Піць або не піць?

Законнасць і парадак

Іван-царэвіч выбіраў з трох дарог адну, як вядама з казкі. А алкаголіку трэба выбіраць з дзвюх: падацца ў абдымкі да белай гарачкі або рашуча адмовіцца да скону дзён сваіх, “завязаць” і нават не глядзець у бок спіртнога. Амаль гамлетаўскае пытанне “Быць або не быць?..” паўстала перад самагоншчыкамі і выпівохамі ў сувязі са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія ўступілі ў дзеянне з 23 лютага 2010 года. Якія змены адбыліся ў сувязі з гэтым у раёне? – пытанне да першага намесніка начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў райвыканкома С.А. БАРЫСЕНКІ:


– У рабоце  супрацоўнікаў аддзела ніякіх змен. Яны, як і раней, нясуць службу па забеспячэнню правапарадку. Некалькі, як кажуць, “развязаны па руках” у падыходах да катэгорыі людзей, якія парушаюць антыалкагольнае заканадаўства.


Першыя “ластаўкі” падляцелі ўжо пад дзеянне змяненняў і дапаўненняў  у кодэксе. У прыватнасці, два жыхары горада будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за самагонаварэнне. Суд вырашыць ім меру пакарання. А выраб фізічнымі асобамі моцных алкагольных напіткаў, паўфабрыкатаў для іх вырабаў, а таксама захоўванне апаратаў самагонаварэння цягнуць папярэджанне або накладанне штрафу да 5 базавых велічынь з канфіскацыяй апаратаў і ўказаных вырабаў. Тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання або захоўванне моцных алкагольных напіткаў (самагону) больш за 5 літраў, паўфабрыкатаў (брагі) больш за 30 літраў – накладанне штрафу ад 5 да 30 базавых велічынь (гэта больш за 1 мільён рублёў) з канфіскацыяй усяго пералічанага.


У КСУП “Велікаборскі” выяўлены факт знаходжання на рабочым месцы члена працоўнага калектыву ў п’яным стане. І тут ужо “добры” начальнік не прыкрые выпівоху, бо гэтая катэгорыя парушальнікаў выдзелена ў асобны пункт 2 артыкула 17.3. Аддзелацца штрафам ад 1 да 10 базавых велічынь шанцаў мала, бо, згодна з Дэкрэтам № 1 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, такі чалавек належыць звальненню.


За распіццё алкагольных, слабаалкагольных напіткаў або піва ў грамадскім месцы, або з’яўленне ў грамадскім месцы, або на працы ў стане алкагольнага ап’янення атрыкулам 17.3 прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Максімальны памер штрафу за гэтае правапарушэнне складае 15 базавых велічынь (больш за 500 тысяч рублёў).


Па вобласці з 23 лютага па 3 сакавіка на аматараў распіваць піва ў грамадскіх месцах складзена больш за 200 пратаколаў. У нашым раёне пакуль не зарэгістравана такіх выпадкаў. Але гэта не значыць, што ўсе сталі законапаслухмянымі.


Вельмі падрабязна аб усіх змяненнях і дапаўненнях у Кодэксе  аб адміністрацыйных правапарушэннях і працэсуальна-выканаўчым Кодэксе паведамлялася ў матэрыяле “Адказнасць узмоцнена”, які быў змешчаны ў № 10 “Хойніцкіх навін” за 10 лютага 2010 года. Я ж яшчэ звярну ўвагу чытачоў на тое, што парушэнне правілаў гандлю, якое выявілася ў продажы алкагольных, слабаалкагольных напіткаў або піва непаўналетнім, цягне накладанне штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь. А незабеспячэнне пасадавай, юрыдычнай асобай або індывідуальным прадпрымальнікам, ажыццяўляючымі рэалізацыю гэтых напіткаў, кантролю за іх продажам, пацягнуўшае паўторнае здзяйсненне гэтага дзеяння – штраф у памеры ад 30 да 50 базавых велічынь.


Беспакаранымі не застануцца і наведвальнікі самагонных “кропак”. Набыўшы там самагонку або брагу яны маюць усе шанцы, на лепшы выпадак, быць папярэджаны або заплаціць штраф у памеры 5 базавых велічынь. Вядома ж набыты “тавар” будзе канфіскаваны.


Хаця заканадаўцы, на мой погляд, не канчаткова расставілі кропкі над “і”. Да прыкладу, у артыкуле 12.43 КаАП у пунктах 1 і 2 гаворыцца аб канфіскацыі самагоннай вадкасці і брагі і не ўдакладняецца куды яе падзець. Аднак законы, як і загады, не абмяркоўваюцца, а выконваюцца.


Запісаў Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *