаваў сваім жыццём, хто суправаджаў у Саюз страшны “груз 200”.



Алег Васільевіч СМОЛЬСКІ


родам са Стралічава. У Афганістан трапіў на службу пасля заканчэння Рэчыцкага саўгаса-тэхнікума. Цаной свайго жыцця здзейсніў подзвіг 29 мая 1987 года пры захопе склада боепрыпасаў у адной з цяжкадаступных цяснін, усе падыходы да якой былі замініраваны. Дэсант высадзілі з паветра. Бой быў няроўны. Таварышы Алега апынуліся ў крытычным становішчы, і ён выбраў пазіцыю, выклікаў агонь на сябе, каб даць магчымасць перагрупоўкі дэсантнікам, але варожая куля спыніла яго.



Васіль Мікалаевіч ЗАЯЦ


да прызыву ў армію працаваў трактарыстам у калгасе “Бальшавік”. У Афганістане  ваяваў паўтара года. У чэрвеньскі  дзень 1985 года яго ўзвод, выконваючы баявую задачу, трапіў у засаду. Патрэбна было адступіць і выбраць другую пазіцыю. Адыход прыкрываў Васіль. У няроўным баі ён затрымаў душманаў, сваім жыццём  выратаваў жыцці двум дзесяткам таварышаў і даў магчымасць выканаць пастаўленую ўзводу задачу.



Васіль Уладзіміравіч РУДЗЯНОК


– ураджэнец вёскі Рудакоў. Пасля заканчэння мясцовага прафтэхвучылішча працаваў трактарыстам-экскаватаршчыкам у саўгасе “Стралічава”. Ен – першы з нашага раёна, хто аддаў сваё жыццё, выконваючы воінскую прысягу. Апошняе, што бачыў яфрэйтар Рудзянок, падаючы на зямлю, – вяршыні Гіндукуша і блакітнае да самай радзімы неба.



 Ігар Савельевіч АНІСЕНКА


ў 1979 годзе закончыў першую гарадскую сярэднюю школу, пасля вучыўся на шахцёра ў Данецкай вобласці, адкуль прызваны на службу ў Афганістан. Быў санінструктарам роты. У адным з баёў вынес з поля бою 13 параненых таварышаў. Але радасць перамогі не адчуў. Цяжка паранены,  малодшы сержант Анісенка памёр па дарозе ў шпіталь 19 чэрвеня 1982 года.



Сяргей Віктаравіч КУЗЯКІН


– ураджэнец вёскі Чамкоў, пасля заканчэння ў 1980 годзе Чарнобыльскай завочнай сярэдняй школы Кіеўскай вобласці працаваў механізатарам у саўгасе. На службу ў Афганістан трапіў ў 1980 годзе. На тое заданне камандзір выбраў менавіта яго, бо давяраў, быў упэўнены ў салдаце. Ужо вярталіся з задання, ужо замільгалі знаёмыя мясціны параненай зямлі. У гэты час страшэннай сілы выбух ускалыхнуў баявую машыну. Яна ўздыбілася, як стаенны конь, і спынілася. Спынілася і жыццё Сяргея Кузякіна.



Фёдар Аляксандравіч НАЙДЗЕНКА


ў 1980 годзе з адзнакай закончыў Веляцінскую васьмігадовую школу, потым Гомельскі тэхнікум чыгуначнага транспарту. Па накіраванню Хойніцкага райваенкамата закончыў курсы шафёраў, у армію быў прызваны ў 1985 годзе. Радавы Найдзенка загінуў  у Афганістане ў 1987 годзе пры тушэнні самалёта з бомбамі на борце, які загарэўся. Калі на ўзлётную паласу прызямліўся ахоплены полымем самалёт, Фёдар першым кінуўся да машыны, каб патушыць агонь. Але самалёт узарваўся. Загінула 13 чалавек, у тым ліку і Найдзенка.



Аляксандр Аляксандравіч ПІНЧУК


з вёскі Звяняцкае служыў у Афганістане  чатыры гады. Пасля другога ранення ўрачы забаранілі яму ехаць туды. Аднак, калі даведаўся, што загінуў яго аднавясковец Васіль Заяц, дабіўся, каб паслалі зноў. Чатыры месяцы яшчэ помсціў Аляксандр за сябра. А калі ў чарговы раз цяжка паранены ляцеў самалётам у шпіталь на Радзіму, ад выпушчанай душманамі ракеты самалёт узарваўся…

Усе нашы героі-землякі пасмяротна былі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, а Аляксандр Пінчук – двойчы. Але ці лягчэй ад гэтага на сэрцы іх маці, жонак, сясцёр, бацькоў і братоў? Памяць, абпаленая Афганістанам, назаўсёды захавае блізкія сэрцу вобразы. Душэўная рана з выпадку  вялікай страты ніколі не загоіцца, як не зажывае рана, якая называецца словам “Памяць”.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *