Як ваякі разбуранае адбудоўвалі


Летам 2006 года пашчасціла сустрэцца ў Бабруйску са стрыечным братам народнага пісьменніка БССР І.П. Мележа Іллёй Дзмітрыевічам Мележам у дзень яго 80-гадовага юбілею. Многа расказваў ён аб сваім жыццёвым шляху, у тым ліку і аб тым, як ужо ў канцы вайны, у 1945 годзе, яго, афіцэра-панфілаўца, камандзіра роты, ардэнаносца пасля ранення прыкамандзіравалі да МУС і накіравалі ў Беларусь, у Бабруйск, працаваць намеснікам начальніка лагера ваеннапалонных па ахове і рэжыму.


(Заканчэнне. Пачатак у № 14 “ХН”).


У 1947 годзе Ілля Дзмітрыевіч быў накіраваны працаваць у адно з мінскіх лагерных аддзяленняў для ваеннапалонных.

– У той час, – расказваў ён, –  у архітэктуры панаваў сталінскі ампір, які характарызаваўся размашыстымі нерацыянальнымі формамі. У пасляваенныя гады па краіне былі ўзведзены тысячы “сталінак”. Спраектаваныя ў стылі ампір, шырокія вуліцы, уздоўж якіх узводзіліся масіўныя сцены дамоў, распрацоўваліся паркі, скверы.

Немцы будавалі акуратна, якасна і няспешна. Строга выконвалі ўстаноўлены распарадак дня: у 6.00 – пад’ём, у 7.00 – пачатак работы, у 13.00 – абед, у 19.00 – заканчэнне работы. Тое ж патрабавалася і ад канваіраў, і ад начальнікаў. Скажам, працуе немец з малатком, а наступіў час абеду, адкладзе яго ў бок і адпачывае.

У той час Іван Паўлавіч Мележ жыў у Мінску. І калі даведаўся, што я таксама тут, вельмі абрадаваўся. На сустрэчу прыйшоў у бедным па таму часе адзенні. Мы спрэглі яечні з цыбуляй і пад чарку вялі доўгія размовы.

Жыва цікавіўся Іван Паўлавіч ваеннапалоннымі, а потым стаў наведвацца ў лагер па 2-3 разы на тыдзень, прыглядваўся, распытваў.

Лагерная тэма неяк усплыла пасля некалькіх гадоў, калі мы вярталіся дадому з прэм’еры спектакля па ягонай п’есе “Пакуль мы маладыя”.

–  Ты добра вядомы з жыццём ваеннапалонных, – сказаў ён. –Успомні ўсё і напішы для мяне. Твае запісы дапамогуць мне нешта зразумець…

У той час Іван Паўлавіч быў у пошуку тэмы. Напэўна, усур’ёз думаў напісаць і аб ваеннапалонных. Але я вярнуўся ў армію і паехаў служыць на Сахалін. А ён пачаў пісаць “Людзі на балоце” і мае запіскі не спатрэбіліся.

…Ваеннапалонныя адбудавалі і ўзнавілі ў Мінску практычна ўвесь цэнтр горада. Некаму прыйшла ў галаву думка пазнаёміць іх з савецкім мастацтвам, прывесці на оперу “Пікавая дама”. Апладзіравалі стоячы. Многія, выходзячы з тэатра, пракліналі гебелеўскую прапаганду, якая лжыва навязвала, што камуністы знішчылі ўсю нацыянальную культуру і не стварылі нічога вартага.

У тым жа 1949 годзе пачалася дэпартацыя ваеннапалонных на іх радзіму. Я быў назначаны начальнікам аднаго з эшалонаў, які вывозіў немцаў у Германію.

У г. Брэсце быў арганізаваны перавалачны лагер. Там фарміраваліся саставы, якія следавалі ў Франкфурт-на-Одэры. Немцаў зноў “адфільтроўвалі”, ім выдавалі дакументы і дапамагалі знаходзіць родзічаў. З фільтрацыйнага лагера яны маглі паехаць у любую, падзеленую паміж саюзнікамі, зону Германіі. Кожным эшалонам вывозілася каля 2 тысяч чалавек. Атрымліваецца, што мне, адпрацаваўшаму начальнікам эшалона 10 месяцаў, давялося вывезці з Беларусі ў Германію амаль 80 тысяч ваеннапалонных.

Адзін немец, памятаецца, не пажадаў вяртацца, вырашыў застацца жыць у СССР. Схаваўся ў  адным з пустых вагонаў  майго эшалона, а ў Брэсце яго выявілі і дэпарціравалі. Мяне ж  нават не выклікалі ў КДБ для тлумачэнняў.


***   ***  ***


У савецкі час не прынята было пісаць аб тым, што ў Беларусі ды і ў іншых месцах працавалі тысячы палонных немцаў. Хаця навошта было затойваць такое? Бамбілі, палілі нашы гарады і вёскі фашысцкія ваякі, то і павінны былі  хоць часткова загладзіць сваю віну працай на карысць нашай краіны пасля салютаў Перамогі і так хоць часткова пакрыць нанесеную шкоду. І, як бачна з расказаў сведкі гісторыі тых часоў Іллі Дзмітрыевіча Мележа, які, на жаль, мінулай зімой пайшоў з жыцця, да ваеннапалонных пераможцы адносіліся  больш чым гуманна.


Запісаў Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *