Елачкі і лялек майструе Таццяна Івашчанка

Увлечения хойничан

І марыць аб сваім творчым блогу ў ТікТок.

Калі свята не ідзе да Таццяны Івашчанка, яна першая імкнецца да яго. Хутчэй стварае прыгажосць сваімі рукамі. Прычым, на любую тэматыку! А як жа інакш, без творчасці выхавальніца Стралічаўскага дзіцячага сада сядзець не можа.

А надыходячы Новы год – нагода зрабіць нешта сімвалічнае, прыгожае, казачнае. Так, у калекцыі майстрыхі елак усё прыбаўляецца і прыбаўляецца. А маленькім дзецям гэта толькі ў радасць. Выкарыстоўвае для вырабаў падручныя матэрыялы – шчыльны кардон, тканіну, гузікі, шнуркі,  паралон. Нават з шалупайкі з-пад фісташак ёсць адна праца. А замацоўвае кожную елку клеевым пісталетам.

З аднаго боку нічога цяжкага. Аднак  толькі паспрабуйце зрабіць такую дызайнерскую лясную прыгажуню. Упэўнена, атрымаецца не ва ўсіх.

Яшчэ адно творчае захапленне гераіні – самабытныя лялькі-абярэгі.  Калі ёсць азарт, то не спыніцца, пакуль не закончыць работу. Кожная з іх па-свойму ўнікальная.

Робіць іх Таццяна  з простых тканін, намотваючы пласт за пластом, без выкарыстання іголкі. Перакручвае, прывязвае, сапраўды ніводнай пашытай дэталі ў яе тут няма. Лялькі лічацца магутным талісманам. Ёсць на шчасце і поспех. Яны ўвасабляюць такія каштоўнасці, як жыццё, каханне, працяг роду, здароўе, сям’ю, дабрабыт. Дзесьці 20 назбіралася.

Замест вачэй і носа лялек нацягнута  белая тканіна. Мусіць, гэта ў нейкай ступені і дапамагае ім заўсёды заставацца добрымі. Планаў у маёй субяседніцы, як у Напалеона. Творчых задумак шмат. Але гэта ўжо зусім другая гісторыя.

Вікторыя МАРОЗ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *