З пакалення мужных


За кварталам шматпавярховых дамоў у будзённых клопатах шуміць горад. А ў чыстай і ўтульнай аднапакаёвай кватэры па вуліцы Калесніка, 6, ціха і спакойна. Напэўна тут лепш, чым у іншым месцы нашага райцэнтра адчуваецца подых вясны, яе ўладарны крок. Гутарым з гаспадыняй кватэры Аленай Людвігаўнай Шаціла, жанчынай, якая “зрывае” са свайго жыццёвага календара лісты 87-гадовай вартасці. Лёс яе, як дзве кроплі вады, падобны на лёс дзесяткаў тысяч маладых людзей перадваеннага пакалення, на долю якога выпала і жорсткае ваеннае ліхалецце, і стваральная праца ў перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі, і цяперашняе мірнае жыццё.

З павагай гляджу на рукі Алены Людвігаўны, якія перабіраюць асабістыя дакументы і ўзнагароды, перагортваюць старонкі альбома. І быццам увачавідкі бачу тое, аб чым яна гаворыць.


ПАЧАТАК ПАЧАТКАЎ


Нялёгка даваўся кавалак хлеба, не даводзілася бавіць час у дзіцячых гульнях. Бацька, Людвіг Вікенцьевіч, баец Гомельскага чырвонагвардзейскага атрада, удзельнічаў у грамадзянскай вайне, ваяваў на Заходнім фронце. Зрубіў сабе дом у Хойніках. Тут яны з жонкай Мальвінай Станіславаўнай нарадзілі і гадавалі шасцярых дзяцей, з якіх Алена была малодшай. Аднак вайна дала аб сабе знаць: з-за атрыманых  раненняў рана пайшоў з жыцця.

Дзяўчынка вучылася ў школе і шчыравала на калгасным палетку разам з дарослымі. Хто-хто, а яна ўмела працаваць. Менавіта гэтым і вызначалася сярод сваіх старэйшых сябровак.

Ей выпала магчымасць стаць “вучонай” – пасля васьмігодкі да сябе, у Буда-Кашалёва, забрала старэйшая сястра, уладкавала на курсы бухгалтараў у Гомелі. Пасля іх заканчэння Алена працавала ў лясной гаспадарцы  Станіслаўскай вобласці Заходняй Украіны. Тут і пачула жудасную вестку аб  гітлераўскім нападзе на Савецкі Саюз.


ДАРОГА НА ПОЎДЗЕНЬ


Эшалон з эвакуіраванымі быў у дарозе амаль месяц пад няспыннымі варожымі бамбёжкамі. Прыбылі ў пасёлак каля горада Мінеральныя Воды, дзе былі раскватараваны. На першым часе Алена працавала ў калгасе на ўборцы кавуноў і абрыкосаў (там іх упершыню паспрабавала на смак), сланечніку, пшаніцы, затым яе прызначылі ўчотчыцай. У зімовы час выконвала абавязкі бухгалтара ў нарыхтоўчай канторы. А наступнай вясной захварэла на малярыю. Доўга выходжвалі яе гаспадыня кватэры са сваімі дзецьмі. Малады арганізм справіўся з хваробай.

Усім думалася, што вайна не будзе доўгай. Аднак полымя яе ўсё разгаралася, вораг падступаў і да гэтага паўднёвага населенага пункта вялікай краіны. Усіх мужчын прызвалі на фронт, засталіся толькі старыя і дзеці. Таму і мясцовыя жыхары, і эвакуіраваныя разам працавалі над стварэннем абарончых збудаванняў.

Калі пасёлак занялі немцы, група моладзі вырашыла вярнуцца дамоў, з Беларусі Алена была адна. Вяртанне дамоў расцягнулася таксама на доўгі час. Прыехаўшы ў Гомель, першай справай пайшла на базар і купіла бохан хлеба. Гэта была яе ежа на тры дні, пакуль пехатой дабіралася да Хойнік, дзе год пражыла на акупіраванай тэрыторыі. Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў некаторы час працавала ў Паселічах, адкуль была мабілізавана ў дзеючую армію.


ФРАНТАВЫЯ БУДНІ


Ваенную прысягу Алена Людвігаўна прымала ў Брэсце, там яна разам з дзяўчатамі-аднагодкамі з многіх гарадоў СССР вучылася на тэлефаністку. А непасрэдна ваявала ў арміі маршала Ракасоўскага ў саставе зенітна-артылерыйскага палка ў польскім горадзе Беластоку. Абавязкам сувязістак была перадача даных, атрыманых ад разведчыкаў, аб руху варожай тэхнікі на камандны пункт.

Пры перадыслакацыі на Варшаву непадалёку ад машыны разарвалася бомба, ад выбуху Алена на тыдзень страціла слых. Але гэта было нішто ў параўнанні з тым, што давялося перажыць на фронце, калі смерць хадзіла побач, калі страчвала баявых сяброў. І тым больш радаснай была вестка аб заканчэнні кровапралітнай  вайны. На ўсё жыццё запомніўся Алене Людвігаўне яе першы дзень – 22 чэрвеня 1941 года. Яшчэ больш адбіўся ў памяці Дзень Перамогі – 9 мая 1945 года.


ЖЫЦЦЕВАЕ КРЭДА


Так, нялёгкі лёс выпаў на долю гэтай жанчыны. І гэта не гучныя словы. Аднак Алена Людвігаўна Шаціла лічыць сябе шчаслівай. Шчаслівай салдацкім братэрствам: да гэтага часу вядзе перапіску з аднапалчанкай Ірынай, якая жыве ў Новасібірску. Сустракалася ў Маскве з сяброўкай Аляксандрай з Комі, якая, на жаль, ужо пайшла з жыцця. Не прапускае ніводнага фільма пра вайну, якія паказваюць па тэлевізары – у той час гартавалася яе маладосць.

Шчаслівая сваёй працай: нягледзячы на тое, што не мела спецыяльнай адукацыі, Алене Людвігаўне не было роўных сярод бухгалтарскіх работнікаў у леспрамгасе і на заводзе ЖБВ, адкуль выйшла на заслужаны адпачынак і гэтае прадпрыемства выдзеліла кватэру. У яе працоўнай кніжцы – толькі падзякі за добрую працу. У час свят А.Л. Шаціла апранае касцюм, на якім прымацаваны ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені – адзнака ваеннай мужнасці і гераізму.

Праз усё жыццё пранесла Алена Людвігаўна сваё першае каханне – чалавек, з якім марыла звязаць свой лёс, Пятро, ураджэнец Прыбара, што каля Гомеля, з якім вучылася на бухгалтарскіх курсах, прапаў без вестак на фронце.

Але адзіноты не адчувае, гаворыць, што ёй пашанцавала на суседзяў. Раз-пораз у кватэры раздаецца тэлефонны званок – гэта цікавяцца здароўем, расказваюць пра свае справы пляменнікі і ўнукі.

Скідак на ўзрост Алена Людвігаўна не робіць. На свой лёс не прывыкла скардзіцца.  Яе крэда – рух. Гэта не толькі работа па дому, але і пешыя прагулкі. “Трэба варушыцца, каб хваробы не дагналі”, адзначыла мая субяседніца, чалавек, які ўнёс і сваю часцінку ў тое, каб  свяціла яркае сонца, каб заўсёды неба было мірным.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *