Дзяржаўныя прэферэнцыі — магчымасць пашырэння бізнесу


Дэкрэт “Аб стымуляванні вытворчасці і рэалізацыі тавараў (работ, паслуг)” датычыць арганізацый, у тым ліку і з замежнымі інвестыцыямі, якія створаны з 1 красавіка 2008 года, знаходзяцца і дзейнічаюць у нашым горадзе, які адносіцца да населеных пунктаў з колькасцю насельніцтва да 50 тысяч чалавек. Гэтыя арганізацыі на працягу пяці гадоў з дня іх стварэння вызваляюцца ад абавязковага продажу замежнай валюты, паступіўшай па здзелках з юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, якія з’яўляюцца нерэзідэнтамі, ад рэалізацыі тавараў, работ або паслуг уласнай вытворчасці. Гэта распаўсюджваецца і на здачу маёмасці ў арэнду.

Шэраг прэферэнцый устаноўлены для камерцыйных арганізацый пры рэгуляванні цэн на тавары і пры ўстанаўленні заработнай платы работнікам.

Калі арганізацыі ажыццяўляюць гаспадарчую дзейнасць па вытворчасці тавараў або работ і паслуг уласнай вытворчасці, то яны маюць права самастойна ўстанаўліваць зарплату работнікам і прымяняць свабодныя цэны на тавары ўласнай вытворчасці. Пры гэтым зарплата не павінна быць ніжэй вызначанага Саветам Міністраў мінімальнага памеру, а цэны не павінны закранаць сацыяльна значныя тавары па пераліку, які таксама зацвярджаецца Саўмінам. Больш таго, суб’екты гаспадарання могуць самі вызначаць пастаўшчыкоў або пакупнікоў прадукцыі, умовы рэалізацыі вырабленай прадукцыі, а таксама ўмовы, аб’ёмы і віды закупляемай сыравіны, камплектуючых і матэрыялаў. Есць у іх і права страхаваць свае маёмасныя інтарэсы ў страхавых арганізацыях, страхавых брокераў, створаных за межамі Беларусі.



Сёння ў нашым раёне працуюць 250 індывідуальных прадпрымальнікаў і 43 юрыдычныя асобы. Такі выбар прафесійнай самарэалізацыі невыпадковы: камерцыйныя арганізацыі, створаныя на Хойнікшчыне, вызвалены ад уплаты шэрагу падаткаў і маюць права карыстацца пэўнымі льготамі.



Аднак ільгаціраванне залежыць ад віду дзейнасці і не на ўсе арганізацыі яно распаўсюджваецца. Калі гаварыць аб відах дзейнасці, то льготамі не могуць скарыстацца камерцыйныя арганізацыі, якія ажыццяўляюць, да прыкладу, дзейнасць у сферы гульнявога бізнесу або перапрацоўку, захоўванне, абясшкоджванне, рэалізацыю радыеактыўных і іншых небяспечных матэрыялаў, вытворчасць і выпуск масавай інфармацыі, уключаючы дзейнасць у галіне радыёвяшчання і тэлебачання, а таксама лячэнне жывёлы з асабліва небяспечнымі захворваннямі. Гэта ж датычыць арганізацый, якія займаюцца вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі і ўплачваючых адзіны падатак для вытворцаў сельгаспрадукцыі і г.д.

Ільготы не распаўсюджваюцца на банкі, небанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі, інвестыцыйныя фонды, страхавыя арганізацыі, прафесіянальных удзельнікаў рынку каштоўных папер, рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон і Парка высокіх тэхналогій, арганізацыі, прымяняючыя спрошчаную сістэму падаткаабкладання.

У нашым раёне зацверджаны і выконваецца план па правядзенню маніторынгу сітуацыі ў прадпрымальніцкай дзейнасці суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу на першае паўгоддзе бягучага года. Згодна з ім ужо сёлета праведзены тры сходы з прадпрымальнікамі: на міні-рынку горада, на рынку “Калгасны” і ў актавай зале райвыканкома з удзелам спецыялістаў аддзела эканомікі, прадстаўнікоў райспажыўтаварыства, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Асноўныя пытанні, якія абмяркоўваліся, – гэта захаванне належнага санітарнага стану, выкананне супрацьпажарных і іншых патрабаванняў, заключэнне дагавораў арэнды і ўзаемадзеяння з раённым саветам індывідуальных прадпрымальнікаў.

Дзяржавай прадастаўлены шматлікія прэферэнцыі для прадпрымальнікаў, аднак бізнес павінен быць чэсным і адкрытым, за гэта павінны несці адказнасць суб’екты прадпрымальніцтва.


А. ІЎКОВА,
намеснік старшыні
райвыканкома.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *