Раней возьмемся — больш зробім


У мінулую пятніцу ў Хойніцкім райвыканкоме пад старшынствам намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь У.М. Патупчыка адбылося першае пасяджэнне Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенню ў Хойніках Дня беларускага пісьменства . Акрамя прадстаўнікоў міністэрстваў Рэспублікі Беларусь, упраўленняў і служб Гомельскага аблвыканкома, удзел у ім прынялі старшыня Гомельскага аблвыканкома А.С. Якабсон і яго намеснік П.А. Кірычэнка.

Праграма пасяджэння складалася з двух частак: рух па маршруту, дзе намечана правесці асноўныя мерапрыемствы свята (цэнтральная плошча – гарадскі парк культуры і адпачынку); даклады і абмеркаванне ў рабочым парадку праекта пратакола даручэнняў.

Прыемную місію на пачатку пасяджэння выканаў намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь У.М. Патупчык. Ад Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь сертыфікат на 50 мільёнаў рублёў на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ён уручыў начальніку аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Хойніцкага райвыканкома М.В. Раманенку.

Пасля азнаямлення на месцы з аб’ектамі, рэканструкцыя і капрамонт якіх патрабуюць найбольшага ўкладання грашовых сродкаў, (раённы Дом культуры, абсталяванне плошчы адпачынку на месцы міні-рынку і плануемага пад знос будынку “Дзіцячага міру” з наступнай устаноўкай памятнага знака ў гонар 500-гадовага юбілею Хойнік, кінатэатр “Юбілейны”, дом-сядзіба 19 ст., стадыён, будынак фізкультурна-аздараўленчага цэнтра ў парку) старшыня райвыканкома А.В. Бічан пазнаёміў прысутных з праграмай правядзення Дня беларускага пісьменства 4-5 верасня 2010 года, расказаў, што прадстаіць зрабіць, акрэсліў агульныя арганізацыйныя моманты, звязаныя з падрыхтоўкай да свята. Існуе ўпэўненасць, што святкаванні 4 верасня на Радзіме лаўрэата Ленінскай прэміі, аўтара трылогіі “Палеская хроніка” Івана Мележа паспрыяюць таму, што яшчэ мацней загучаць яго высокамастацкія класічныя творы не толькі ў рэспубліканскім, але і ў сусветным кантэксце.

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь А.В. Праляскоўскі свой даклад пачаў з міні-экскурса ў гісторыю. Дзень беларускага пісьменства ў нашай краіне адзначаецца штогод у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.03.1998 г. № 157 “Аб дзяржаўных святах і памятных датах Рэспублікі Беларусь”. Упершыню свята прайшло ў 1994 годзе ў Полацку. Затым яго сталіцай былі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша і інш. гарады. За гэты час свята набыло агульнанацыянальны характар, стала важнай падзеяй культурнага жыцця краіны.

Ідэалагічнае гучанне свята асабліва значнае ў кантэксце дзяржаўнай палітыкі па падтрымцы беларускай мовы і культуры. Мерапрыемствы свята праходзяць па ўсёй рэспубліцы, вялікая работа праводзіцца па добраўпарадкаванню гарадоў-сталіц Дня беларускага пісьменства, рэканструкцыі помнікаў гістарычнай спадчыны. Штогод у святкаванні прымаюць удзел прадстаўнікі кіраўніцтва краіны, відныя дзеячы культуры і мастацтва, замежныя госці.

Сёлета па даручэнню Прэзідэнта краіны А.Р. Лукашэнкі свята пройдзе ў Хойніках. Трэба ўсе рашэнні прыняць зараней і , як адзначыў намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь У.М. Патупчык, займацца падрыхтоўкай кожны дзень.

Міністэрства інфармацыі арганізуе работу рэжысёрска-пастановачнай групы, сцэнарную частку. У цяперашні час сумесна з органамі мясцовай улады прапрацоўваюцца пазіцыі праграмы свята. Асноўныя з іх: “круглы стол” у в. Глінішча з удзелам пісьменнікаў з Расіі, Славакіі, Казахстана, Літвы, Балгарыі, Сербіі, Чарнагорыі, Польшчы, а таксама навукова-практычная канферэнцыя “Хойніцкія чытанні”.

У гэты дзень, 4 верасня 2010 года, завершыцца традыцыйная рэспубліканская навукова-творчая экспедыцыя “Дарога да святыняў”, маршрут якой па гарадах і раёнах Беларусі будзе ўзгоднены з мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам.

Цырымоніі ўрачыстага адкрыцця і закрыцця Дня беларускага пісьменства пройдуць на цэнтральнай плошчы на спецыяльна ўстаноўленай сцэне ў форме тэатралізаванага прадстаўлення па творах Івана Мележа, іншых беларускіх пісьменнікаў, услаўляючых Палессе. Завершыць святочны дзень 5 верасня канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі, сярод якіх заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль “Сябры”.

На сцэне ў гарадскім парку адбудуцца ўзнагароджванні пераможцаў і лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” і рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, літаратурнай крытыкі і дзіцячай літаратуры. Будуць праведзены прэзентацыі кніг, выдавецтваў, фестывалі кнігі, прэсы.

Цяпер рыхтуюцца да выпуску гісторыка-дакументальная кніга-альбом “Хойнікшчына – легенды, падзеі, людзі”, фальклорна-этнаграфічны зборнік, прысвечаны культурным традыцыям і народным абрадам Хойніцкага раёна. Акрамя таго, выдавецтва “Мастацтва і літаратура” рыхтуе кнігу серыі “Беларусь літаратурная”, прысвечаную паэтам і пісьменнікам Гомельскай вобласці. Міністэрствам інфармацыі будзе арганізавана перадача Хойніцкай бібліятэчнай сістэме больш за 2000 найменняў кніг беларускіх выдавецтваў.

Праект пратакола быў на руках ва ўсіх сабраўшыхся ў райвыканкоме. Кожны дэталёва пазнаёміўся з ім. Пасля чаго ўсе заўвагі, прапановы па розных пазіцыях былі абмеркаваны, каб з фінансавага пункту погляду ўсе грашовыя ўкладанні адпавядалі дзеючаму заканадаўству.

На дапрацоўку праекта пратакола дадзены тыдзень. Прадстаўнікі міністэрстваў, упраўленняў і служб Гомельскага аблвыканкома і Хойніцкага райвыканкома павінны ў адведзены тэрмін накіраваць у апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь прынятыя рашэнні. Пасля чаго змяненні ў два базавыя дакументы – пратакол даручэнняў і каштарыс расходаў – уносіцца не будуць. Усе рашэнні, прапісаныя ў іх апошняй рэдакцыі, павінны будуць бездакорна выкананы. Для забеспячэння своечасовага ўводу аб’ектаў афіцыйныя прадпісанні з указаннем тэрмінаў будуць накіраваны кожнаму выканаўцу.

Рабочае пасяджэнне Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенню Дня беларускага пісьменства ў Хойніках у такім жа пашыраным саставе намечана правесці ў канцы мая бягучага года.


Ірына ЛУКАШЭНКА.



Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, старшыня Нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенню Дня беларускага пісьменства Уладзімір Мікалаевіч Патупчык:

–  Пры вызначэнні сталіцы Дня беларускага пісьменства на 2010 год не выбіралі населены пункт як звычайна. Ен быў вядомы задоўга зараней, яшчэ ў 2008 годзе, калі Прэзідэнт краіны ў час чарговай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС наведаў Хойніцкі раён і падтрымаў ініцыятыву мясцовага насельніцтва аб гэтым. У сакавіку летась было адпаведнае даручэнне Кіраўніка дзяржавы.

 І гэта ўпаўне заканамерна – Хойнікі заслужылі таго, каб такое буйное ў маштабах краіны культурнае мерапрыемства праходзіла менавіта тут.

Каб дастойна падрыхтавацца, давядзецца ўкласці вялікія грашовыя сродкі – больш за 80 мільярдаў рублёў. З мэтай вызначэння крыніц фінансавання, зоны адказнасці кожнага выканаўцы так рана, у першай палове лютага, мы праводзім  першае пасяджэнне Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта. Каб было дастаткова часу на падрыхтоўку і правядзенне свята на высокім узроўні, каб усе, хто прыме ў ім удзел, былі прыемна здзіўлены. А што гэта будзе так, няма ніякіх сумненняў.

На Хойнікшчыне ёсць мясцовая спецыфіка, унікальныя традыцыі, таму па каларыту Дзень беларускага пісьменства будзе адрознівацца ад Смаргоні, Турава і інш. гарадоў, дзе ён раней адзначаўся.





Старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Серафімавіч Якабсон:

– Час, які прайшоў пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, можна падзяліць на тры перыяды: апусценне, калі сярод насельніцтва прысутнічалі шок і паніка, цяжкія работы па адраджэнню і  цяперашні час, калі мы навучыліся працаваць у поставарыйных умовах.

Чым дорага нам свята? Па-першае, тым, што далёка не самыя добраўпарадкаваныя ў вобласці Хойнікі набудуць новы “твар”. А гэта безумоўна надасць яго жыхарам упэўненасці ў заўтрашнім дні. Людзі павінны бачыць, што яны не пакінутыя. Пачатак гэтай справе быў пакладзены летась, калі ў райцэнтры на належным узроўні прайшло свята працаўнікоў вёскі Гомельшчыны “Дажынкі-2009”.

Пераканаўча прашу ўсіх кіраўнікоў устаноў, маючых дзяржаўную форму ўласнаці, і непадведамасных юрыдычных асоб уключыцца ў работу па гарачых слядах першага пасяджэння Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта, з усёй адказнасцю аднесціся да выканання пастаўленых задач. Адзначу, што непад’ёмных сярод іх няма.

 Адна ўмова – рыхтавацца трэба штодзённа, не адмахвацца ад праблем, а ўшчыльную дакранацца да іх і вырашаць у абавязковым парадку. Жыхары раёна і госці свята ў поўнай меры ацэняць ваш удзел у навядзенні парадку на зямлі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *