Родная вёска — дарога жыцця


Дырэктар КСУП “Велікаборскі” А. М. Тальчук лічыць, што самарэалізавацца  лепш за ўсё на роднай зямлі, там, дзе нарадзіўся, вучыўся, рабіў першыя крокі да сённяшняга прафесійнага статуса. Аб гэтым ён дзяліўся ў размове з карэспандэнтам “ХН” Клаўдзіяй Босак.

– Аляксандр Мікалаевіч, а што значыць для Вас паняцце “родная зямля”?


– У мяне яно непадзельна звязана з маёй  вёскай Вялікі Бор, адкуль адлучаўся хіба што толькі на вучобу пасля школы. У 1993 годзе закончыў Палескі саўгас-тэхнікум у г. Калінкавічы і атрымаў спецыяльнасць заатэхніка. Пасля ў саўгасе “Велікаборскі” два з паловай года працаваў загадчыкам малочнатаварнай фермы, затым такі ж час – начальнікам комплексу па адкорму жывёлы. Завочна ў 1997 годзе закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці “зоаінжынер”. Да 2007 года з’яўляўся галоўным заатэхнікам у сваёй гаспадарцы, з 2007 года – яе кіраўнік.

Тут жа стварыў сям’ю, мая жонка Марына Міхайлаўна выкладае нямецкую мову ў Велікаборскай сярэдняй школе. Хачу сказаць, што мая сям’я перадалася па спадчыне: мой бацька  Мікалай Дзмітрыевіч – працаўнік сельскай гаспадаркі, маці Антаніна Сямёнаўна – настаўніца. Якой яна будзе ў маіх нашчадкаў, пакуль гаварыць рана: сын Дзіма – першакласнік, а дачцы Тані ўсяго толькі годзік. Тым не менш, хачу, каб і яны пусцілі свае карані на роднай зямлі.

– Раней ва ўсіх калектывах працавала школа настаўніцтва, калі найбольш вопытныя работнікі вучылі маладых прамудрасцям прафесіі.

–  Для мяне настаўнікамі былі тагачасныя галоўны заатэхнік Рыгор Мікалаевіч Малянок і бухгалтар па жывёлагадоўлі Валянціна Васільеўна Шубянок, за што ім вельмі ўдзячны. Прыемна, што традыцыя гэтая захоўваецца.

– У гэтай сувязі хачу спытаць, якія ўмовы створаны ў “Велікаборскім” для маладых спецыялістаў?

– Стараемся забяспечыць жыллём, тым больш, што з узвядзеннем аграгарадка такая магчымасць з’явілася. Дом прысядзібнага тыпу на дваіх атрымалі прыезджыя галоўны эканаміст Наталля Сяргееўна Паўлава і начальнік аддзела кадраў Святлана Генадзьеўна Саханчук, жыллё мае і галоўны інжынер Сяргей Васільевіч Шапавалаў.

– Аляксандр Мікалаевіч, не хацелася б асабіста Вам памяняць вясковую прапіску на гарадскую?

– Скажу, што, нягледзячы на пэўныя складанасці працы ў сельскай гаспадарцы, я тут адчуваю сябе душэўна камфортна. І прычына не ў тым, што прызвычаіўся, а ў тым, што хутчэй можна бачыць канкрэтныя вынікі сваёй працы. І, будучы на дырэктарскай пасадзе, хачу многае зрабіць для роднай зямлі. Хачу, каб  маладыя людзі адчувалі сябе ўпэўнена і спакойна. Каб яны хацелі тут жыць, а не чакалі магчымасці з’ехаць. Каб сфарміраваліся свядомасць, пачуццё павагі да сваёй роднай зямлі, гордасці за яе. А кар’ерны рост магчымы не толькі ў вялікіх гарадах.


На здымку: А.М. Тальчук з жонкай Марынай і сынам Дзімам.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *