Прыгожыя, шчырыя, ветлівыя


Так можна сказаць пра жанчын, якія працуюць у магазіне “Галантарэя” райспажыўтаварыства.


15 год загадчыцай яго з’яўляецца Ганна Васільеўна Лукашэнка. Нарадзілася яна ў вёсцы Казялужжа, закончыла васьмігадовую школу, Гомельскае кааператыўнае вучылішча. Пачынала працоўную дзейнасць прадаўцом магазіна ў вёсцы Храпкаў. Лічыць сябе шчаслівай у сямейным жыцці: разам з мужам выхавалі трох сыноў, далі ім вышэйшую адукацыю. Старэйшы Алег жыве і працуе ў Мінску, сярэдні Вадзім – у Мазыры, малодшы Іван – у Хойніках. На радасць бабулі растуць  пяцёра ўнукаў. Нягледзячы на занятасць, трымае невялікую гаспадарку. У час адпачынку любіць пачытаць газеты, тэлевізар паглядзець, асабліва праграму “Чакай мяне”.

Прадавец першай катэгорыі Н.Р. Валяватая (на здымку злева) нарадзілася ў в. Дворышча,  закончыла курсы прадаўцоў у Хойніках.  Працуе ў “Галантарэі”  25 год. Па яе словах,  думкі аб тым, каб змяніць месца працы, не ўзнікала ніколі. У Наталлі Рыгораўны двое дарослых сыноў, старэйшы нясе службу ў ДАІ, малодшы – у Адміністрацыі зон адчужэння і адсялення. Увішная гаспадыня, Наталля Рыгораўна вольны час прысвячае хатняй гаспадарцы, агароду, вырошчвае і даглядае кветкі, якія лічыць самым прыгожым і дарагім падарункам.

Соф’я Васільеўна Кушнір (на здымку справа) таксама прадавец першай катэгорыі. Нарадзілася ў вёсцы Ломыш. У 1976 годзе закончыла кааператыўнае вучылішча ў Гомелі, а ўжо ў 1977-м прайшла стажыроўку і засталася працаваць у “Галантарэі”. Шэсць месяцаў назад на свет з’явілася ўнучка Ксюша – бабуліна радасць і маленькае сонейка. 

Падтрымлівае чысціню і парадак у магазіне  прыбіральшчыца Яўгенія Пятроўна Туравец, таксама ўраджэнка вёскі Ломыш. Хоць і працуе тут адносна нядаўна (1,5 гады), у калектыве яе паважаюць. 17 гадоў адпрацавала яна ў сферы грамадскага харчавання. Выхавала 5 дзяцей, мае 12 унукаў. 

 Жанчыны, якія  працуюць у “Галантэрэі”, разумеюць, што  ад узроўню культуры абслугоўвання пакупнікоў, уважлівасці, ветлівасці, у многім залежыць рэпутацыя любой гандлёвай кропкі, таму пастаянна працуюць над павышэннем прафесійнага іміджу.

Ідуць гады, мяняецца ў лепшы бок аблічча нашых магазінаў. Пры гэтым адно застаецца нязменным: пра “Галантарэю” па-ранейшаму многія гавораць “мой любімы магазін”!


Тэкст і фота Алены СМУСЯНОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *