Яны – шчаслівыя

Людзі і лёсы

P7158315

Споўнілася роўна 50 гадоў, як у актах грамадзянскага стану з’явіўся запіс аб рэгістрацыі шлюбу Фёдара Уладзіміравіча Цыруліка і Вольгі Васільеўны Слінчук.

З 1965 года пара Цырулік жыве ў ладзе і згодзе, а залатое вяселле – цудоўная нагода сабраць усіх членаў дружнай сям’і і павіншаваць юбіляраў. Бо вяселле – гэта сямейнае свята, якое яднае ўсіх дамачадцаў і дзяцей вакол заснавальнікаў, дае магчымасць адчуць адзінства родных і блізкіх, таму што пачуццё сямейнай падтрымкі, пачуццё прыналежнасці да нечага агульнага вельмі важнае для кожнага чалавека.

Рэкамендуючы нам залатых маладажонаў, упраўляючая справамі Алексіцкага сельвыканкама Таццяна Сямёнаўна Піліпейка не магла стрымаць эмоцый:
– Гэта людзі дабрэйшай, шчадрэйшай душы. У каго аб іх ні спытаеце – ніколі слова дрэннага не пачуеце ні аб бацьках, ні аб дзецях. І калі ёсць у свеце ўзор прыстойнасці, сапраўднай ідыліі, дык гэта сям’я Цырулік.
Наступная размова з гасціннымі гаспадарамі ўтульнага доміка па вуліцы Рабочая, 7 аграгарадка Глінішча ўпэўніла ў тым, што гэтае выказванне прадстаўніка мясцовай улады не перабольшана.

А пачалася гэта гісторыя ў 1965 годзе. Маладую дзяўчыну Вольгу, выпускніцу Бярозаўскай СШ, што ў Калінкавіцкім раёне, запрыкмеціў юнак з суседняй вёскі, на пяць гадоў старэйшы, які толькі што вярнуўся са службы ў арміі. Гэта было каханне з першага погляду. Сустракаліся нядоўга, іх вяселле раздзялілася на два этапы. Спачатку – роспіс у Бярозаўскім сельскім Савеце. Выбралі 12 ліпеня, таму што ў сем’ях прытрымліваліся рэлігійных канонаў, а ў гэты дзень адзначалася прастольнае свята святога Пятра.
Надвор’е было, як па заказу, сонечнае і цёплае. Разам з дружкамі, з жартамі і прымаўкамі маладыя адправіліся пехатой у сельсавет. Нявеста была апранута ў пышную белую сукенку, на яе галаве красаваўся вэлюм са штучных кветачак з прышытымі стужачкамі. Згодна з урачыстасцю быў апрануты і жаніх.
Як было заведзена на вёсцы, у першы дзень вяселля гасцей прымаў бок нявесты, на другі – маладую сустракалі ў доме мужа.
Муж і жонка Цырулік і зараз, праз 50 гадоў, са смехам успамінаюць, як шматлікія вузлы пераносілі на плячах іх вясельныя дружкі: як і належыць добрай нявесце, у Вольгі быў вялікі пасаг – падушкі, коўдры, фіранкі…

Сямейнае гняздзечка пачалі віць у вёсцы Юравічы ў сямідзесятых гадах мінулага стагоддзя. На той час Фёдар працаваў вадзіцелем, гэтай прафесіі ён прысвяціў усё сваё жыццё, а Вольга, маючы на руках нованароджаную дачку, паступіла на вучобу ў Мазырскі педагагічны інстытут на факультэт пачатковых класаў. Вучылася завочна, малую дапамагалі глядзець бацькі і муж. Спачатку Вольга Васільеўна працавала настаўніцай у Слабодскай васьмігадовай школе Калінкавіцкага раёна, стаж на гэтай пасадзе склаў 10 гадоў. А потым яна была выбрана сакратаром Юравіцкага сельсавета, дзе таксама адпрацавала столькі ж гадоў, і па мэтавым накіраванні закончыла Маскоўскі ўсесаюзны завочны юрыдычны інстытут, вучылася на факультэце правазнаўства.

У 1990 годзе сям’я Цырулік пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў вёску Глінішча, дзе ёй прапанавалі добраўпарадкаванае жыллё, і месцы працы для мужа і жонкі знайшліся.
З гэтага часу работа Вольгі Васільеўны была звязана з Глінішчанскай сярэдняй школай – старшай піянерважатай працавала больш чым год, затым завучам па выхаваўчай рабоце, а з 1991 па 2008 год узначальвала калектыў школы на дырэктарскай пасадзе.

IMG_8128У працы, клопатах аб сям’і прайшлі лепшыя гады мужа і жонкі Цырулік. Вольга Васільеўна як педагог пастаянна працавала над сабой, была простым і інтэлігентным, добрым і патрабавальным чалавекам, а галоўнае – любіла дзяцей. Гэтую мілую і душэўную жанчыну любяць усе яе вучні, бо адчуваюць чалавека са шчырым сэрцам, з адкрытай душой. Яна з радасцю ішла на работу, з усмешкай сустракала сваіх вучняў, з жаданнем падзяліцца вопытам з пачынаючымі педагогамі. Вольга Васільеўна настолькі кампанейскі і таварыскі чалавек, што проста не ўяўляе сябе без калектыўнай справы: з юнацтва спявала ў хоры, танцавала, выступала ў драмгуртку. Імкненне да творчых зносін у яе захавалася і да гэтага часу.
Такім жа старанным працаўніком быў і Фёдар Уладзіміравіч Цырулік, кіраваў грузавым аўтатранспартам, працуючы ў калгасе, і аўтобусам, ажыццяўляючы перавозкі дзяцей. Пасля выхаду на пенсію яшчэ працаваў вартаўніком у Глінішчанскай школе.

А між тым, у жыцці Цырулікі ўсяго да-біваюцца самастойна, сваёй працай. Яны сапраўды багатыя людзі на дабрыню, цярпенне і энергію. Іх натруджаныя рукі перарабілі столькі спраў, што і не пералічыць. Кожную раніцу яны ўстаюць з думкамі паспець бы справіцца з запланаванай работай. І спраўляюцца. Яны – добры прыклад для пераймання сваім дзецям і ўнукам.
Гледзячы на бацькоў, кемлівымі і працавітымі раслі іх дзеці. Старэйшая дачка Тамара, якая сёлета адзначыць свой 50-ты дзень нараджэння, выбрала для сябе прафесію па прыкладу маці: закончыўшы Гомельскае музычнае педвучылішча, выкладае музыку ў школе ў Юравічах. Яна падарыла бацькам трох унукаў, адзін з іх, Васілій Бельскі, жыве ў Глінішчы, працуе ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве токарам, у яго самога ўжо два сыны.
Сяргей, сын залатых маладажонаў, жыве ў суседняй Украіне – у Славуцічы працуе інжынерам на атамнай станцыі, выхоўвае сына.
Сённяшняе прадаўжэнне роду Цырулік – чацвёра ўнукаў і тры праўнукі, усе яны з павагай і пашанай адносяцца да бабулі з дзядулям, акружылі іх клопатам і ўвагай. Тыя ж стараюцца пачаставаць дзяцей варэннямі-саленнямі, кампотамі, напекчы ўсемагчымых бліноў і пірагоў – Вольга Васільеўна вельмі здатная кулінарка.

Сёння на жыццё сям’я Цырулік не скардзіцца. Канешне, здароўе ўжо не тое, што было некалькі дзесяткаў гадоў назад, ад вялікай гаспадаркі, якая была раней, давялося адмовіцца. Хаця прысядзібны ўчастак апрацоўваюць, пры гэтым гаспадыня вялікую ўвагу надае добраўпарадкаванню падворка. Самыя любімыя яе кветкі – цюльпаны, не можа дачакацца вясны, каб налюбавацца іх цвіценнем. Яны не надакучаюць. І кожную новую кветку ўспрымае як вялікую радасць.
Золата бывае розным – метал, узнагарода, сэрца, душа. А яшчэ бывае золата пражытых гадоў, як у сям’і Цырулік. Аднойчы і на ўсё жыццё яны заключылі трывалы сямейны саюз і ўдзячныя лёсу за гэта. І няхай іх жыццёвы шлях не быў усыпаны ружамі, яны – шчаслівыя. Хочацца, каб такі іх стан працягваўся яшчэ многія гады, а ўслед за такой значнай падзеяй наступалі новыя сямейныя юбілеі, якія адзначаць у коле родных і дарагіх людзей.

На залатым вяселлі Ф.У. Цырулік прэзентаваў для сваёй жонкі вось гэты верш. Думаем, што такі падарунак хацелі б атрымаць многія сямейныя юбіляркі.

Сегодня у нас юбилей,
Сегодня свадьба золотая,
Налей, любимая, налей,
А то чего-то не хватает.
Налей хорошего вина,
Ты не суди меня так строго,
Мы не напьёмся допьяна,
Нам нужно вспомнить
очень много.
Друзей забытых имена,
Как отыскали мы друг друга,
Полвека ты моя жена,
Полвека верная супруга.
Припомним свадьбу
летним днём,
Когда от счастья
мы светились,
Нам хорошо было вдвоём,
Наши сердца соединились.
Пускай не в роскоши мы жили,
Терпели беды и нужду,
Но деткам сызмальства
привили
Любовь к родным,
любовь к труду.
Налей, любимая, родная,
Нам до краёв бокал налей –
Сегодня свадьба золотая,
У нас сегодня юбилей.

Клаўдзія БОСАК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *