Па прыкладу брата


У Гомельскі інжынерны інстытут Міністэрства па надзвычайных сітуацыях я паступіў пасля заканчэння трэцяй гарадской сярэдняй школы. У гэтым бачыў добры прыклад майго стрыечнага брата Аляксандра Алегавіча Кузьменкі, які зараз займае пасаду намесніка начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Ен многа расказваў пра сваю вучобу ў ВНУ, пра будні выратавальнікаў.

Зараз вучуся на трэцім курсе інстытута. І змог ужо ўпэўніцца ў тым, што прафесійны выбар не выпадковы. У маёй навучальнай установе створаны ўсе ўмовы для набыцця спецыяльнасці – добра аснашчаныя памяшканні вучэбна-лабараторнага і спартыўнага комплексу, інтэрнат, бібліятэка, сталовая, медыцынская часць, клуб. Маецца база для вадалазнай, водна-выратавальнай і парашутна-дэсантнай падрыхтоўкі. Штогод на базе інстытута праводзяцца міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, да цяперашняга часу заключана 9 дагавораў аб супрацоўніцтве з буйнымі ВНУ Расійскай Федэрацыі і Украіны.

Па ўзгадненню і пры дапамозе аблвыканкома ў інстытуце створаны ўзвод ганаровага каравула, які з’яўляецца пастаянным удзельнікам усіх значных мерапрыемстваў, што праводзяцца ў Гомелі і населеных пунктах вобласці.

Насычанае і культурна-масавае жыццё – праводзяцца акцыі грамадзянска-патрыятычнага, маральна-духоўнага і соцыакультурнага характару, агляды-конкурсы мастацкай самадзейнасці і КВЗ, турніры па інтэлектуальных гульнях.

Інстытут ажыццяўляе падрыхтоўку кадраў вышэйшай кваліфікацыі па спецыяльнасці “папярэджванне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый”. Навучанне праводзіцца па дзённай форме (тэрмін 4 гады)  і завочнай (5 гадоў).

Прымаюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь ва ўзросце ад 17 да 23 гадоў, маючыя агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную або сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю, таксама асобы пасля службы ў арміі ва ўзросце да 25 гадоў. З 2006 года праводзіцца штогадовы набор дзяўчат у колькасці 6 чалавек.

Для ўдзелу ў іспытах абітурыентам неабходна прадставіць сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання па фізіцы, матэматыцы, рускай (беларускай) мове. Кандыдаты таксама здаюць экзамены па фізічнай падрыхтоўцы. У 2009 годзе конкурс на дзённую форму навучання склаў 6,3 чалавека на месца, на завочную – 3,3.

Пасля заканчэння дзённай формы навучання курсантам прысвойваецца першае спецыяльнае званне “лейтэнант унутранай службы”, усе выпускнікі працаўладкоўваюцца на службу ў органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь на пасады сярэдняга і старшага начальніцкага саставу.

Для афармлення дакументаў на паступленне (не пазней 1 красавіка 2010 года) і атрымання больш падрабязнай інфармацыі раю звяртацца ў РАНС па адрасу: г. Хойнікі, вул. Лермантава, 1а, тэл. 3-38-39.


А. ЛАЗОВІК,
курсант ГІІ МНС Рэспублікі Беларусь.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *