Бескарысна служыць мастацтву

Образование

Чалавек заўсёды хоча іграць. У дзяцінстве  хлопцы выбіраюць “вайнушку”, дзяўчынкі прымяраюць на сябе ролю доктара для лялькі. У школе пачынаюцца сур’ёзныя ігры – у паслухмянага вучня або нефармальнага лідэра, потым мы іграем у “падначаленага і начальніка”, у “крутога”  сябра і ў  “строгую маці”… Імкненне  станавіцца іншым, напэўна, закладзена ў нас на глыбінным узроўні. У кагосьці гэтае захапленне становіцца прафесіяй. Але ёсць людзі, якія сумяшчаюць звычныя абавязкі з рэпетыцыямі. Гэтыя людзі – акцёры самадзейных калектываў.

У нашым раёне мноства вакальных калектываў, ансамбляў, і, як просты глядач, атрымліваю вялікае задавальненне і ад народных песень, і ад сучасных мелодый у іх выкананні. А вось аб тэатральным калектыве хочацца расказаць падрабязней.

Хойніцкі тэатр, які створаны пры раённым Доме культуры, вядзе сваю гісторыю з 1958 года, першым яго кіраўніком быў І. Будзько. Тады хайнічане маглі бачыць пастаноўкі рускай класікі – спектакль “Мядзведзь” па твору А. Чэхава, інсцэніроўку паводле рамана “Шчыт і меч” В. Кажэўнікава.

У 1973 годзе маладым рэжысёрам прыйшоў у тэатр выпускнік Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута Аляксей Сярмяжка. У якасці першай спробы ім быў пастаўлены спектакль А. Макаёнка “Трыбунал”. І ўжо гэтай работай тэатр і рэжысёр заявілі аб сабе як пра перспектыўны ў мастацкім плане калектыў. Яркім сведчаннем гэтаму стала тое, што ў 1984 годзе за спектакль па п’есе таго ж аўтара “Верачка” тэатру было прысвоена ганаровае званне народнага. У яго творчай скарбонцы п’есы беларускіх драматургаў (“Мікітаў лапаць” М. Чарота, “Апошні ўрок” К. Губарэвіча, “Амністыя” і “Мудрамер” М. Матукоўскага). Калектыў народнага тэатра – дыпламант ІІІ Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці, двойчы ўдастойваўся дыплома Саюза пісьменнікаў СССР, узнагароджаны дыпломам Міністэрства культуры БССР за ўдзел у Першай Рэспубліканскай дэкадзе самадзейнага і прафесійнага тэатральнага мастацтва ў 1987 годзе. Самай жа галоўнай узнагародай лічаць артысты народнага тэатра практычна поўныя залы гледачоў. Землякоў заўсёды цікавіць творчасць “сваіх” акцёраў, і людзі прыходзяць паглядзець спектакль другі, трэці раз, адгукваюцца на сцэнічнае дзейства з такой увагай, чуласцю, якія не заўсёды сустракаюцца і ў прафесіянальных тэатрах.

Да 65-годдзя Вялікай Перамогі тэатр рыхтуе пастаноўку спектакля “Трыбунал” з новым саставам трупы. А ў свой час у ім дэманстравалі свае акцёрскія здольнасці Віктар Дырвянскі, Віктар Назаранка, Уладзімір Лук’яненка, Любоў Паганюка, Ірына Канапелька, Ніна Сярмяжка, Анатолій Смальцар, Уладзімір  Еўжанка, Генадзій Нуждзін, Лідзія Корасціна.

П’еса А. Макаёнка “Трыбунал” – добры твор гадоў савецкай улады, па таму часу ў меру палітызаваны, з добрым пачуццём гумару. У ім апісваюцца падзеі перыяду акупацыі ў Вялікай Айчыннай вайне, калі бязлітасны вораг падыходзіў да сцен Масквы. У тыя халодныя зімовыя дні бялюткія заснежаныя прасторы нашай зямлі шчодра паліваліся крывёю яе сыноў і пякучымі слязамі іх мацярок. На акупіраванай тэрыторыі вайна рабіла людзям жорсткую праверку. Галоўны герой п’есы Цярэшка Калабок па заданню стаў старастам, яго сям’я, не ведаючы сапраўдных абставін, вырашыла за гэта здзейсніць над ім суд…

Галоўныя героі Калабок і яго жонка  не паўтараюць акцёраў-папярэднікаў, а іграюць сваю гісторыю, свае адносіны. Вельмі цікавая Людміла Смольская ў ролі Паліны, яе гераіня і хітраватая, і іранічная, актрыса робіць сваю ролю глыбокай, шматпланавай, і ўжо да сярэдзіны спектакля (мне давялося прысутнічаць на адной з заключных рэпетыцый), узнікае адчуванне, што менавіта яна вядзе інтрыгу, запутвае ў сцэне суда сваіх дзяцей так, што, здаецца, з самага пачатку яна ведала, што не па сваёй волі пайшоў у паліцыю яе муж. Сам жа Калабок у выкананні Аляксея Сярмяжкі атрымаўся некалькі гратэскным, сваёй непадробнай лексікай, сакавітым гумарам ён быццам прыйшоў з фальклора. Вельмі ўдалыя і каларытныя персанажы – дзеці Калабкоў: дочкі Галя (Людміла Кузняцова), Зіна (Людміла Беразоўская), нявестка Надзея (Анжэла Бондар), сын Валодзька (Яўгеній Заяц) і выканаўцы адмоўных роляў – начальніка паліцыі (Мікалай Кабанькоў) і нямецкага каменданта (Васілій Найдзенка).

Спектакль не прапаноўвае знешніх сцэнічных эфектаў, сюжэтных нечаканасцей, за якімі можна схаваць няўмеласць артыстаў. Гэта “размоўная” гісторыя, і тут  патрэбны ў першую чаргу акцёры, здольныя мысліць на сцэне, іграць не сам тэкст, а другі, трэці план, адчуваць асацыятыўную сувязь драматургічных вобразаў. Праблематыка п’есы прымушае выканаўцаў па-сапраўднаму хвалявацца, быць шчырымі. А гэта шлях да таго, што ў зале ўзнікае пачуццё суперажывання, а калі глядач неабыякавы да таго, што адбываецца на сцэне, значыць, калектыў  сваёй мэты дасягнуў.

Вясёлая, у цэлым настальгічная камедыя “Трыбунал” арыентавана на паклоннікаў тэатра сярэдняга і старэйшага ўзросту. Хаця цяперашні інтарэс моладзі да ваеннага мінулага, напэўна, прыцягне ў залу і маладое пакаленне.

У каторы раз прыходзіш да высновы, што ў Хойніцкім народным тэатры служаць нераўнадушныя людзі. Гэты занятак не прыносіць ім ніякіх матэрыяльных даброт, на жаль, гастролі народных тэатраў – справа вельмі рэдкая. На самадзейную сцэну людзі ідуць таму, што не могуць не іграць, таму што гэта мацней за іх. Гэта вельмі чэсная справа.

Лёсы людзей не падобныя адзін на другі, як не падобныя і самі людзі. У кожнага свой твар, свой характар, свае схільнасці і прывычкі, сваё прызванне. Але ў жыцці акцёраў-аднадумцаў, якія складаюць гэты калектыў, многа агульнага. Усе яны бескарысна служаць мастацтву і змагаюцца за яго ідэалы.

На здымку: артысты Хойніцкага народнага тэатра ў час рэпетыцыі п’есы А. Макаёнка “Трыбунал”.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *