Па новых правілах


Прадстаячыя выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў маюць не толькі рэгіянальнае, але агульнапалітычнае значэнне. Галоўная мэта выбараў – фарміраванне дзеяздольных, ініцыятыўных, адказных перад выбаршчыкамі мясцовых органаў улады. 25 красавіка хайнічане прыйдуць на выбарчыя ўчасткі, каб аддаць свае галасы і за сваіх прадстаўнікоў у абласны Савет дэпутатаў. Карэспандэнт “ХН” гутарыў са старшынёй акруговай выбарчай камісіі Хойніцкай выбарчай акругі № 59 па выбарах у Гомельскі абласны Савет дэпутатаў 26-га склікання В.М. Шаўчэнкам.

– Віталій Мікалаевіч, як вядома, прадстаячыя выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў праводзяцца па новых правілах. У чым сутнасць новаўвядзенняў?

– Галоўнае – змянілася заканадаўства, у адпаведнасці з якім праводзяцца выбары. Гэта звязана з тым, што фарміраванне эфектыўнай сістэмы мясцовага кіравання і самакіравання – адна з важнейшых задач развіцця дзяржаўнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Мясцовае самакіраванне з’яўляецца неад’емнай умовай і крытэрыем дэмакратычнасці дзяржавы, спосабам прыцягнення грамадзян да ўдзелу ў вырашэнні агульнадзяржаўных і мясцовых задач, а на гэтай аснове – павышэння ўзроўню задавальнення запытаў і патрэбнасцей насельніцтва. Таму дзяржаўная палітыка далёка не  выпадкова накіравана на ўзмацненне ролі мясцовых прадстаўнічых органаў улады, таму што менавіта Саветы – самы эфектыўны механізм  рэалізацыі гэтай палітыкі на месцах. На ўзроўні мясцовых Саветаў улада максімальна набліжана да простага чалавека, яго патрэб. Дэпутат мясцовага Савета – асаблівы чалавек, таму што ад яго ў многім залежаць адносіны людзей да ўлады. Бо пытанні, якія вырашаюцца мясцовай уладай, дастаткова ёмістыя, напрыклад: добраўпарадкаванне тэрыторыі і навядзенне парадку, выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў – гэта значыць тое, чым жывуць людзі.Таму, лічу, што, выбіраючы дэпутатаў мясцовых Саветаў, выбаршчыкі аддадуць перавагу людзям, нераўнадушным да праблем грамадзян, любячым сваю малую радзіму і яе жыхароў.

– А ў чым выражаюцца змяненні ў выбарчым заканадаўстве?

– Адметнай рысай цяперашняй выбарчай кампаніі з’яўляецца тое, што выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў праходзяць па новых правілах: упершыню будуць прыменены на практыцы абноўленыя артыкулы выбарчага заканадаўства. Усе змены, якія адбыліся, адпавядаюць рэаліям сённяшняга дня Беларусі. Размова ідзе прыкладна аб 130 зменах у 45 артыкулах Выбарчага кодэкса. Пры гэтым варта адзначыць, што ўсе папраўкі, прынятыя ў выбарчым заканадаўстве краіны, накіраваны на мадэрнізацыю выбарчага працэсу і павышэнне даверу грамадзян да выбараў.

Калі ж гаварыць у цэлым аб змяненні выбарчага заканадаўства, то можна выдзеліць тры асноўныя моманты новаўвядзенняў – гэта ўзмацненне грамадскага кантролю, аблягчэнне спосабу вылучэння кандыдатаў і павышэнне крытэрыяў работы выбарчых камісій.

– І  ў гэтым кантэксце як выглядае падрыхтоўка да выбараў дэпутата абласнога Савета дэпутатаў?

– Магу адзначыць, што своечасова была праведзена рэгістрацыя ініціятыўнай групы грамадзян па збору подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку асобы, прапаноўваемай для вылучэння кандыдатам у дэпутаты. Прынята заява аднаго чалавека на згоду балаціравацца ў дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў ад Гомельскай абласной арганізацыі партыі левых “Справядлівы мір”. Зараз вядзецца праверка даставернасці даных, указаных у пакеце дакументаў абодвух прэтэндэнтаў.

9 студзеня 2010 года быў сфарміраваны састаў акруговай выбарчай камісіі Хойніцкай выбарчай акругі № 59 па выбарах у Гомельскі абласны Савет дэпутатаў 26-га склікання. У састаў акругі ўваходзяць Хойніцкі і Брагінскі раёны. А 15 сакавіка закончыўся прыём дакументаў па вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты.

– Віталій Мікалаевіч, выбаршчыкам, напэўна, будзе цікава ведаць аб тым, якія этапы выбарчай кампаніі і ў якія тэрміны прадстаяць?

– Згодна з заканадаўствам, з 16 па 25 сакавіка 2010 года ажыццяўляецца рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. З 20 па 24 красавіка – час для датэрміновага галасавання. А дзень асноўнага галасавання – 25 красавіка.

Несумненна, ад мясцовых органаў кіравання і самакіравання ў многім залежыць поспех сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця Рэспублікі Беларусь. Іх дзейнасць вызначае тую эфектыўнасць, з якой эканамічныя дасягненні трансфарміруюцца ў дабрабыт грамадзян, наладжаны быт і камунальную гаспадарку. І гэтым, думаю, будуць кіравацца хайнічане пры галасаванні за кандыдатаў у мясцовыя прадстаўнічыя органы.


Гутарыла Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *