Узнагароды за мужнасць

Спорт

Зайздросную калекцыю прызоў і дыпломаў рознай вартасці сабралі хойніцкія аматары барацьбы ў сакавіку на абласных спаборніцтвах па дзюдо і самба.

6 сакавіка быў традыцыйны веснавы турнір у Ельску, у якім удзельнічалі юнакі і дзяўчаты 1997-1998 гадоў нараджэння. У актыве нашых землякоў два першыя, пяць другіх і два трэціх прызавых месц.

Асабліва ўдала выступілі юныя хайнічане ў самай лёгкай вагавой катэгорыі да 29 кілаграмаў. Пераможцам турніру стаў Ігар Зотаў (СШ № 1), другое месца заняў Павел Шырчанка (гімназія), трэцяе – Антон Віннік (СШ № 3).

Чыста “хойніцкім” стаў і фінал у катэгорыі да 46 кілаграмаў, у якім Аляксандр Каток (СШ № 3) ва ўпартым паядынку перамог свайго аднакласніка і таварыша па камандзе Міхаіла Стольнікава. Дарэчы, судзейская калегія прысудзіла Аляксандру і ганаровы індывідуальны прыз “За лепшую тэхніку барацьбы”.

Другія месцы занялі па сваіх вагавых катэгорыях Максім Грыгаровіч, Аляксандр Астрэйка і Васілій Сінгаеў (усе з СШ № 3), а дыпломам за трэцяе месца адзначыўся яшчэ адзін вучань трэцяй гарадской школы – Захар Бордак.

У агульнакамандным заліку хайнічане ўпэўнена сталі пераможцамі, за што і атрымалі пераходны кубак.

9 сакавіка многім спартсменам давялося змяніць ельскае татамі на гомельскі барцоўскі дыван. У Цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі прайшло першынство вобласці па барацьбе самба. І гэтыя спаборніцтвы сталі паспяховымі для нашых землякоў. Чэмпіёнамі вобласці сталі Мікіта Ледзянёў, Мікалай Шэймовіч, Ягор Кужаль (усе з СШ № 1) і Дзмітрый Мядзведзеў (Гомельскае вучылішча алімпійскага рэзерву). З дыпломам ІІ ступені вярнуўся дамоў навучэнец гімназіі Андрэй Арцюх, а трэцімі месцамі адзначыліся гімназісты Станіслаў Турчанок і Аляксандр Гарбаты, а таксама вучань СШ № 1 Уладзіслаў Болбасаў.

Ледзянёў і Турчанок вызначыліся і ў першынстве вобласці па дзюдо сярод дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Мікіта і на гэты раз узняўся на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару: яму не было роўных у вагавой катэгорыі да 42 кілаграмаў. Варта адзначыць, што толькі ў канцы лютага ён аднавіў трэніроўкі пасля пералому рукі і два чэмпіёнскія тытулы сталі для юнака дастойнай узнагародай за мужнасць і сапраўдны спартыўны характар.

Станіслаў заняў трэцяе прызавое месца, уступіўшы толькі ў адным паўфінальным паядынку.

На гэтым турніры высокімі месцамі адзначылася і прыгожая палова нашай каманды. Другія месцы занялі Ксенія Будзько (СШ № 1) і Настасся Кузьменка (СШ № 3), а дыпломы за ІІІ месца заваявалі вучаніцы СШ № 3 Аляксандра Шкут, Крысціна Ярац і Анастасія Крус, а таксама Любоў Козыр з СШ № 1.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *