Сузор’е талентаў


У 24-ты раз наведалі  Хойнікшчыну сталічныя артысты ў межах дабрачыннай акцыі “Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця”.

Акцыя штогод праводзіцца ў сакавіку-красавіку. Яе мэта – псіхалагічная рэабілітацыя сродкамі культуры і мастацтва жыхароў пацярпеўшых рэгіёнаў. Таленавітыя дзеці і падлеткі, якія пражываюць на забруджанай тэрыторыі, дзякуючы гэтай праграме атрымліваюць істотную падтрымку і дапамогу. 

Начальнік аддзела культуры райвыканкома В.І. Баранаў сустрэў паважаных гасцей на граніцы Калінкавіцкага раёна. Разам яны пабывалі ў Доме-музеі І.П. Мележа ў Глінішчы і музеі “Трагедыя Чарнобыля” у в. Судкова.  Вечарам пачаўся грандыёзны канцэрт, які сабраў перапоўненую залу дзіцячай школы мастацтваў. Перад яго пачаткам заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь К.І. Копелева шчыра вітала хайнічан, дзякавала за цёплы прыём, выказала захапленне шчодрасцю і гасціннасцю жыхароў горада.

Падтрымліваючы добрую традыцыю, першымі на сцэну выйшлі юныя зорачкі Хойнікшчыны  Марына Ладыгіна, Андрэй Сцешыц,  Вераніка Махнавец, дуэт Насці Лабачовай і Вікторыі Барадулінай, браты Мядзведзевы, Дзіяна Стольнікава і іншыя. Дарэчы, амаль усіх нашых рабят запрасілі ў Мінск для ўдзелу ў фінальным канцэрце, уручылі падарункі.

Кожны нумар канцэртнай праграмы ў выкананні гасцей суправаджаўся апладысментамі ўдзячных гледачоў. З задавальненнем слухалі песні заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Святланы Салодкай, якая разам з залай выканала знакамітую “Цячэ вада ў ярок”, лаўрэата міжнародных конкурсаў Ігара Задарожнага, галоўнай гераіні канцэрта – спявачкі Стэлы. Амаль не змаўкалі апладысменты ў час выступлення заслужанага калектыву, дзяржаўнага ансамбля танца пад кіраўніцтвам В. Дудкевіча. На пазітыве і з пачуццём гумару правёў вечар акцёр, шоумэн і спявак Дзмітрый Грыневіч.

Намеснік старшыні райвыканкома В.М. Шаўчэнка падзякаваў гасцям за канцэртную праграму, за добры настрой, што падарылі артысты гледачам. Таксама перадаў Падзячны адрас ад старшыні райвыканкома А.В. Бічана і старшыні Савета дэпутатаў Г.М. Рабінкінай.


Алена СМУСЯНОК.
Фота Наталлі МІХАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *