Пераможны марш дамоў даўжынёй 2800 кіламетраў


Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, я жыў і працаваў у Гомелі. У нядзелю, 22 чэрвеня 1941 года, была аб’яўлена мабілізацыя ваеннаабавязаных грамадзян, а ў ноч на 23 чэрвеня немцы бамбілі Гомель і электрастанцыю. На шчасце, яна ўцалела.

Мяне, як камсамольца, выклікалі ў райком камсамола і залічылі ў знішчальны батальён. Мы дзяжурылі на дарогах, аб’ектах. Пасля выступлення па радыё І.В. Сталіна сталі арганізоўваць народнае апалчэнне, і наш батальён увайшоў у яго склад. Мы выконвалі тыя ж задачы, што і раней, але вучыліся навыкам рукапашнага бою, абыходжанню з вінтоўкай, гранатай і гаручай сумессю, бо іншай зброі ў нас не было. Шмат часу мы праводзілі на ўмацаванні абарончых рубяжоў на подступах да Гомеля.

16 жніўня 1941 года ў 6 гадзін раніцы немцы пачалі наступленне каля вёскі Пакалюбічы Гомельскага раёна, і мы занялі абарону. Баі былі цяжкія. Нашы воінскія часці і народнае апалчэнне неслі вялікія страты, пачалі адступаць. У ліку іншых маладых апалчэнцаў я быў накіраваны ў Чарнігаў, затым у Варонеж і Барысаглебск Варонежскай вобласці. Там усіх перапісалі і размясцілі ў адным з калгасаў, дзе ўжо знаходзіліся навучэнцы Смаленскага тэкстыльнага тэхнікума. Мяне размеркавалі ў запасны полк.

5 лістапада 1941 года давялося ваяваць на Паўднёва-Заходнім фронце, на Ізюм-Барвенкаўскім накірунку. Зіма была лютая, баі жорсткія, страты вялізныя. Пасля ранення 1 студзеня 1942 года лячыўся ў шпіталях Варашылаваградскай вобласці, г. Сочы. А калі немцы захапілі Керч, нас эвакуіравалі ў Жалезнаводск. Пасля выпіскі ваяваў у складзе часці марской пяхоты, але нядоўга. У Севастопалі быў цяжка кантужаны і дастаўлены на Вялікую зямлю. Толькі ў канцы 1943 года зноў трапіў на перадавую ў складзе 2-га Украінскага фронта. Прымаў удзел у вызваленні Малдавіі, Румыніі, Югаславіі, Венгрыі і Аўстрыі, дзе і сустрэў Дзень Перамогі. На франтах Вялікай Айчыннай ваяваў у якасці стралка, кулямётчыка, аўтаматчыка, пры неабходнасці на кароткі час назначалі пісарам і ротным. Даводзілася наступаць і адступаць, прарываць абарону праціўніка, выходзіць з яго акружэння, тры разы лячыцца пасля ранення. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За вызваленне Белграда”, “За ўзяцце Будапешта”, “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” і шматлікімі юбілейнымі медалямі.

 Калі закончылася вайна, наша часць, як і іншыя, следавала пехатой да горада Гайсін Вінніцкай вобласці. Мэтай гэтага пераходу было паказаць замежным дзяржавам, якая сіла яшчэ засталася ў Савецкага Саюза. Разам з пяхотай рухаліся танкі, самаходная зброя, артылерыя. Маршрут даўжынёй у 2800 кіламетраў быў разлічаны так, каб рухацца не па прамой, а ў абавязковым парадку праходзіць па ўсіх буйных гарадах і населеных пунктах, прычым у ранішні час, дзе сустракаў аркестр. Воіны-вызваліцелі ў дарозе знаходзіліся з чэрвеня па верасень 1945 года.

Пасля вайны я доўгі час працаваў у фінансавых органах Гомельскай вобласці (у Хойніках, Капаткевічах, Рэчыцы, Петрыкаве, Жыткавічах). І заўсёды больш за ўсё на свеце цаніў і цаню мірнае неба над галавой – самую галоўную ўмову стваральнай працы, чалавечага шчасця.


Міхаіл Андрэевіч МІХАЛЕНКА,
ураджэнец вёскі Слабажанка
(на здымку 5 снежня 1945 года).



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *