На шляху да рэканструкцыі


У суботу, 6 сакавіка, наш раён у рамках планавай паездкі па вобласці наведаў першы намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь У.І. Сямашка. У паездцы таксама прынялі ўдзел старшыня Гомельскага аблвыканкома А.С. Якабсон, першы намеснік міністра энергетыкі Э.Ф. Таўпянец і генеральны дырэктар дзяржаўнага вытворчага аб’яднання “Белпалівагаз” Л.І. Рудзінскі. Асноўнай мэтай візіту ў Хойнікі стала знаёмства з вытворчасцю торфабрыкетнага завода.

Сітуацыя на торфабрыкетным заводзе “Хойніцкі”,  які ў 2007 годзе змяніў форму ўласнасці і стаў філіялам РУП “Гомельаблпаліва”, на сённяшні дзень складаная. З 2007 па 2009 год дабыча торфу павялічылася з 88,5 да 106,6 тысячы тон, вытворчасць паліўных брыкетаў – з 22,3 да 25,2. Аднак рэнтабельнасць завода за мінулы год склала мінус 36,8%. Прычына – у праводзімай рэканструкцыі, на якую галаўное прадпрыемства затрачвае сродкаў на суму намнога большую, чым завод вырабляе прадукцыі. Да таго ж, у сувязі з рэканструкцыяй па плану сёлета будзе зменшана здабыча торфу да 90 тон, выпуск брыкету – да 25 тон. На рэнтабельную работу завод павінен выйсці ўжо ў 2012 годзе пасля рэканструкцыі і мадэрнізацыі.

У час візіту было ўзнята пытанне будаўніцтва ў горадзе міні-ТЭЦ на мясцовым відзе паліва. Як паведаміў У.І. Сямашка, перад рэспублікай зараз стаіць задача – да 2015 года каля 25% электрычнай і цеплавой энергіі павінны вырабляцца міні-ТЭЦ на мясцовым відзе паліва. У час прыняцця рашэння аб рэканструкцыі і развіцці Хойніцкага торфабрыкетнага завода было прапанавана і кацельню замяніць на сучасную міні-ТЭЦ. Аднак выказваліся думкі, што паколькі ў Хойніках няма ні значнай электрычнай, ні цеплавой нагрузкі летам, будаўніцтва міні-ТЭЦ пераходзіць у разрад неэфектыўных затрат.

У час абмеркавання далейшых дзеянняў было вырашана, што да канца сакавіка ў Міністэрстве эканомікі будуць разгледжаны планы: па будаўніцтву міні-ТЭЦ і рэканструкцыі існуючай кацельні. Канчатковы выбар будзе зроблены зыходзячы з эканамічнага эфекту для ўсёй краіны.


Ірына НОВІКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *