І адзін у полі воін, калі ён дэпутат


Дырэктар ДРУП “Хойніцкі завод гідраапаратуры” В.Я. Смальцар з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў 25 склікання па Усходняй выбарчай акрузе № 13. Ен дзеліцца сваёй працай у органе мясцовай ўлады.

– Па-мойму, галоўнае ў нашай дэпутацкай дзейнасці – выконваць наказы выбаршчыкаў, людзей, якія аказалі вялікі давер – быць правадніком іх інтарэсаў і запытаў у органах мясцовай улады. Зразумела, што дэпутат не рамантуе дарогі, не праводзіць цяпло ў кватэры і г.д. У яго для гэтага няма ніякіх магчымасцей. Аднак ён можа і павінен зрабіць іншае – гэта ставіць пытанні перад тымі людзьмі, якія адказваюць за іх вырашэнне, перад чыноўнікамі выканаўчай улады. Іншая справа, што дэпутат павінен падставіць выканаўчай уладзе плячо для вырашэння той або іншай праблемы, тым больш, што ён можа ініцыіраваць прыняцце адпаведнага заканадаўчага дакумента на мясцовым узроўні, дапамагчы выканаўцам у арганізацыйным плане.

Як дэпутат-кіраўнік  прадпрыемства,  адзначу, што на першым плане павінна быць вытворчасць. Ад таго, як яна развіваецца, напрамую залежыць становішча ў соцыуме. Калі не адстаім эканоміку, не запрацуюць як належыць нашы прадпрыемствы і не будуць плаціць падаткі, то адкуль жа возьмецца бюджэт, рэалізацыя сацыяльных праграм, дастойны заробак? Людзям даводзіцца тлумачыць, што нешта можна вырашыць раней, а з чым-небудзь пачакаць. І тут ёсць канкрэтная праца для дэпутатаў, якія павінны быць свайго роду парламенцёрамі, трымаць пастаянную сувязь з народам.

Адно з самых галоўных месц займае добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Добрыя прыклады гэтаму ў нашым горадзе ёсць. Аднак, на жаль, яшчэ не ўсе людзі пранікліся пачуццём адказнасці ў гэтай справе. Як ні прыкра, але даводзіцца бачыць, што побач з дагледжаным, радуючым вока падворкам або пад’ездам шматкватэрнага дома, суседнічае неахайны. Як паказвае практыка, меры адміністрацыйнага ўздзеяння не даюць жаданага выніку. Таму ў ходзе гутарак не толькі з выбаршчыкамі сваёй акругі нацэльваю людзей  на тое, што наш горад – агульны дом, і трэба зрабіць усё, каб у ім было чыста і ўтульна. І па магчымасці дапамагаю: па просьбе жыхароў вуліцы Юбілейная наладжана асвятленне і выраблена дэкаратыўная агароджа каля пад’ездаў дамоў.

Як вядома, сёлетні год аб’яўлены Прэзідэнтам краіны Годам якасці. Свае адносіны да гэтай дзяржаўнай акцыі павінны выказаць і народныя абраннікі. На маю думку, трэба аб’яднаць намаганні кожнага жыхара раёна без выключэння, каб кардынальна памяняць жыццё да лепшага. Іншымі словамі, працаваць на кожным рабочым месцы больш якасна і эфектыўна дзеля дасягнення агульных здабыткаў.

Я не аддзяляю сваю асноўную дзейнасць ад дэпутацкіх абавязкаў – усё ўзаемазвязана. Сустрэчы з выбаршчыкамі лічу абавязковымі, як бы не быў заняты вытворчымі справамі. Пагутарыш з людзьмі аб жыцці-быцці  – і быццам атрымліваеш падзарадку. Гэта так, без перабольшвання: ад дэпутата ўсюды чакаюць увагі, парады, рэальнай падтрымкі і канкрэтнай дапамогі. Звярталіся да мяне маці гора-сыноў з просьбай аб працаўладкаванні. Вывучыўшы сітуацыю, ішоў насустрач. Не ўсе, праўда, але некаторыя з іх, атрымаўшы шанс, выпраўляліся.

Я з’яўляюся намеснікам старшыні пастаяннай мандатнай камісіі райсавета дэпутатаў і па пытаннях заканадаўства. На пасяджэннях камісіі разглядваліся надзвычай актуальныя і злабадзённыя пытанні пры актыўнай зацікаўленасці ўдзельнікаў.

Дэпутацкія паўнамоцтвы, дапамога калег і сяброў, уласны розум і магчымасці – усё гэта дадзена, каб дапамагчы людзям.


Запісала Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *