Візіт міністра на Хойнікшчыну


27 лютага ў другі раз Хойнікшчыну наведаў міністр лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Пётр Міхайлавіч Сямашка. Высокага госця, а таксама суправаджаючага яго ў паездцы па раёну генеральнага дырэктара Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Міхаіла Пятровіча Супруна прымаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Васільевіч Бічан.

Міністр прыняў удзел у пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, на якім разглядвалася пытанне “Аб рабоце, праводзімай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, па выкананню патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове навакольнага асяроддзя”.

Выступаючы на пасяджэнні, П.М. Сямашка пазнаёміў прысутных з асноўнымі палажэннямі Указа № 91 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  ад 12.02.2009 г. “ Аб некаторых пытаннях у сферы дзейнасці лясной гаспадаркі”. У прыватнасці паведаміў аб новых умовах водпуску драўніны на корані юрыдычным і фізічным асобам. Так, для кіраўнікоў сельскагаспадарчых і іншых прадпрыемстваў гэта робіцца пры звяртанні ў лясгас, без удзелу ў біржавых таргах. Для насельніцтва драўніна на корані зараз адпускаецца па заяўнаму прынцыпу. Калі нехта мае патрэбу ў будаўніцтве, то трэба звярнуцца ў лясгас, назваць патрэбную колькасць, заплаціць грошы і такім чынам набыць лесаматэрыял.

 Міністр асабліва падкрэсліў, што драўніна на корані адпускаецца сёння для юрыдычных і фізічных асоб, якія павінны выкарыстаць яе для ўласных мэт і для перапрацоўкі, а не для перапродажу. Прычым, цэны не біржавыя, а вытворцы.

Міністр лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь правёў у райвыканкоме прыём наведвальнікаў па асабістых пытаннях. Ад імя моладзі раёна звярталася спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкома, былы першы сакратар ГА РК БРСМ Іна Станіславаўна Панчанка. І атрымала канкрэтны адказ наконт узвядзення жылога дома або прыдамавых пабудоў: згодна з Указам Прэзідэнта № 91 з’явіліся добрыя перспектывы ў вырашэнні гэтай злабадзённай праблемы для маладых сем’яў.

П.М. Сямашка наведаў ДЛГУ “Хойніцкі лясгас”. У ходзе сустрэчы з працоўным калектывам, якая прайшла ў атмасферы канструктыўнага дыялогу, міністр азнаёміўся з бліжэйшай перспектывай развіцця прадпрыемства.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *