На важным этапе


Крыху больш месяца застаецца да выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Аб тым, як ідзе падрыхтоўка да важнай палітычнай кампаніі ў раёне, гутарка карэспандэнта “ХН” са старшынёй раённай выбарчай камісіі Л.Ф. Кулакоўскай.

– Людміла Фёдараўна, ці ёсць нейкія адрозненні ў рабоце камісіі ў параўнанні з папярэднімі выбарамі ў сувязі са змяненнямі ў Выбарчым кодэксе Рэспублікі Беларусь?

– Для мяне гэта не першыя выбары ў якасці старшыні раённай камісіі. І, па сутнасці, асаблівых змен няма. Самае галоўнае, на мой погляд, што знята мяжа яўкі выбаршчыкаў на ўчасткі для галасавання ў дзень выбараў. Думаю, што гэта паслужыць нейкаму станоўчаму выніку. Хайнічане заўсёды былі патрыётамі сваёй Радзімы, ішлі галасаваць, як на свята. Ім не ўсё роўна, хто будзе адстойваць іх інтарэсы ў прадстаўнічым органе ўлады.

– З 16 па 25 сакавіка праходзіць рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты. У агульным плане, што можна сказаць аб прэтэндэнтах на дэпутацкі мандат?

– У нас 36 выбарчых акруг. Заяўкі на згоду балаціравацца кандыдатамі ў дэпутаты раённага Савета падалі 37 чалавек. Калі браць па ўзроставаму цэнзу, то гэта ў большасці людзі, якім за трыццаць год. Яны маюць пэўны жыццёвы і прафесійны вопыт. Але і сярод маладых прэтэндэнтаў – сур’ёзныя, ініцыятыўныя людзі. Пераважная большасць сярод будучых кандыдатаў – кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый. І гэта добра, бо вырашаць пытанні, якія хвалююць людзей, кіраўніку калі не прасцей, то больш даступна.

– Якая работа праводзіцца зараз раённай камісіяй?

– Прыняты пакет дакументаў ад усіх прэтэндэнтаў. Накіраваны запыты ў аддзяленне Дзяржаўтаінспекцыі РАУС, інспекцыю па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Хойніцкаму раёну, бюро тэхнічнай інвентарызацыі для праверкі даставернасці даных па дэклараванню даходаў. Пасля атрымання адказаў пачнецца рэгістрацыя. На дадзеным этапе выбарчай кампаніі гэта галоўная работа. Наступны этап – перадвыбарная агітацыя, удакладненне спіскаў выбаршчыкаў, непасрэдная з імі работа.

– Хапае зараз спраў у членаў участковых выбарчых камісій. Адназначна, што на аказаны давер яны павінны адносіцца адказна. Але ж ці можна адзначыць выбарчыя ўчасткі, дзе справы абстаяць лепш?

– Наглядная агітацыя па выбарчай тэматыцы аформлена паўсюдна. Есць участкі, дзе яе было дастаткова яшчэ да пачатку кампаніі па выбарах. Гэта Савецкі         № 1 і Новабудаўнічы № 4. Прайгравае крыху ў гэтым плане вёска, але і там робіцца ўсё для таго, каб дастойна правесці  выбары. У пераважнай большасці члены ўчастковых выбарчых камісій – людзі вопытныя. Есць і навічкі, патрэбна ж  вучыць іх на будучае. Усе з разуменнем і адказнасцю ставяцца да даручанай справы. Думаю, што важную палітычную кампанію правядзём дастойна, як гэта заўсёды было на Хойнікшчыне.


Запісаў Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *