Хоць сёння ў поле

Сельское хозяйство

На машынным двары КУП “Аравічы” маланкаю паблісквала электразварка, у майстэрнях займаліся рамонтам сваіх трактараў механізатары. Такарны цэх сустракаў мерным шумам станка, з-пад разца ягога змейкай вілася сіне-фіялетавага колеру стружка…

– Засталося адрамантаваць МТЗ-80 і МТЗ-82, – гаворыць галоўны інжынер гаспадаркі Віталій Леанідавіч Локцеў, і ўвесь трактарны парк, які налічвае 36 адзінак тэхнікі, будзе на хаду. Гэтым і займаюцца зараз механізатары. Праблем з запчасткамі няма,  за сродкі сельгаспрадпрыемства набываем тое, што патрэбна.

Па аптымістычнаму настрою галоўнага інжынера, па тым, як да яго звярталіся падначаленыя, адчувалася, што пануюць у калектыве ўзаемаразуменне, паважлівыя адносіны. Людзі настроены на выкананне пастаўленых задач. І, як паказала праверка, у сельгаспрадпрыемстве многае зроблена ў справе падрыхтоўкі да веснавых палявых работ.

На лінейцы гатоўнасці два васьмікорпусныя, адзін з якіх абаротны, тры чатырохкорпусныя абаротныя  і ПЛН-8-30/50 плугі, што будуць задзейнічаны вясною. Хоць сёння можна пускаць у поле чатыры АКШ-7,2, камбінаваныя пасяўныя агрэгаты “Лемкен”, “Кунг”, “Хорш”, АПП-4, а таксама новы АПП-6, надзейнасць якога апрабаваў ужо на восеньскай сяўбе механізатар Аляксандр Міхайлавіч Брухавецкі.

Для пасеву цукровых буракоў падрыхтаваны дзве сеялкі СМН- 12, кукурузы – новая ТСМ-8000, з якой летась працаваў механізатар Раман Рыгоравіч Прышчэп, адрамантавана сеялка СТВ-12. Не адкладвалі і рамонт дыскавых боран БДТ-7 і БДТ-3.

 Тэхніка і прычапны інвентар замацаваны за кожным механізатарам. У ліку тых, хто з адказнасцю адносіцца да падрыхтоўкі тэхнікі, трактарысты Андрэй Корбіт, Пётр Качан, Сяргей Грытчанка, Аляксандр Кахновіч, Рыгор Аніскавец і іншыя. Гэта дзякуючы ім дасягнута безумоўнае выкананне графіка рамонту.

У гэтыя дні ў сельгаспрадпрыемтве прыступілі і да рамонту кормаздабываючай тэхнікі. Механізатары Сяргей Іванавіч Мастабай і  Рыгор Цімафеевіч Гарбар даводзяць да ладу КЗР-10, а Яўгеній Васільевіч Шкурко і Анатолій Іванавіч Краснаселец заняты рамонтам кукурузнай жняяркі.

Важкі ўклад у агульную справу ўносяць токар Уладзімір Аляксандравіч Міласердаў, газаэлектразваршчыкі Сяргей Шаціла і Мікалай Гоеў.

…Звычайны рабочы дзень. Без спешкі, без мітусні выконваюць людзі сваю справу. І няма сумненняў у тым, што ўсебакова падрыхтаваўшыя да пасяўной правядуць яе хлебаробы “Аравіч” у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны.


Уладзімір СЯМЕНАЎ.


На здымку ў такарным цэху (злева направа):
газаэлектразваршчык С.В. Шаціла,
галоўны інжынер В.Л. Локцеў і токар У.А. Міласердаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *