У гонар абаронцаў Айчыны


Вытокі свята – Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – у гераічным мінулым нашай дзяржавы, у багацейшых патрыятычных традыцыях нашага народа. Яно сімвалізуе вернасць воінскаму абавязку, гатоўнасць да самаахвяравання ў імя свабоды і незалежнасці.

У мерапрыемствах, якія прайшлі ў нашым раёне з нагоды свята, удзельнікі іх нізка схілялі галовы перад светлай памяццю тых, хто не вярнуўся з палёў бітваў, выказвалі глыбокую ўдзячнасць жывым героям, аддаючы даніну павагі іх стойкасці, мужнасці, вернасці доўгу, клятве, салдацкаму братэрству. Іх бессмяротныя подзвігі ў імя Радзімы аб’ядноўвалі і будуць аб’ядноўваць не адно пакаленне беларусаў у імкненні да міру і працвітання нашай дзяржавы.

Урачыстасці з нагоды Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь прайшлі 23 лютага ў глядзельнай зале ГЦКіС “Меліяратар”.

Адкрыла мерапрыемства старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.М. Рабінкіна. Яна павіншавала сабраўшыхся ў зале мужчын, расказала аб гісторыі ўзнікнення свята, а затым уручыла кветкі і памятныя медалі “У азнаменаванне 130-годдзя з дня нараджэння І.В. Сталіна” ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і працы А.А. Марыновічу і М.С. Скрыпчанку (на здымку).

Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” М.А. Косар уручыў Ганаровую грамату за  актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці, асабісты ўклад у дасягненне стабільнасці ў грамадстве, кансалідацыю афіцэрскага саставу, захаванне і прымнажэнне традыцый воінскага братэрства, перадачу баявога і службовага вопыту асабоваму саставу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, абарону законных правоў і інтарэсаў ваенаслужачых запасу і ў адстаўцы, членаў іх сем’яў, героіка-патрыятычнае выхаванне моладзі і падрыхтоўку юнакоў да службы ў арміі старшаму лейтэнанту запасу, начальніку Хойніцкага цэха МВУ “Рэчыцаміжрайгаз” В.Р. Акшэсяку.

Змястоўнай была і канцэртная праграма. Са сцэны для абаронцаў Айчыны гучалі песні аб мужнасці, вернасці, каханні і любві да Радзімы. Кожнае выступленне суправаджалася бурнымі авацыямі – раўнадушных у гэты вечар не было.


Тэкст і фота Вольгі АНАТОЛЬЕВАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *