Гомельскай вобласці — 85: візітныя карткі нашага рэгіёна

Гомельскай вобласці - 85

Рэкорд на Петрыкаўшчыне, нафтавыя радовішчы ў Акцябрскім.

Напярэдадні юбілейнай даты нагадаем асноўныя славутасці кожнага з раёнаў Гомельшчыны.

Жыткавіцкі: мацарэлла, старажытны Тураў і артэфакт пісьменства
Тураў – найбуйнейшы разам з Полацкам рэлігіёзна-духоўны цэнтр Беларусі. Менавіта тут быў пабудаваны другі па памерах пасля полацкай Сафіі храм, які, на жаль, не ўцалеў з-за балоцістай глебы.
На жыткавіцкай зямлі створаны адзін з першых помнікаў усходнеславянскай пісьменнасці – Тураўскае Евангелле. Па сёння збераглося гарадзішча Х-ХІІІ стагоддзяў з фрагментамі храма і жылых збудаванняў.
Зараз раён знакаміты сваёй прадукцыяй – сырамі мяккіх гатункаў пад гандлёвай маркай «Bonfesto».

Лельчыцкі: сіняя птушка шчасця жыве тут
Гэты раён славуты гнездаваннем у Беларусі адной з самых рэдкіх птушак рэдкага сіняватага колеру – сіваваронкі. Яна ўнесена ў Чырвоную кнігу міжнароднага саюза аховы прыроды.
Раз у тры гады Лельчыцы прымаюць удзельнікаў рэгіянальнага фестываля песеннага мастацтва «Гэты дзіўны спеў з глыбінь народных», госцем якога нязменна з’яўляецца акадэмічны народны хор Беларусі імя Генадзія Цітовіча.

Петрыкаўскі: вёска Рэкорд і рэліктавыя лясы
Галоўным багаццем гэтага рэгіёна Гомельшчыны называюць прыроду – у многіх месцах Петрыкаўшчыны яна збераглася практычна ў некранутым выглядзе. Мноства рэліктавых лясоў, напрыклад, раскідана на плошчы нацыянальнага парка «Прыпяцкі», цэнтрам якога стаў аграгарадок Ляскавічы. Там раз у два гады праходзіць вядомы фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся».
Менавіта ў Петрыкаўскім раёне дзейнічаў партызанскі атрад Васіля Талаша. Яго подзвіг стаў падставай для літаратурнага твора Якуба Коласа.
У раёне знаходзяцца некалькі населеных пунктаў з незвычайнымі назвамі: Серп, Молат і Рэкорд.

Акцябрскі: багаты на рэсурсы і 10 рэк
Па тэрыторыі гэтага раёна працякае 10 рэк, асноўныя – Пціч (найбуйнейшы левы прыток Прыпяці) і яе прытокі Арэса і Нератаўка, а таксама Трэмля з прытокам Ветка. Тут жа праходзіць Слаўкавіцка-Ямінскі асушальны канал. Усе яны адносяцца да басейна Дняпра.
Акцябрскі раён багаты на карысныя выкапні: нафта (7 радовішчаў), калійныя і каменныя солі (2 радовішчы), прамысловыя воды і расолы, торф (больш за 20 радовішчаў).

Светлагорскі: мемарыялы ў гонар продкаў і хімічная прамысловасць
Прамысловы патэнцыял раёна складаюць прадпрыемствы «СветлагорскХімвалакно» – першы на постсавецкай прасторы, дзе атрымалі міжнародны экалагічны сертыфікат Eco-Tex – і цэлюлозна-кардонны камбінат. У раёне наладжаны выпуск бялёнай і віскознай цэлюлозы.
У памяць пра герояў Вялікай Айчыннай вайны на Светлагоршчыне ўсталяваны помнік «Смуткуючы звон» і помнік ў гонар аперацыі «Баграціён». У 2020 годзе на карце раёна з’явіўся народны мемарыял бязвінным ахвярам спаленай фашыстамі вёскі Ала.

Ельскі: ён жа Каралін, ён жа Нікалаеў
Некаторы час мястэчка насіла розныя назвы, але яны так і не прыжыліся ў мясцовых жыхароў. З будаўніцтвам ў 1873 годзе чыгункі «Жлобін-Оўруч» Ельск стаў чыгуначнай станцыяй.
Прамысловым цэнтрам раёна больш за 70 гадоў застаецца кансервавы завод. За десяцігоддзі плённай работы ён заваяваў рэпутацыю надзейнага вытворцы варэння, сокаў і марынадаў, а таксама сфарміраваў вялікае кола пастаянных кліентаў. Усяго асартыментны пералік прадукцыі ААТ «Ельскі кансервавы завод» налічвае больш за 25 найменняў.

Падрыхтавала Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *