Начны званок


Надзежда Пятроўна – маці-адзіночка. Дачцы Святлане дзевятнаццаць гадоў, студэнткай стала. А маці ў дзверы стукаецца пяты дзесятак. І усё ж кахання хочацца так шчымліва, як некалі ў юнацтве. Часта ўспамінае ўтульную, усю ў зеляніне сваю вёску і маці, якая шынкуе на кухні капусту.

– Што з табою, Надзейка? – пытаецца маці. – Можа, у школе непрыемнасці?

– Так кахання хочацца, мамачка. Вялікага, як мора!..

– Не чакай яго і не кліч, – абдымае маці мяккай рукой, – само прыйдзе і знойдзе…

Ці прыходзіла?  Надзея перабірае ў памяці сполахі пачуццяў і партрэты тых, хто іх правакаваў. Атрымліваецца, што ганарыцца няма чым. Дробныя, як пасля дажджу лужынкі, ніводнага мора, нават маленькага азярца. І ўсе такія прымітыўныя, быццам маліноўская шклянка з вадою. Дзе тое зліццё роднасных душ, дзе захапленне ад сумесных адкрыццяў?

– Драма старасці не ў страце здароўя, а ў страце гармоніі, – зрабіла Надзежда маленькае філасофскае адкрыццё. – Душа нібы скрыпка: усё такая ж маладая і адчувальная на дотык смычка, а футляр да яе пацёрты, зношаны. Хто ж паверыць, што ў ім схавана чароўная музыка?

Як бы многа яна дала зараз свайму выбранніку! Колькі нерастрачанай, усёпаглынаючай пяшчоты, колькі мудрасці і самаадданага кахання, якое не ведае эгаізму!

Надзежда Пятроўна стомлена зайшла ў кватэру, балюча апусцеўшую пасля     ад’езду дачкі на вучобу, скінула чабоцікі і паліто, пайшла мыць рукі. Вось і ўсё, што ёй засталося ў гэтым жыцці – цьмяны быт і ламота ў суставах, ды яшчэ, як сурагат забытага свята, – аб’яданне ў адзіноце каля тэлевізара.

…Разбудзіў тэлефонны званок. І далёкі паўзабыты голас з мяккай картавінкай запытаў:

– Магу я пачуць непараўнальную Надзежду Пятроўну?

Капрызны лёс вырашыў пагуляць у вялікадушнасць і падкінуць ёй маленькі сюрпрыз. У памяці ўсплыў вобраз выпадковага паклонніка на адным з абласных семінараў – кругленькі, ружовашчокі і салодка-ўгодлівы. А яе ўвагай моцна-такі завалодаў іншы – з арыстакратычнымі манерамі і талентам акцёра. І яна, паддаўшыся пачуццю, сарвалася з тармазоў і падмачыла сваю рэпутацыю ў вачах калег з іншых райцэнтраў, думаючы, што робіць гэта ў пары. На справе ж толькі памножыла славу старога сэрцаеда.

Памяць сфатаграфавала завідкі і шэпт салідных дам, крывыя ўсмешкі калег і ліпкія, як смала, погляды кругленькага, лысенькага.

І вось цяпер, праз два гады, як ні ў чым не бывала, ён так рассыпаўся ў кампліментах. Сарамлівы паклоннік запрашаў прыехаць яе ў абласны цэнтр, дзе ён загадзя забраніруе два адзіночныя нумары ў гасцініцы.

Нічога не адказаўшы, паабяцала перазваніць,  паклала трубку і вярнулася ў ложак.

Сон ужо не ішоў.

– А можа, я да яго была несправядлівая? – спачатку падумала, з надзеяй адчуваючы, як, спрасаваная ў душы адзінота, падымае бунт. – Можа, ён і ёсць той мужчына, які сагрэе душу, упрыгожыўшы маю восень золатам?

– Не! – гаварыў другі голас. – Ен жа жанаты чалавек, дзеці ўжо дарослыя. Адчуць сябе гасцінічнай дзеўкай?..

Кахання ўжо не хацелася. Затое да болю хацелася застацца ў сваёй утульнай кватэры, каля тэлевізара, які заўсёды гатовы падарыць сустрэчу з сапраўдным мужчынам.

Што гэта? Старасць? Слабасць? Стомленасць? Або мудрасць, якая падказвае, што кожнаму фрукту – свой час, і смешна апранацца ў спаднічку юнацтва, спадзеючыся на запозненую сустрэчу з Адзіным? А можа, тая самая самадастатковасць, якая даецца ва ўцеху, калі скрыпка яшчэ спявае, а футляр зношаны да непрыстойнасці?

…За вакном стаяла бязгучная зорная ноч, створаная для дваіх, з  Млечным Шляхам, які кліча ў невядомасць, з Вялікай Мядзведзіцай і залатым, гатовым адрэзаць усё лішняе, серпікам Месяца.


Рыгор  СІДАРОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *