Непераможная і легендарная


На чацвёртым годзе першай сусветнай вайны старая армія царскай Расіі маральна разлагалася, фронт развальваўся. Нямецка-аўстрыйскія дывізіі, гатовыя да наступлення, замёрлі на рубяжы Рыга-Дзвінск-Баранавічы-Пінск-Чарнаўцы-Ізмаіл. Здрадніцкая палітыка Троцкага, які заявіў на перагаворах у Брэст-Літоўску: “Ні вайны, ні міру”, дазволіла рушыць праціўніку свае дывізіі ў глыбіню краіны.

15 студзеня 1918 года Савет Народных Камісараў прыняў пастанову аб стварэнні рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, а 29 студзеня – Дэкрэт аб стварэнні  рабоча-сялянскага Чырвонага Флоту. 21 лютага ён звярнуўся да народа з напісаным У.І. Леніным зваротам “Сацыялістычная краіна ў небяспецы!”

Па гэтаму закліку першыя часці маладой Чырвонай Арміі выступілі супраць выдатна ўзброеных нямецкіх войск, у цяжкіх баях пад Нарвай, Псковам і Ровелем 23 лютага наступленне ворага было спынена. У памяць аб гэтай падзеі і ўстаноўлена свята Дзень Чырвонай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту (зараз Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь).

 Узброеныя Сілы краіны адстаялі свабоду і незалежнасць дзяржавы ў гады грамадзянскай вайны і іншаземнай інтэрвенцыі. Гераічныя і трагічныя падзеі таго часу, якія размежавалі краіну на два лагеры, вызначылі і лёс  ураджэнцаў Хойнікшчыны. Многія з іх зрабілі свой выбар і сталі на бок новай улады. На Заходнім фронце ўдзельнічалі ў баях 22 нашыя землякі. Андрэй Цімафеевіч Кудрыцкі з вёскі Алексічы (у асобнай інжынернай роце), Сямён Яфімавіч Зелянкоўскі з в. Бабчын (у роце сувязі),  хайнічане Канстанцін Іосіфавіч Прызван (тэлеграфіст 15-га асобнага батальёна сувязі), Уладзімір Андрэевіч Цішкевіч (начальнік сувязі 6-га стралковага палка) і іншыя.

На Усходнім фронце ваявалі Мікалай Сямёнавіч Дзяйкун з в. Карчовае (у саставе 1-га Багунскага палка), Аляксандр Ігнатавіч Амельчанка (кулямётчык кананерскай лодкі “Горды”), Іван Мікалаевіч Чэкан з в. Малішаў (у Чангарскай кавалерыйскай дывізіі арміі Будзённага). Герасім Міронавіч Стэльмах з вёскі Барысаўшчына – удзельнік рэвалюцыйных падзей, быў дэлегатам 2-га Усерасійскага з’езда Саветаў. А Іван Фёдаравіч Бурак з г. Хойнікі ў снежні 1917 года шаснаццацігадовым юнаком стаў чырвонагвардзейцам 5-га Ноўгарадскага атрада, які пасля ўліўся ў 199-ты стралковы полк. Быў кулямётчыкам, ваяваў супраць Урангеля, удзельнічаў у баях на Кахоўскім плацдарме і ў штурме Перакопскага перашыйка. Вызначыўся ў бітве за Турэцкі вал, дзе быў кантужаны, але не спыніў кулямётнага агню. Быў узнагароджаны орэнам Чырвонага Сцяга.

За мужнасць у баях з немцамі на Петраградскім напрамку ордэнамі Чырвонага сцяга былі ўзнагароджаны камандзір кулямётных разлікаў Іван Дзянісавіч Філімонаў і ўраджэнец в. Руднае, камандзір артдывізіёна, які разграміў атрад палякаў у раёне Храпкаў-Казялужжа, Іван Харытонавіч Пішчаў.

Усяго на Усходнім фронце змагаліся 27 нашых землякоў.

Славілі сцяг перамогі чырвонаармейцы і ў бітвах з японскай арміяй у 1938 годзе на Далёкім Усходзе каля возера Хасан і ракі Халхін-Гол, а таксама ў 1940 годзе з фінамі, дзе была ўзята самая моцная па таму часу лінія Манергейма. Яна налічвала 456 жалезабетонных умацаванняў з гарматна-кулямётным узбраеннем, 2735 гранітных і драўляных агнявых кропак глыбінёй абароны ў 90 кіламетраў. У цяжкіх кліматычных умовах, па глыбокім снезе, у 40-градусны мароз давялося штурмаваць чырвонаармейцам гэтую крэпасць.У час штурму быў цяжка паранены наш зямляк з в. Пудакоў Лаўрэнцій Міхайлавіч Лазовік. За мужнасць ён быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.

Асабліва суровым выпрабаваннем для Чырвонай Арміі была Вялікая Айчынная вайна. Неўміручай славай пакрыла яна сябе пад Смаленскам, дзе 80 дзён ішлі баі, пад Масквой у 1941 годзе, пад Сталінградам у 1943-м, на Курскай дузе. А аперацыі 1944-1945 гадоў прывялі да поўнай капітуляцыі фашысцкай Германіі. За кароткі 23-сутачны тэрмін жніўня 1945 года была разгромлена мільённая Квантунская армія.

З гонарам нясуць сёння службу Айчыне многія нашы землякі, у ліку іх выдатнік баявой і палітычнай падрыхтоўкі гвардыі радавы Аляксей Леанідавіч Шаўкуноў, радавыя Якаў Віктаравіч Слушны і Віктар Яўгеньевіч Новікаў і іншыя. Слаўныя  баявыя традыцыі жывуць і прымнажаюцца.


М. СКРЫПЧАНКА,
старшыня раённай ветэранскай арганізацыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *