Мы дапамагаем у прафесійнай самарэалізацыі


Праектная магутнасць вучылішча разлічана на 600 вучнёўскіх месц. Для арганізацыі вучэбнага працэсу маюцца 12 кабінетаў, 3 майстэрні, 10 лабараторый і кабінетаў спецдысцыплін. У наяўнасці 12 трактараў, 15 аўтамабіляў, збожжаўборачны камбайн, іншая сельскагаспадарчая тэхніка, якая выкарыстоўваецца для працы на зямельным участку, які займае 88 гектараў, у распараджэнні ДПТВ-183 і 28 гектараў сада.

Не сакрэт, што апошнім часам моладзь з павагай ставіцца да рабочых прафесій. Прычым маладых людзей падтрымліваюць у гэтым і іх бацькі. У нашым калектыве заўважана тэндэнцыя: даволі часта на кансультацыі прыходзяць сем’і, у якіх бацькі маюць рабочыя прафесіі, многія займаюць на прадпрыемстве ўжо кіруючыя пасады, і менавіта яны хочуць, каб дзіця атрымала рабочую спецыяльнасць. Такое ж жаданне заўважана ў выпускнікоў школ, таму што наша вучылішча з’яўляецца стартавай пляцоўкай для атрымання вышэйшай адукацыі.

Зараз патрэбны не толькі юрысты, перакладчыкі, дызайнеры, псіхолагі, але і рабочыя высокай кваліфікацыі,  якія ў вострым дэфіцыце на рынку працы. Таму мэта дзейнасці нашай установы – падрыхтаваць рабочыя кадры для працы ў будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, гандлі і грамадскім харчаванні.

На працягу ўсяго існавання вучылішча, а створана яно было ў нашым горадзе ў 1976 годзе, прафарыентацыйнай рабоце надаецца першачарговае значэнне. Адбываюцца сустрэчы педагогаў і майстроў вытворчага навучання з выпускнікамі школ не толькі нашага, але і іншых раёнаў вобласці. У абавязковым парадку ў ходзе такога мерапрыемства знаёмім з гісторыяй, традыцыямі, сённяшнім днём вучылішча, умовамі, якія створаны для вучобы і быту навучэнцаў. Селёта ў гэтай справе ўкараняем мультымедыйныя навацыі – выраблены дыск, з якога пры дапамозе камп’ютэра аб усім можна даведацца ўвачавідкі.

Летась нашаму вучылішчу пашанцавала: колькасць выпускнікоў базавай школы, дзякуючы вяртанню да 11-годкі, павялічылася. З павелічэннем плана набору ўкамплектавацца ўдалося. Сярэдні конкурс па спецыяльнасці “тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ” склаў 2,5 чалавека на месца.

За апошнія гады адраснасць падрыхтоўкі рабочых значна павысілася, існуе поўная гарантыя працаўладкавання нашых выпускнікоў. Так, сёлетнія выпускнікі, ураджэнцы нашага раёна, якія складаюць 85 працэнтаў ад усіх, што ступяць на самастойную сцяжынку жыцця,  змогуць уліцца ў працоўныя калектывы заводаў гідраапаратуры і аўтарамонтнага, іх чакаюць у будаўнічых і дарожных арганізацыях раёна, у сельгаспрадпрыемствах і гандлі.

Падрыхтоўка рабочых ажыццяўляецца на падставе дагавораў. Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь   № 1702 ад 10.12.2007 г. “Аб зацвярджэнні палажэння аб размеркаванні выпускнікоў устаноў адукацыі, атрымаўшых прафесійна-тэхнічную, сярэдняспецыяльную або вышэйшую адукацыю” выпускнікі нашага вучылішча павінны адпрацаваць пасля яго заканчэння па атрыманай спецыяльнасці адзін год.

Між іншым, выдаткі на падрыхтоўку аднаго рабочага з кожным годам павялічваюцца: толькі за апошнія чатыры гады яны ўзраслі амаль удвая. Цяпер нарматыў бюджэтных выдаткаў складае ў сярэднім 5,3 мільёна рублёў. Таму цяжка не пагадзіцца з думкай, што працэс павелічэння аб’ёмаў падрыхтоўкі і выпуску  рабочых кадраў не можа быць бясконцым. Неабходна, каб за напаўненне рынку працы несла адказнасць не толькі сістэма адукацыі, але і заказчыкі кадраў, замацоўваючы ў сябе маладых спецыялістаў.

У бягучым навучальным годзе бюджэтнае фінансаванне нашай установы склала 1 мільярд 824 мільёны 136 тысяч рублёў. Ад пазабюджэтнай дзейнасці атрымана 158,5 мільёна рублёў, з іх чысты прыбытак – 86 мільёнаў рублёў.

Магу з упэўненасцю сказаць, што цяпер наша вучылішча не можа разглядвацца як “камера захоўвання для няўдачнікаў”. У першую чаргу – гэта інстытут развіцця, дзе маладым людзям даюць штуршок у новае дарослае жыццё, даюць прафесійны падмурак.

Мы ганарымся многімі нашымі выпускнікамі (за гады існавання вучылішча падрыхтавана больш за 9 тысяч рабочых кадраў), якія дасягнулі прафесійных вышынь, закончылі ВНУ, сталі кіраўнікамі сярэдняга і вышэйшага звяна на вытворчасці. Для многіх альма-матэр стала месцам далейшай працы – зараз яны вучаць юнакоў і дзяўчат таму, чаму іх вучылі педагогі і майстры вытворчага навучання старэйшага пакалення.


Запісала Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *