Кватэрнае пытанне


З 1 лютага па 1 мая сёлета праводзіцца ўдакладненне спіскаў грамадзян, што састаяць на чарзе ў райвыканкоме як маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Гэтае мерапрыемства набывае асаблівую актуальнасць у сувязі з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 543 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 лістапада 2005 г.  № 565”, які ўступіў у сілу 19 лютага.

Хайнічане хочуць ведаць, як адаб’ецца Указ № 543 на іх канкрэтнай кватэрнай сітуацыі. На найбольш тыповыя пытанні адказала начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва, ЖКГ і па праблемах ліквідацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС Р.І. КАРЖАНОК.

– Як улічваецца зараз жыллёвая плошча пры сумесным пражыванні? Гэта будуць квадратныя метры членаў сям’і або ўсіх прапісаных?

– Размова ідзе аб суміраванні агульнай плошчы жылога памяшкання пры пастаноўцы на ўлік маючых патрэбу.

Вось прыклад таго, як забяспечанасць агульнай плошчай разлічваецца зараз: сям’я з 5 чалавек жыве ў кватэры агульнай плошчай 50 квадратных метраў, значыць на кожнага прыходзіцца менш 10 кв. м. Аднак на ўлік становіцца не ўся сям’я з 5 чалавек, а трое. Прычым даведкі аб жылых памяшканнях, што знаходзяцца ва ўласнасці, запрошваюцца толькі на кожнага з гэтых трох. Што змянілася з 19 лютага? Даведкі будуць запрошвацца на ўсіх пецярых членаў сям’і, пражываючых у кватэры. Суміравацца будуць усе наяўныя ў іх жылыя памяшканні, а потым дзяліцца на колькасць пражываючых. Скажам, 50 кв. м плюс аднапакаёвая кватэра плошчай 40 кв. м у суме – 90 кв. м. Дзелім на 5 чалавек і атрымліваем 18. Падстаў для пастаноўкі на ўлік у сувязі з незабяспечанасцю агульнай плошчай жылога памяшкання ў гэтым выпадку няма.

– Хто адносіцца да членаў сям’і?

– Грамадзяне, якія адносяцца да членаў сям’і, вызначаны арт. 29 Жыллёвага кодэксу. Калі, напрыклад, у вас прапісаны стрыечная сястра або пляменнік, то яны правоў на пастаноўку на чаргу не маюць.

– А што датычыць пастаноўкі на ўлік маладых сем’яў?

– Гэта робіцца незалежна ад забяспечанасці агульнай плошчай жылога памяшкання ў выпадку, калі муж і жонка ўпершыню ўступілі ў шлюб, у іх няма ва ўласнасці кватэры (дома) і яны не з’яўляюцца наймальнікамі па дагавору найма жылога памяшкання дзяржаўнага жылога фонду. Акрамя гэтага, згодна з Указам № 543 такія сем’і таксама не павінны займаць аб’ект долевага будаўніцтва.

– Малады чалавек мае права стаць на чаргу і па месцы рэгістрацыі ў яго менш 15 метраў, але пры гэтым яго маці мае яшчэ ў горадзе кватэру. Яна будзе ўлічвацца пры суміраванні?

– Калі малады чалавек жыве разам з маці ў адной кватэры і на 19 лютага забяспечанасць агульнай плошчай жылога памяшкання складае менш 15 кв. м на аднаго чалавека, але пры гэтым у мамы ёсць яшчэ адна кватэра ў гэтым населеным пункце, усе жылыя памяшканні будуць суміравацца. Калі ж ён пражывае раздзельна (з бацькам, у жонкі і г.д.), кватэра маці суміравацца не будзе.

– Чалавек састаіць на ўліку маючых патрэбу ў жыллі і ўжо аднойчы карыстаўся льготным крэдытам. Ці можна ўзяць яго яшчэ раз, калі падыдзе чарга?

– Аднаразовасць прадастаўлення льготных крэдытаў адменена ў 2000 годзе. Паколькі ў заяўніка маецца ва ўласнасці жыллё, пры атрыманні льготнага крэдыту на будаўніцтва другой кватэры плошча кватэры, якая знаходзіцца ва ўласнасці сям’і, будзе ўлічвацца пры вызначэнні пэўных нарміруемых памераў ільготна крэдытуемай плошчы для сям’і, якая ажыццяўляе будаўніцтва з разліку 20 кв. м на 1 чалавека.

– Чарга ў райвыканкоме на паляпшэнне жыллёвых умоў перавышае 600 чалавек. І ці рэальна ў такім разе атрымаць кватэру?

– Адзіны спосаб, які дае рэальны шанс на гэта, – будаўніцтва кватэры на ўмовах жыллёвага кааператыву. У нашым горадзе па такому прынцыпу ўзведзены адзін шматкватэрны дом, сфарміраваны другі кааператыў, працягваецца работа па стварэнню трэцяга ЖБК. З мэтай узмацнення кантролю саміх грамадзян за ходам будаўніцтва і павышэння адказнасці заказчыка і падрадчыка за вынікі працы ва Указ № 43 “Аб дзейнасці арганізацый забудоўшчыкаў” унесены праект нормы, па якой перадачы функцыі заказчыка іншай арганізацыі (калі іх перадае жыллёва-будаўнічы камітэт) жыллёва-будаўнічы кааператыў управе ажыццяўляць кантроль за ходам будаўніцтва жылога дома, яго кошту, стану разлікаў з падрадчыкамі, праводзіць іншыя дзеянні, накіраваныя на своечасовае забеспячэнне ўводу жылога дома ў эксплуатацыю.

Важныя змяненні ўнесены і Указам № 367. У ім упершыню дакладна вызначаны набор форм узаемаадносін грамадзяніна і арганізацыі, якія павінны існаваць пры будаўніцтве жылля. Цяпер існуюць толькі тры віды дагавора па будаўніцтву: долевае будаўніцтва згодна з Указам Прэзідэнта № 396; дагавор будаўніцтва жылля ў саставе арганізацыі забудоўшчыкаў; будаўніцтва жылля з выкарыстаннем жыллёвых аблігацый.


Запісала Клаўдзія  МІКАЛАЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *