Вось дык даюць велікаборцы!

Сельское хозяйство

1Вось за што мне падабаюцца велікаборскія механізатары, дык гэта за добрае пачуццё гумару і пазітыў. «О! Наталі прыехала! Як справы? Сфатаграфуй вось таго нашага камбайнера, ён абяцаў жонцы, што трапіць у раённую газету», – заўважыўшы мяне, ні то жартам, ні то ўсур’ёз просяць мужчыны. Ну і як тут адмовіць? Тым больш, калі чалавек сапраўды стараецца. Але адным здымкам не абмежаваліся – арганізавалі фотасесію для ўсіх экіпажаў.

6На першым камбайне – Уладзімір Кот і Міхаіл Бойка. Адзін працуе ў прафесійным ліцэі, другі – у ПМС. На час водпуску вырашылі пайсці на ўборачную і не пашкадавалі. «Нам вельмі падабаецца! На наступны год, калі будзе магчымасць, таксама пойдзем на жніво!», – у час пазіравання зазначаюць мужчыны.

2Наступны экіпаж у складзе Сяргея Тальчука і Рамана Касько. Нядаўна ў іх камбайне зламаўся рухавік (а гэта паломка сур’ёзная!), але яго аператыўна зрабілі – за два дні, якраз дажджлівыя, і вось яны зноў у страі.

5Не маглі мы абмінуць вопытнага вадзіцеля Рыгора Сачанку, які задзейнічаны на адвозцы збожжа. Ён у гаспадарцы працуе амаль з дзяцінства. Васемнаццаць сезонаў быў камбайнерам, убіраў збожжа яшчэ на «Ніве», «Доне», а цяпер вось шэсць гадоў за баранкай МАЗа.

4О! А гэта пастаянны герой публікацый нашай газеты, такі аптымістычны, прыемны ў зносінах мужчына – Мікалай Гатальскі. Увесну ён сеяў, а цяпер убірае ўраджай. «Колькі ўжо намалацілі?» – пытаюся ў Мікалая Рыгоравіча. «Крыху больш за трыста тон, але тысячу «ўзяў», ці паўтары – гэта ж не важна, для мяне галоўнае – убраць хлеб спаўна». І такое стаўленне да працы сапраўды заслугоўвае павагі. Вельмі стараецца і яго напарнік Васілій Бараш, для якога гэта трэцяе жніво.
А вось Андрэй Кузьменка і Аляксандр Ляднёў на ўборачнай упершыню. Але маладзёжны экіпаж стараецца ні ў чым не ўступаць вопытным калегам. Усяго ж у гаспадарцы задзейнічана пяць збожжаўборачных камбайнаў. Яны ў полі з раніцы і да позняга вечара. Калі б не дажджы, дык, напэўна, ужо б скончылі ўбіраць.

3Цяпер надышоў час раскрыць інтрыгу загалоўка гэтай публікацыі. Велікаборцы даюць… рэкордную ўраджайнасць! Летась яны атрымлівалі па 23,2 цэнтнера з гектара, і гэта была нагода для радасці. А сёлета з кожнага гектара тут у сярэднім намалочваюць па 26 цэнтнераў. Асабліва ўрадзілі азімае жыта (36,5 ц/га) і яравы ячмень (47,2 ц/га). Такіх паказчыкаў не прыпомняць даўно. Цікаўлюся ў в.а. дырэктара КСУП «Велікаборскі» В.Б. Кузьменкі, як удалося дасягнуць такіх вынікаў? На што ён адказвае: «Мы прадбачылі, што будзе засуха, і ў час пасяўной выбіралі месцы, дзе ўтрымліваецца больш вільгаці, да таго ж унеслі ўсе неабходныя ўгнаенні, якасна правялі пасяўныя работы». Атрымліваецца ўсё ж, што і пры беднай урадлівасці глебы можна ўздымаць планку.
Па стану на 30 ліпеня, у гаспадарцы ўбралі 54% плошчаў, намалацілі 1033 тоны збожжа. Жадаем велікаборцам не збаўляць тэмпы і па заканчэнні парадаваць усіх нас рэкордным ураджаем.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *