Пранікнуцца праблемай


У нашым раёне вядзецца актыўная прафілактычная работа з неспрыяльнымі сем’ямі. Галоўная яе мэта – не дапусціць, каб сям’я распалася і дзеці апынуліся ў дзіцячым доме. Аб прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва размова карэспандэнта “ХН” з метадыстам па ахове правоў дзяцінства аддзела адукацыі райвыканкома Г.В. Моўчан.

– Галіна Віктараўна, Дэкрэт № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях” ад 24.11.2006 г.  стаў своеасаблівым адказам на пытанне, як абараніць дзяцей, чые бацькі дэградзіравалі як асоба.

– Так, з яго прыняццем у мясцовых органаў улады з’явіўся юрыдычны інструмент, які дазваляе адбіраць дзяцей з неспрыяльных сем’яў, а гора-бацькоў прымусова накіроўваць на працу, каб яны змаглі кампенсаваць расходы дзяржавы на ўтрыманне дзяцей. Усяго за перыяд дзеяння дэкрэта ў нашым раёне адабрана 123 дзіцяці з 56 сем’яў.

Галоўная задача педагогаў, сектара па ахове правоў дзяцінства – своечасовае выяўленне неспрыяльнасці і небяспекі, якая можа пагражаць жыццю непаўналетніх або іх здароўю, і аказанне дапамогі.

– Як Вы каардынуеце работу?

– У аддзел адукацыі паступае інфармацыя аб пастаноўцы на ўлік па цяжарнасці жанчын з сем’яў групы рызыкі або пры паступленні іх ў радзільнае аддзяленне з прыкметамі алкагольнага ап’янення. Па кожнаму факту праводзіцца праверка і прымаюцца адпаведныя меры. Кожны месяц удакладняем спісы бацькоў, якія маюць запазычанасць па квартплаце і працяглы час не пагашаюць доўг. Установамі адукацыі складаюцца  і рэалізуюцца планы дапамогі непаўналетнім. Гэта поле дзейнасці, перш за ўсё, для класнага кіраўніка, сацыяльнага педагога, псіхолага, работнікаў інспекцыі па справах непаўналетніх.

Важную ролю ў выяўленні дзяцей з неспрыяльных сем’яў адыгрываюць рэйды, якія праводзяцца ў рамках акцыі “Сям’я без насілля”. У іх прымаюць удзел участковыя інспектары міліцыі, сацыяльныя педагогі, прадстаўнікі РК ГА “БРСМ”, аддзелаў па справах моладзі і ідэалагічнай работы райвыканкома, урачы-педыятры і нарколагі цэнтральнай раённай бальніцы, інспектары райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Матэрыялы рэйдавых праверак абагульняюцца і накіроўваюцца па прыналежнасці для выканання, аб чым адказныя потым інфармуюць. Аператыўна вырашаюць узнікаючыя пытанні ў КУП “Эксперыментальная база Стралічава”, КСУП “Судкова”, КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, Казялужскім, Алексіцкім, Велікаборскім сельвыканкомах.

– Ці праводзіцца лячэнне бацькоў ад алкагольнай залежнасці?

– Так, у 2009 годзе ад алкагольнай залежнасці было пралечана 30 бацькоў (у 2008 – 19). А пасля курсу лячэння дапамагаем ім працаўладкавацца.

– Прафілактычная работа з неспрыяльнымі сем’ямі праводзіцца. Пры гэтым павялічваецца ці змяншаецца колькасць дзяцей з такіх сем’яў?

– Па стану на першае сакавіка бягучага года на ўліку ў аддзеле адукацыі знаходзіцца 141 непаўналетні, у тым ліку 28 дзяцей ва ўзросце да трох гадоў, 30 дашкольнікаў, 81 школьнік і 2 навучэнцы ДПТВ-183. Для параўнання: у 2007 годзе на ўліку было 163 дзіцяці, у 2008 – 158. Хвалюе тое, што сярэдні ўзрост гора-бацькоў усяго 36 год.

– Ці шматлікія выпадкі вяртання дзяцей у біялагічныя сем’і?

– За час дзеяння дэкрэта 58 дзяцей былі вернуты ў 26 сем’яў. Але  пры гэтым колькасць пазбаўленняў бацькоўскіх правоў у нашым раёне застаецца дастаткова высокай, летась лічба склала 26 чалавек (да прыкладу, у Брагінскім раёне – 11). Гэта сведчыць аб тым, што работа па выратаванню сям’і з сацыяльна небяспечнага становішча яшчэ не дастаткова эфектыўная.

– Важным звяном у рэалізацыі Дэкрэта № 18 з’яўляецца работа па вяртанню сродкаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей.

– На цяперашні час на уліку ў аддзеле адукацыі знаходзіцца 101 абавязаная асоба. У цэлым за час дзеяння дэкрэта было налічана 610873700 руб., з іх вернута абавязанымі асобамі 256219600 руб. (41,9% пры сярэднеабласным паказчыку – 41,4%). Асноўныя прычыны неплацёжаздольнасці бацькоў – гэта нежаданне працаваць і нізкааплачваемая работа па прычыне адсутнасці кваліфікацыі.

– Галіна Віктараўна, пры якой умове магчыма пазбавіцца сіроцтва дзяцей пры жывых бацьках?

– Адкажу словамі А.С. Макаранкі: “Дзеці – гэта наша старасць. Правільнае іх выхаванне – гэта наша шчаслівая старасць, дрэннае выхаванне – гэта будучая бяда, гэта нашы слёзы, гэта наша віна перад іншымі людзьмі, перад усёй краінай”.

Сацыяльнага сіроцтва можна пазбавіцца толькі тады, калі праблемай глыбока пранікнуцца самі гора-бацькі. Бо, я ўпэўнена, што органы ўлады на месцах, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, якія на заканадаўчым узроўні вызначаны адказнымі за выкананне патрабаванняў Дэкрэта, заўсёды гатовы рабіць усё для таго, каб было больш шчаслівых сем’яў. Нам неабходна ўзаемнае жаданне супрацьлеглага боку. 


Гутарыла Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *