Сіла — у арганізатарскай дзейнасці


Сярод галіновых прафсаюзаў Хойнікшчыны раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу самая шматлікая. У параўнанні з 2005 годам у сувязі з рэарганізацыяй сельгаспрадпрыемстваў зменшылася колькасць пярвічных арганізацый, аднак павялічыўся ахоп прафсаюзным членствам да 99 працэнтаў і па стану на 1 студзеня 2010 года колькасць  членаў прафсаюза склала 3588 чалавек. Аб гэтым у пачатку свайго даклада на VІІ раённай справаздачна-выбарнай канферэнцыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК паведаміла яе дэлегатам старшыня райкома В.В. ХАРОШКА.

Работа райкома і ўсяго прафсаюзнага актыву ў справаздачны перыяд была накіравана на рэалізацыю распрацаваных і зацверджаных планаў і мерапрыемстваў, якія прадугледжвалі выкананне кантрольных і абаронных фунцый з арганізатарскай дзейнасцю ў працоўных калектывах. Важнае месца займалі пытанні сацыяльнага партнёрства, практыка развіцця якога ўдасканальваецца праз сістэму пагадненняў і калектыўных дагавораў, дзеянне якіх зараз распаўсюджана на 3199 чалавек.

Аднак у многіх  калектыўных дагаворах ёць упушчэнні. Да прыкладу, без увагі пакінуты грамадскія інспектары, не былі ўнесены пункты аб адлічэнні грашовых сродкаў прадпрыемствамі на рахункі прафсаюзных арганізацый для правядзення культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў, прапаганды здаровага ладу жыцця і адраджэння нацыянальнай культуры, іншыя сацыяльна значымыя мэты ў памеры не менш чым 0,3 працэнта ад фонду заработнай платы. У некаторых арганізацыях не заўсёды забяспечваецца своечасовае і якаснае падвядзенне вынікаў выканання дагавораў. Кіраўнікі і старшыні прафкомаў КСУП “Судкова”, эксбазы “Стралічава” не заўсёды падыходзяць з высокай адказнасцю максімальна вырашыць працоўныя і сацыяльна-эканамічныя праблемы работнікаў праз двухбаковыя абавязацельствы. Імі не вытрымліваюцца тэрміны і працэдуры заключэння дагавораў, своечасовага ўнясення ў іх змяненняў і дапаўненняў, кантролю за ходам выканання. Са станоўчага ж боку ў гэтым напрамку адзначана на канферэнцыі работа ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку, КСУП імя Мележа, на заводзе жалезабетонных вырабаў.

Шмат месца ў справаздачным дакладзе ўдзелена пытанням прафілактычнай работы па папярэджванню вытворчага траўматызму і прафесійнай захворваемасці, навядзенню парадку на рабочых месцах, умацаванню працоўнай дысцыпліны, выкараненню п’янства на вытворчасці. Для маральнай і матэрыяльнай зацікаўленасці працаўнікоў ужо другі год арганізуецца раённы агляд-конкурс па ахове працы. Нямала зроблена па навядзенню парадку на тэрыторыях прадпрыемстваў, па абсталяванню бытавых памяшканняў, многія прафсаюзныя камітэты выдзяляюць грашовыя сродкі на касметычны рамонт, набыццё мэблі ў пакоі адпачынку, выраб інфармацыйных стэндаў (КУП “Аравічы”, ПДРЭЗ, КСУПы імя Мележа, “Судкова”).

З удзелам прафсаюзаў праведзена вялікая работа па атэстацыі рабочых месц. Сфарміравана сістэма прафілактычнай работы па папярэджванню сямейнай неспрыяльнасці, аднак не ў поўнай меры выкарыстоўваецца наяўны патэнцыял па наладжванню прафілактычнай работы з абавязанымі асобамі і асобамі, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі.

Важная задача кіраўнікоў і прафкомаў – мабілізаваць людзей на выкананне прагнозных паказчыкаў, павышэнне эфектыўнасці вытворчасці. Стала традыцыяй правядзенне на раённым узроўні спаборніцтваў на ўборцы ўраджаю, нарыхтоўцы кармоў. З мэтай прапаганды перадавога вопыту, павышэння маральнай і матэрыяльнай зацікаўленасці працаўнікоў у справаздачным перыядзе праводзіліся раённы і абласны конкурсы аператараў машыннага даення, “Лепшы малады араты”,  а таксама “Лепшая маладая сям’я года”, шоу “Каханне з першага погляду” . Актывізавалася дзейнасць з моладдзю.

У дакладзе і ў выступленнях дэлегатаў канферэнцыі падкрэслівалася неабходнасць фарміравання здаровага ладу жыцця ў членаў прафсаюза праз арганізацыю культурна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў, не трэба забываць тых людзей, якія пайшлі на заслужаны адпачынак, падтрымліваць акцыю, аб’яўленую Гомельскім аб’яднаннем прафсаюзаў, “Адзінокім ветэранам – наш клопат”.

Слушнымі, з канкрэтнымі прапановамі паляпшэння прафсаюзнай работы былі выступленні старшынь прафкомаў завода ЖБВ Л.А. Валасюк, КСУП імя Мележа А.М. Карніцкага і казначэя прафсаюзнай арганізацыі ПДРЭЗ С.В. Ціток.

На канферэнцыі выбраны новыя саставы раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК і прэзідыума райкома, рэвізійная камісія і дэлегаты на VІІ Гомельскую абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю прафсаюза работнікаў АПК.

Старшынёй райкома прафсаюза адкрытым галасаваннем аднагалосна выбрана В.В. Харошка.

У рабоце канферэнцыі прыняў удзел, выступіў і ўручыў Ганаровыя граматы абкома прафаюза работнікаў АПК актывістам прафсаюзнага руху яго старшыня М.І. Садчанка, група прафсаюзных актывістаў узнагароджана Граматамі райкома прафсаюза.


Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *