Чакае пакаранне «гастралёраў»

Законнасць і парадак

Чуткамі зямля поўніцца. Але не заўсёды яны бываюць праўдзівымі. Ну хто паверыць, што ў бабулі-пенсіянеркі з вёскі Карчовае грошай куры не клююць. А тры гомельскія “крутыя” хлопцы “клюнулі” на чутку. У дзевяць гадзін раніцы, паблукаўшы па вёсцы ў пошуках, знайшлі хату.

– Купі, бабуля, каня, – прапанавалі.

– Ды навошта мне той конь? – здзівілася старая.

– Тады дай вады напіцца, – папрасілі, як у той вядомай песні пра Алёну.

 Даверлівая бабуля павяла ў хату, дзе незнаёмцы сталі вымагаць грошы, наносячы ёй пабоі па галаве.

Сын яе ў гэты час завіхаўся па гаспадарцы. Убачыўшы незнаёмую машыну, прыхапіў сякерку і паспяшаўся ў дом. Не разгубіўся, не спужаўся, кінуўся ратаваць маці. Аднаму рабаўніку цюкнуў сякеркай па галаве. Убачыўшы такое, два другіх пусціліся на ўцёкі.

Звязаўшы рабаўніка, гаспадар дома пазваніў у міліцыю. Праўда, пераблытаў коды гарадоў і трапіў у Брагінскі  райаддзел. Адтуль паведамілі аб здарыўшымся ў Хойнікі. Супрацоўнікі РАУС выклікалі “хуткую дапамогу”. Адразу ж была аб’яўлена аперацыя “Перахват”. Аўтамабіль “Жыгулі”, за рулём якога сядзела  на добрым падпітку асоба цыганскай нацыянальнасці без правоў кіравання транспартам, і ў такім жа стане падзельнік-пасажыр, быў затрыманы супрацоўнікамі дарожна-патрульнай службы Рэчыцкай ДАІ, адкуль і былі дастаўлены злачынцы нашымі міліцыянерамі ў аддзел унутраных спраў.

Дзякуй Богу, зараз жыццю бабулі пасля ранення нічога не пагражае. Выжыў і траўміраваны сынам пацярпеўшай зламыснік. Праўда, стварыў лішнія клопаты, бо патрэбна было 10 дзён ахоўваць яго, пакуль знаходзіўся на лячэнні ў хойніцкай цэнтральнай раённай бальніцы. 

Вядзецца следства. Узбуджана крымінальная справа па артыкулу 207 ч.3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (злачынства, здейсненае групай асоб з нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў). А гэта пагражае рабаўнікам ад  8 да 15 год пазбаўлення волі. Ды і не навічкі ў крымінальнай справе ўсе зламыснікі: раней неаднаразова судзімыя не толькі за разбой, але і за забойства.

Толькі дзякуючы рашучым дзеянням сына бабулі, аператыўнай і зладжанай рабоце супрацоўнікаў міліцыі, небяспечныя злачынцы былі затрыманы.

Карыстаючыся выпадкам, звяртаюся да жыхароў раёна. Насцярожана адносьцеся да незнаёмых людзей, якія імкнуцца зайсці ў ваш дом, кватэру. З добрымі намерамі яны наўрад ці наведваюцца.


С. БАРЫСЕНКА,
першы намеснік начальніка аддзела
ўнутраных спраў райвыканкома,
падпалкоўнік міліцыі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *