Жніво на фінішы: гэты тыдзень выдаўся спрыяльным для хлебаробаў

Сельское хозяйство

IMG_9426Сёлета пяць абласцей краіны плануюць убраць як мінімум па 1 млн. тон збожжа. Выключэнне, па прагнозах спецыялістаў, складзе Гомельшчына.

З-за складаных умоў надвор’я ў нас разлічваюць сабраць каля 800 тысяч тон збожжа. Да заканчэння ўборачнай кампаніі ў вобласці застаюцца лічаныя працэнты плошчаў, але забягаць наперад і падводзіць вынікі пакуль усё ж рана.

Гэты жнівеньскі тыдзень выдаўся надзвычай спякотны – вельмі спрыяльны для хлебаробаў. Выкарыстоўваючы добрую магчымасць, яны адразу разгарнулі работы на поўную магутнасць. У той час, калі большасць людзей знемагалі ад спякоты і шукалі паратунку каля вадаёмаў, па хвалях нівы залатой да гарызонту плылі караблі-камбайны. Камбайнеры і вадзіцелі, кіраўнікі гаспадарак і аграномы – усе жывуць па асабліва напружанаму графіку. З ранку да змяркання ў гэтыя гарачыя летнія дні на палях і старшыня райвыканкама Аляксандр Іванавіч Ціток.

IMG_9429Ацэньваючы сёлетняе жніво, кіраўнік раёна адзначае, што спёка перашкодзіла выйсці на лепшы паказчык па ўраджайнасці, бо калі налівалася зерне, яму не хапала вільгаці, а калі пайшлі дажджы, то яны ўжо не маглі карэнным чынам паўплываць на сітуацыю. У параўнанні з мінулым годам мы адстаём па ўраджайнасці прыкладна на 8-9 цэнтнераў з гектара. Калі памножыць на 12 тысяч гектараў, то атрымліваем, на жаль, немалыя лічбы…

Але Аляксандр Іванавіч не прывык скардзіцца і спісваць недахопы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я, наадворот імкнецца ўлічваць на будучае ўсе недапрацоўкі, знаходзіць рацыянальнае выйсце з любых, самых складаных сітуацый.

Штодзень бываючы ў гаспадарках, ён зазначае, што ў цяперашнім становішчы варта рабіць стаўку на высокую якасць, дбайнасць і беражлівасць усім, хто задзейнічаны на ўборачнай. Ставілася задача правесці жніво без страт – вельмі акуратна ўбіраць літаральна кожны каласок, падбіраць кожнае зярнятка.
Кіраўнік раёна заўжды цікавіцца справамі людзей: ніколі не праедзе міма агранома – абавязкова спыніцца, каб даведацца, як справы (хаця і без таго валодае ўсімі лічбамі), падыйдзе да камбайнераў у час абедзеннага перапынку, каб высветліць: ці добра кормяць і які ў іх настрой. Калі работа спорыцца – абавязкова пахваліць, калі ёсць праблемы – укажа. Да кожнага свой падыход, і ўсё на пільным кантролі.

Мяркуючы па даных раённай зводкі, сёлета добра спрацавалі аграсервісаўскія і веляцінскія работнікі, у іх самая вялікая ўраджайнасць, а вось пад крытыку падпадаюць аравіцкія хлебаробы. Але і на памылках яны не спяшаюцца вучыцца: да прыкладу, у той час, калі ўся тэхніка павінна быць задзейнічана ў полі, на іх мехдвары «адпачываюць» два трактары з плугамі. А варта ж клапаціцца пра будучы ўраджай – рыхтаваць глебу да пасяўной, якая таксама ўжо не за гарамі.
Да слова, у нашым раёне ужо цалкам завяршылі ўборачную ў КСУП імя Мележа, «Веляцін», «Судкова» і эксбазе «Стралічава».

Паралельна з уборкай збожжавых і зернебабовых у гаспадарках раёна вядзецца ўборка саломы. Навокал на палетках наўсцяж валкі, рулоны саломы, пожні, пранізаныя павуціннем… Праз колькі часу палеткі будуць прыбраныя, а пакуль камбайнеры працягваюць уразацца ў апошнія не ўбраныя кавалкі хлебнага поля і пакідаць роўныя саламяныя дарожкі на іржышчы…

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *