Гатоўнасць няпоўная

Сельское хозяйство

У мінулым годзе веснавая сяўба на палях раёна пачалася 21 сакавіка, а яравую гаспадаркі завяршылі акурат на Благавешчанне. Сёлета з-за зацягнутай вясны тэрміны палявых работ будуць больш познімі. Тым не менш, гатоўнасць да іх у многіх сельгаспрадпрыемствах пакідае жадаць лепшага – гэта паказаў семінар спецыялістаў і кіраўнікоў гаспадарак, які прайшоў у мінулую суботу на базе КСУП “Судкова”.

У раёне па стану на 20 сакавіка ў поле гатовы былі выйсці толькі 85% трактараў (па энерганасычаных гатоўнасць складае 87%). Што датычыць глебаапрацоўчай тэхнікі, то на 100% да работы гатовы толькі дыскатары і пасяўныя агрэгаты. Гатоўнасць жа іншай глебаапрацоўчай тэхнікі вагаецца ў інтэрвале ад 55% (бораны) да 90%. Як адзначыў галоўны інжынер райсельгасхарчу А.Р. Варабей, марудзяць з падрыхтоўкай тэхнікі да сяўбы ў агракамбінаце “Віць”, КСУП “Велікаборскі”, эксбазе “Стралічава”, ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”. Да таго ж, у некаторых гаспадарках хаця тэхніка і падрыхтавана, аднак у час сяўбы яна можа прастаяць з-за таго, што не хапае механізатарскіх кадраў.

Са станоўчага боку можна адзначыць работу па падрыхтоўцы тэхнікі ў сельгаспрадпрыемствах імя Мележа, “Судкова”, “Аравічы”.

Не ўсё ладна і з падрыхтоўкай насеннага матэрыялу. Асабліва складанае становішча склалася з насеннем шматгадовых траў і кукурузы. А між тым, сяўба кукурузы пачынаецца адразу пасля завяршэння сяўбы збожжавых і зернебабовых. Аднак па стану на 20 сакавіка насеннем кукурузы на 100% забяспечаны толькі сельгаспрадпрыемствы імя Мележа і “Судкова”.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *