Уладзімір Далгалычанка


Грошы на той свет


Звечарэла. І свінцовая хмара, якая рухалася з боку ракі, накрыла вёску. Блакітныя маланкі калолі неба, прамежкі паміж імі і раскатамі грому станавіліся ўсё меншымі, каб, нарэшце, бліснуць і ляснуць адначасова, здаецца, над самым комінам хаты Васіля Зубкі. Жанчыны, якія прыйшлі пасядзець каля труны, у чарговы раз пачціва наклалі на сябе крыж і глянулі на ікону свяціцеля Міколы-Цудатворцы, які пальцамі правай рукі літарамі Ic Хе не то бласлаўляў іх, не то перасцерагаў.

Не чуў і не бачыў той навальніцы Зубка. Памыты і паголены, як ніколі ў жыцці сваім, ляжаў ён у труне. На белым, нерухомым, быццам гіпсавым твары пры ўспышках маланак панавала спакойная ўрачыстасць.

У беднасці і брудзе пражылі бяздзетныя Зубкі. Колькі і памятаюць вяскоўцы, пасвіў Васіль калгасных кароў і цялят, а яго Мар’яна калупалася ў агародзе. І рукі яе былі не святлей той зямлі, што апрацоўвала. Дзіву даваліся вяскоўцы, што пры нядрэнных заробках Васіль раніцаю, перад тым, як пагнаць жывёлу на пашу, размочваў у карыце каля цялятніка чорныя сухары і смачна іх еў. Можна было падумаць, што нехта зносіць тыя сухары ў начы, каб Зубка раніцаю паснедаў.

– Запалі, Мар’яна, святло! Ужо і дождж скончыўся, – сказала адна жанчына.

Пакой скупа асвятліўся заседжанай мухамі 25-ватнай лямпачкай. І перасталі скакаць на сценах пачварныя цені, што стварала запаленая свечка, якая стаяла ў шклянцы, напалову запоўненай жытам.

– А Божа ж ты наш! – пляснула ў далоні суседка Ганна. – Што гэта за падушку ты, Мар’яна, у труну паклала?

– Паміраў, дык прасіў, каб абавязкова гэтую… Ен заўсёды з ёй на печы спаў.

– І што ты кажаш? Шукай навалачку чыстую, сенам наб’ём. Што ж людзі скажуць пра цябе? – абуралася суседка.

Мар’яна заўпарцілася.  За ўсе гады, пражытыя з Васілём, яна слова не казала насупраць яму. А тут апошнюю волю не выканаць?

Доўга давялося пераконваць. Нарэшце здалася Зубчыха. Калі падсунулі пад галаву новую падушку, Ганна, якую ў вёсцы ніхто не мог пераспрачаць, сказала:

– А давайце, бабы, паглядзім, што ў той Васілёвай падушцы. Нешта падазрона цяжкая яна.

Як у ваду глядзела жанчына. Калі распаролі падушку, у скамечаным брудным пер’і аказаліся пачкі грошай: дзесяткамі, дваццацьпяткамі.

– Нічога сабе! Ды тут на дзве “легкавухі” хопіць! Навошта ж яму на тым свеце грошы? Вось табе: не піў і не курыў.., – разам загаманілі жанчыны. На іх моўчкі пазіраў з кута Мікола-Цудатворца, бласлаўляючы раскрыццё сквапнасці Васіля Зубкі, і, здаецца, адзін раз з адабрэннем маргнуў вачыма.

– З гэткімі грашыма, Мар’яна, табе яшчэ замуж ісці можна. Хто ж ад такога пасагу адмовіцца? – сказала Ганна.

Але грошы прапалі. Праз месяц распаўся вялікі і непарушны. А Мар’яна, мусіць, зноў некуды схавала грошы. І ніхто іх не знойдзе, і нікому яны цяпер не патрэбныя.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *