Рэжысёр Хойніцкага народнага тэатра А.В. Сярмяжка: «Сваіх калег-акцёраў я бязмерна люблю і паважаю»


Сёння ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень тэатра. А ўчора была вялікая нагода ўзняць бакал шампанскага і ў Аляксея Васільевіча Сярмяжкі: 26 сакавіка яму споўнілася 60 гадоў. Ці не праўда, сімвалічнае для гэтага чалавека супадзенне дат?

Аляксея Васільевіча Сярмяжку добра ведаюць у нашым горадзе і раёне: без яго непасрэднага і самага актыўнага ўдзелу не абыходзіцца ніводнае маштабнае культурна-масавае мерапрыемства і ніводны канцэрт самадзейных артыстаў раённага Дома культуры. Так, канферансье і дэкламатар ён, як кажуць, ад Бога. Аднак галоўнай яго страсцю быў і застаецца тэатр. Служэнню тэатральнай музе – Мельпамене, Аляксей Васільевіч прысвяціў усё сваё жыццё.

Яшчэ 10-гадовым хлопчыкам ён упершыню выйшаў на сцэну Барысаўскага народнага тэатра, і чароўнае святло рампы пакінула свой след у яго душы на ўсе наступныя гады. Пасля заканчэння Барысаўскай СШ № 10 Аляксей не вагаўся ў выбары будучай прафесіі і накіраваў дакументы ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Аднак пачатак шляху ў тэатральнае мастацтва аказаўся не такім простым. Справа ў тым, што БДТМІ ў той час быў адзінай у рэспубліцы вышэйшай навучальнай установай, якая рыхтавала будучых акцёраў, рэжысёраў і мастакоў. Таму абітурыенцкі конкурс там перавышаў ажно 100 чалавек на месца.

Толькі Аляксей быў не тым чалавекам, які адступае перад цяжкасцямі. Выхадзец з рабочай сям’і, ён ужо ў юнацтве праявіў сябе натурай цэльнай і мэтанакіраванай. Таму, хаця і з трэцяй спробы, але ўсё ж такі Сярмяжка стаў студэнтам першага курса па спецыяльнасці “Рэжысёр народнага тэатра”.

Навучальную ўстанову Аляксей Васільевіч закончыў у 1973 годзе і па размеркаванню быў накіраваны на работу ў наш раён. У той час тэатральны гурток у Хойніцкім РДК толькі пачынаў адраджаць сваю былую, яшчэ даваенную славу, і малады рэжысёр з энтузіязмам узяўся за работу. Аднак надышоў час служыць у Савецкай Арміі. У Хойнікі дэмабілізаваны салдат вярнуўся толькі праз год (выпускнікі ВНУ ў той час прызываліся на 1 год).

А.В. Сярмяжка імкнуўся прадаўжаць пачатую перад арміяй справу, але яму настойліва прапанавалі ўзначаліць калектыў два гады таму назад пабудаванага Дома культуры “Меліяратар”.

На пасадзе дырэктара гэтай культасветустановы Аляксей Васільевіч адпрацаваў 6 гадоў, і толькі ў 1980-м у яго з’явілася магчымасць непасрэдна заняцца любімай справай. Першай яго пастаноўкай на сцэне раённага Дома культуры стаў спектакль па п’есе Андрэя Макаёнка “Трыбунал”. Няпроста ішлі рэпетыцыі нанава створанай самадзейнай тэатральнай трупы, большасць удзельнікаў якой упершыню выйшла на тэатральную сцэну, аднак прэм’ера прайшла на “ўра”. Немалаважна і тое, што поспех маладога рэжысёра і яго самадзейных артыстаў адзначылі не толькі гледачы, але і тэатразнаўцы з Гомеля і Мінска.

Наступнай прэм’ерай хойніцкіх аматараў тэатра стала яшчэ адна макаёнкаўская п’еса – “Верачка”. Менавіта за гэтую тэатральную пастаноўку ў 1984 годзе калектыў атрымаў званне народнага самадзейнага тэатра, якое потым неаднаразова пацвярджаў на тэатральных фестывалях і конкурсах.

На сённяшні дзень у калектыве Хойніцкага народнага тэатра змяніліся тры пакаленні самадзейных артыстаў. Нязменным застаецца толькі яго кіраўнік – Аляксей Васільевіч Сярмяжка. Можна па-добраму здзіўляцца яго жыццёвай мудрасці і такту, уменню знаходзіць аднадумцаў і настройваць іх на выкананне творчых задум і планаў рэжысёра. Тут варта адзначыць, што самадзейны тэатр у корані адрозніваецца ад прафесійнага і па рычагах уздзеяння на акцёраў, і па матэрыяльных магчымасцях.

– Ніколі не трэба забываць аб тым, што ў нас на сцэну людзі выходзяць пасля заканчэння працоўнага дня па асноўнаму месцу працы, – гаворыць А.В. Сярмяжка. – І без такіх энтузіястаў рэжысёр проста ніхто. Таму гэтых людзей трэба не толькі любіць, але і цаніць, і берагчы. У гэтым яшчэ раз пераканаўся ў адзін з самых цяжкіх перыядаў сваёй работы – у першыя дні пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Нягледзячы на выпрабаванні наш тэатр выжыў, не распаўся, выстаяў і вытрымаў. Усё гэта стала магчымым выключна дзякуючы нашым акцёрам, якіх я бязмерна люблю і паважаю.

У тое, што А.В. Сярмяжка ўчора дасягнуў пенсійнага ўзросту, верыцца  з цяжкасцю, бо нават знешне ён ні ў чым не падобны на пенсіянера. Наадварот, гэты чалавек поўны жыццёвай энергіі і творчых планаў. Ведаю, што іх ператварэнню ў жыццё абавязкова дапаможа жонка Ніна Уладзіміраўна Сярмяжка – яго самы верны сябар і памочнік. І, канешне ж, яго любімыя самадзейныя акцёры. Поспехаў Вам і Вашаму тэатру, шаноўны Аляксей Васільевіч!


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *