Як ваякі разбуранае адбудоўвалі


Летам 2006 года пашчасціла сустрэцца ў Бабруйску са стрыечным братам народнага пісьменніка БССР І.П. Мележа Іллёй Дзмітрыевічам Мележам у дзень яго 80-гадовага юбілею. Многа расказваў ён аб сваім жыццёвым шляху, у тым ліку і аб тым, як ужо ў канцы вайны, у 1945 годзе, яго, афіцэра-панфілаўца, камандзіра роты, ардэнаносца пасля ранення прыкамандзіравалі да МУС і накіравалі ў Беларусь, у Бабруйск, працаваць намеснікам начальніка лагера ваеннапалонных па ахове і рэжыму.

– Такое назначэнне, – гаварыў Ілля Дзмітрыевіч, – спачатку абурыла. Як гэта баявому афіцэру прыглядваць за палоннымі немцамі? Аднак загад ёсць загад, ён не абмяркоўваецца, а выконваецца, тым больш, што загадала партыя.

Чакаў самага горшага. Аднак гэта былі не тыя немцы, ад іх ваяўнічасці і духу не засталося. Многія трапілі ў палон у 1942-1943 гадах, вывезены за Урал, дзе былі сканцэнтраваны ваенныя заводы Савецкага Саюза. А пасля таго, як наша армія пагнала фашыстаў на захад, услед за фронтам былі перакінуты і яны, у тым ліку і ў Беларусь.

Рэспубліку патрэбна было падымаць з руін і папялішчаў, а рабочых рук не хапала. Цяжка сказаць, колькі лагераў было раскідана па Беларусі. Толькі ў Бабруйску ў 1945 годзе іх было тры, не менш і ў Мінску. У кожным утрымлівалася па 2-3 тысячы ваеннапалонных.

Сродкаў і часу на будаўніцтва баракаў не хапала. Проста выбіраўся найбольш уцалелы раён горада. Яго тэрыторыя абгароджвалася, па перыметру выстаўляліся вартавыя вышкі.

Прывозілі ў Беларусь і нямецкіх салдат, якія былі ўзяты ў палон у Еўропе.

Лагеры выконвалі дзве функцыі. Першая – гэта ўзнаўленне разбуранага вайной горада, другая – фільтрацыя ваеннапалонных. НКУС шукаў тых, хто ўдзельнічаў у карных аперацыях супраць мірнага насельніцтва. Палоннага дапытвалі, вызначалі, у якім падраздзяленні ён служыў, па трафейных і ўласных дакументах. Калі аказвалася, што вінаваты, вывозілі на месца злачынства для апазнання, затым судзілі.

Належачыя да СС і СД паскаралі пошук. Справа ў тым, што ў салдат гэтых дывізій на бядры была татуіроўка з эмблемай сваіх фарміраванняў. Мусіць, даніна модзе.

Цяжкі то быў час. Ніхто не наядаўся “да адвалу”, аднак сказаць, што палонныя галадалі, было б саграшыць супраць ісціны. Ніхто не прымушаў працаваць іх да знямогі. Не было эпідэмій. На тэрыторыі лагера пастаянна знаходзіўся фельчар. Канвою і лагернаму начальству было забаронена прымяняць да палонных фізічную сілу. Яны мелі права паскардзіцца. Мне вядомы выпадкі, калі за жорсткае абыходжанне з палоннымі канваіры атрымлівалі пакаранне.

Была і гаўптвахта. Туды садзілі за грубае парушэнне лагернага рэжыму. Пакаранне адбывалася згодна са Статутам Савецкай Арміі. Ахова гаўптвахты фарміравалася з ліку ваеннапалонных.

У Бабруйску немцы будавалі гідролізны завод. Кіраваў будоўляй нямецкі інжынер Гортвіг. Ен асабіста пераправяраў усе разлікі, сачыў за якасцю бетона, адбіраў лес. Гортвіга цанілі. У адрозненне ад іншых ён карыстаўся шэрагам ільгот, меў права без аховы хадзіць па гораду.

За работу немцам плацілі, прычым па расцэнках, прынятых для савецкіх спецыялістаў. З зарплаты вылічвалі за ўтрыманне, астатняе выдавалі на рукі, каб маглі купіць мыла, цыгарэты, прадукты ў ларках, што знаходзіліся на тэрыторыі лагера.
                        
(Заканчэнне будзе.)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *