Поспех сам сабой не прыходзіць


16 лютага на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгледжаны пытанні: “Аб стане законнасці і правапарадку на тэрыторыі Хойніцкага раёна ў 2009 годзе”, “Аб ходзе падрыхтоўкі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў да правядзення веснавых палявых работ у 2010 годзе”, “Аб фінансава-эканамічным становішчы прадпрыемстваў і арганізацый, падведамасных выканаўчым і распарадчым органам Хойніцкага раёна, і мерах па іх фінансаваму аздараўленню ў 2010 годзе”.

Заслухаўшы і абмеркаваўшы інфармацыю пракурора Хойніцкага раёна В.І. Весялоўскага, садакладчыкаў начальніка РАУС Г.І. Гапоненкі, намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкома А.С. Содаль, вырашана прызнаць недастатковай работу па выкананню дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у пытаннях:

– аховы працы, тэхнікі бяспекі, працоўнага заканадаўства – КСУП “Веляцін” і ДБУ-23;

– выплаты дзіцячых дапамог – КУП “Эксбаза “Стралічава”, ДБУ-23;

– папярэджвання карупцыйных злачынстваў – ДЛГУ “Хойніцкі лясгас”, райспажыўтаварыства;

– выканання патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24.11.2006 г. № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях” – КУП “Эксбаза “Стралічава”, КСУП “Велікаборскі”, ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”.

Для прафілактыкі карупцыйных праяўленняў і правапарушэнняў зацверджана камісія ў складзе 13 чалавек, якую ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкома А.М. Іўкова (Комплексны план прафілактычных мерапрыемстваў па барацьбе са злачыннасцю і правапарушэннямі ў Хойніцкім раёне на 2010-2012 гады зацверджаны рашэннем райвыканкома ад 26.01.2010 г. № 76).

Да 1 сакавіка бягучага года  раённаму аддзелу ўнутраных спраў даручана сфарміраваць банк даных аб бацьках, маючых на ўтрыманні дзяцей непаўналетняга ўзросту, ужываючых спіртныя напіткі, забяспечыць штомесячны ўлік і перадачу прадпрыемствам раёна, сельскім выканаўчым камітэтам звестак банка даных аб гэтых асобах. Старшыні праўлення райспажыўтаварыства Н.У. Тараевай прыняць меры па недапушчэнню фактаў продажу алкагольных напіткаў і піва непаўналетнім.

Непаваротлівасць на месцах кіраўніцтва і адказных – адзіная прычына недастатковай работы па падрыхтоўцы сельгаспрадпрыемстваў “Агракамбінат “Віць”, “Эксбаза “Стралічава”, “Веляцін”, “Судкова”, “Велікаборскі”, “Хойніцкі Аграсервіс” да веснавых палявых работ у 2010 годзе. Зрывы ў выкананні графіка рамонту трактараў, пасяўных і глебаапрацоўчых агрэгатаў відавочныя, на выпраўленне сітуацыі часу ў абрэз – да 15 сакавіка. Дбаць трэба не толькі аб гатоўнасці тэхнікі, але і аб тым, чым сеяць будзем. Да 20 сакавіка пастаўлена задача зрабіць выбарку элітнага насення, яравых збожжавых і зернебабовых культур, да 25 сакавіка – насення кукурузы і шматгадовых траў.

Па стану на 1.01.2010 г. стратных і неплацёжаздольных  прадпрыемстваў (арганізацый), якія знаходзяцца ў распараджэнні райвыканкома, не маецца. Але разам з тым не можа не хваляваць рост іх дэбіторскай і крэдыторскай запазычанасці ў параўнанні з 1.01.2009 г. на 31 і 505 млн. руб. адпаведна.

Выхад са склаўшайся сітуацыі – прыняцце дзейсных мер па фінансаваму аздараўленню, сярод якіх мерапрыемствы па зніжэнню затрат, эканомія рэсурсаў, павышэнне кваліфікацыі кадраў, атрыманне дзяржаўнай падтрымкі пры ўмове выканання ўсіх даведзеных эканамічных паказчыкаў. 

 Поспех сам сабой не прыходзіць. Да яго вядуць поўная аддача на рабочым месцы, штодзённы аналіз і кантроль, дысцыпліна і парадак.


Ірына ЛУКАШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *