Маці кліча заўсёды


Апоўначы задыхаў нехта горача ў твар і неразборліва шэптам паклікаў. Я хачу прачнуцца і не магу. Нямею целам і думаю: хто б мог прыйсці на пракосы сена за лесам? Зноў нехта дыхнуў, і халодная кропелька на скроню ўпала. Можа, маці мая каля ўзгалоўя прысела – па мне засумавала, і незнарок сляза набегла? Як у дзяцінстве некалі. Паходзіш па лясах, па палях, сцішышся на печы… А маці прысядзе побач і пяшчотнаю далонню па галаве гладзіць.

Хопіць, родная, адпачывай… Не хадзі за сынам у лясы дрымучыя, на балоты дрыгвяністыя, за асаку пілуючую…

Я падымаю павекі і чую: зашумела атавай і сціхла. Каля самага твару неба варушыцца, заінелы Млечны Шлях уткнуўся да нашай вёскі. Нікога няма. І раптам піць захацелася. Прама з крынічкі. Вада там жывая, расказвала бабуля Таццяна, кажуць, тысячы год прабіваецца з зямлі. Зоркавы чарпак туды звесіўся, і зялёная зорачка весела чыркнула неба – туды ж таксама скокнула. Услед ёй сава-паўночніца хрыпла закрычала: “Ау…” Крочу лясною сцяжынкаю, з цемры насустрач бярозы высвечваюцца, падлятаюць да твару лісты. Непрыкметна ўжо і сон праляцеў, а ўсё здаецца, быццам чакае мяне маці. Недзе прысела, магчыма, каля крынічкі або каля вішні на лавачцы, глядзіць у мой бок.

“Іду-у-у!” – крычу я. Паляцеў голас лесам і рэха прынесла мне прыглушанае: “Чакаю-ю-ю, сынок, чакаю-ю-ю!”


К. СЦЯПАНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *