Сувязь — гэта як здароўе…


Асноўнымі задачамі работы Хойніцкага раённага вузла электрасувязі Гомельскага філіяла РУП “Белтэлеком” з’яўляюцца абслугоўванне гарадскіх і сельскіх тэлефонных сетак, сетак радыёфікацыі, забеспячэнне патрэб насельніцтва і арганізацый у іншых паслугах сувязі. Аб тым, як працуе калектыў прадпрыемства ў цяперашніх эканамічных умовах, расказвае начальнік РВЭС М. А. МІХАЛЕНКА.

– Мікалай Аляксандравіч, з якімі паказчыкамі сувязісты раёна завяршылі год мінулы і што зроблена за два з паловай месяцы бягучага?

– Адным з важных дасягненняў нашага калектыву лічу той факт, што на сённяшні дзень у раёне ўкаранёны і нават перавыконваюцца ўсе тры паказчыкі нарматываў дзяржаўных стандартаў па абслугоўванню насельніцтва ў галіне сувязі. Так, на пачатак года шчыльнасць тэлефонаў на 100 жыхароў па раёну склала 36,3 тэлефонных апарата пры нарматыве 28,5. А паказчык шчыльнасці таксафонаў на 1000 жыхароў па раёну на сённяшні дзень – 1,1 таксафона пры нарматыве 1,0. Акрамя таго, на 100 працэнтаў тэлефанізаваны ўсе ўстановы аховы здароўя, у тым ліку і ў аграгарадках.

Як станоўчы факт адзначу і тое, што тэлефанізаваны ўсе маланаселеныя пункты раёна, а шчыльнасць тэлефонаў на 100 жыхароў гарадскога насельніцтва ў нас перавышае сярэднеабласную (44,2 супраць 41,6) і па гэтаму паказчыку мы выйшлі на пятае месца ў вобласці.

Палепшылася і якасць паслуг сувязі. Дасягнута гэта за кошт замены ўсіх ліній тэлефоннай сувязі на кабельныя, а да ўсіх АТС аграгарадкоў раёна пракладзены оптыка-валаконныя лініі сувязі, што дазволіла знівеліраваць уплыў на працаздольнасць абсталявання атмасферных з’яў і зменшыць страты інфармацыі. Дадаём сюды і тое, што на сённяшні дзень 81,9 % АТС на сетках раёна з’яўляюцца электроннымі.

Яшчэ адным важным напрамкам нашай работы з’яўляецца радыёфікацыя і эксплуатацыя радыёсетак. На іх сёння працуюць тры радыёвузлы, якія вядуць вяшчанне на 10339 радыёкропак раёна.

Акрамя таго, па стану на 1 студзеня 2010 года ў нас налічвалася 140 нявыкананых заяў на ўстаноўку тэлефона па гарадской сетцы. За два месяцы бягучага года па ГТС устаноўлена 46 тэлефонаў. Што датычыць сельскіх тэлефонных сетак, то на пачатак года нявыкананымі заставаліся 175 заяў, а за перыяд са студзеня па сакавік на іх мы ўстанавілі 72 тэлефоны. Няцяжка падлічыць, што за два месяцы года нашы тэлефонныя сеткі павялічыліся на 118 абанентаў з ліку насельніцтва горада і раёна.

Адзначу, што развіццё новых тэхналогій у галіне сувязі дазволіла нам перайсці на выкарыстанне тэрмінальнага абсталявання бяздротавага доступу да стацыянарных сетак тэлефоннай сувязі, што значна паскорыла працэс устаноўкі тэлефонаў.

Важным лічу і тое, што многае зроблена і па энергазберажэнню – яго паказчык па РВЭС склаў летась мінус 26,2 працэнта.

– Колькі сёння каштуе ўстаноўка кватэрнага тэлефона і што для гэтага патрэбна зрабіць?

– Звярнуцца на ўчастак продажу паслуг РВЭС, напісаць адпаведную заяву і тэлефон будзе ўстаноўлены ў парадку чаргі. Кошт устаноўкі на сённяшні дзень складае 60420 рублёў як для гарадскіх, так і для сельскіх жыхароў.

– Многія нашы чытачы цікавяцца тым, калі будзе выпушчаны новы тэлефонны даведнік.

– Яго выхад у свет намечаны на другі квартал бягучага года. Займаецца яго вырабам хойніцкае КПУП “Паліграф”, якое стала пераможцам у тэндэры на выпуск даведніка і яго рэалізацыю на тэрыторыі раёна. Ужо праведзены ўсе неабходныя карэкціроўкі і ўзгадненні.

– Напэўна ваша прадпрыемства не магло застацца ў баку ад падрыхтоўкі да святкавання ў нашым горадзе Дня беларускага пісьменства. Што неабходна зрабіць вашаму калектыву і якія перспектывы ў галіне сувязі адкрываюцца перад жыхарамі горада і раёна на будучую восень?

–  Нас чакае вялікі фронт работ. Пералічу толькі некаторыя мерапрыемствы, звязаныя з падрыхтоўкай да гэтага свята. Гэта ўстаноўка тэлефонаў у адпаведнасці з усімі пададзенымі да 1 студзеня 2010 года заявамі жыхароў горада і раёна; правядзенне тэхнічнага абслугоўвання ўсіх лінейна-кабельных збудаванняў і наданне ім належнага эстэтычнага выгляду; правядзенне перападвескі абаненцкіх ліній радыёфікацыі; пракладка оптыка-валаконнай лініі сувязі да будынка райвыканкома; тэхабслугоўванне ўсіх таксафонаў, мантаж тэлекамунікацыйнай шафы ў Глінішчы і многія іншыя тэхнічныя мерапрыемствы.

Намечана таксама рэканструкцыя пункта калектыўнага карыстання РВЭС для размяшчэння сервіснага цэнтра на 5 рабочых месц для доступу ў Інтэрнет, замест сённяшніх трох. Акрамя таго, у нашых планах на будучае – далейшае паляпшэнне якасці работы сувязі, укараненне новых тэхналогій, замена існуючага абсталявання на новае, больш сучаснае, павелічэнне да 1000 колькасці абанентаў інтэрактыўнага тэлебачання (ZALA). Задачы, як бачым, маштабныя, але мяркую, што нашым людзям яны ўпаўне па сілах.

– На каго з работнікаў асабліва разлічваеце?

– Я шчыра задаволены работай усяго нашага калектыву. Ен, дарэчы, не такі ўжо і вялікі – 59 чалавек. Як і на любым прадпрыемстве, ёсць людзі, якія з’яўляюцца прыкладам працавітасці, старання і ўмення. Гэта кабельшчык-спайшчык Валянцін Уладзіміравіч Захаранка, які па выніках работы за мінулы год прызнаны лепшым па прафесіі і занесены на раённую Дошку гонару, начальнік лінейнага ўчастка Леанід Іосіфавіч Паўлоўскі, на якім  трымаецца ўся кабельная і лінейна-кабельная гаспадарка,  а таксама сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы – спецыяліст па продажу паслуг сувязі Дзмітрый Анатольевіч Бяляўскі, электраманцёры Дзмітрый Валянцінавіч Літоўчанка, Аляксандр Васільевіч Белавус і Дзмітрый Валер’евіч Рэдзько, спецыяліст па абслугоўванню сельскіх тэлефонных станцый Іван Іванавіч Атрошчанка і многія іншыя.

Вобразна кажучы, сувязь – гэта як здароўе чалавека, аб якім успамінаюць толькі тады, калі яно пагаршаецца. Таму і мы імкнёмся працаваць так, каб не даваць падстаў для скарг і нараканняў.


Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *