На дасягнутым не спыняемся


Дырэктар ААТ “Хойніцкі камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва” Д.Я. ШУКАЎ:

Прафесійнае свята – гэта заўсёды добрая нагода падвесці працоўныя вынікі, прааналізаваць свае поспехі і няўдачы, адзначыць лепшых у рабоце. Па выніках мінулага года калектыў нашага прадпрыемства ў цэлым справіўся з даведзенымі заданнямі і пераўзышоў паказчыкі года папярэдняга. Так, аб’ём вытворчасці ўзрос са 111 мільёнаў рублёў у 2008 годзе да 149 мільёнаў у 2009-м. За два месяцы 2010 года аб’ём вытворчасці ў нас склаў 32 мільёны рублёў, а за адпаведны перыяд 2009 года гэтая лічба была роўнай толькі 26 мільёнам рублёў. На 5,9 мільёна рублёў узрос аб’ём паслуг, аказаных насельніцтву, за студзень-люты 2010 года ў параўнанні з адпаведным перыядам 2009 года. Значна вырас і паказчык па аб’ёму бытавых паслуг, аказаных насельніцтву. Тым не менш, на дасягнутым не спыняемся.

Такія станоўчыя прапорцыі сталі вынікам сумленнай і стараннай працы людзей. Асабліва хацелася б адзначыць работу гарадскіх цырульняў, Партызанскага, Паселіцкага і Велікаборскага комплексна-прыёмных пунктаў.

На сённяшні дзень сельскія КПП застаюцца ў вёсцы адзіным месцам, дзе можна выкарыстаць паслугі цырульні, здаць у мыццё бялізну, а таксама здаць у рамонт адзенне і абутак або заказаць новае. Менавіта гэтыя паслугі і з’яўляюцца самымі запатрабаванымі сярод сельскіх жыхароў. Акрамя таго, на сельскіх КПП можна набыць швейныя вырабы нашай вытворчасці.

Усяго ж майстрамі КБА насельніцтву аказваецца 7 відаў паслуг. Іх кола магло б быць значна шырэй, аднак кадравыя праблемы не дазваляюць гэтага зрабіць: па-ранейшаму вакантнымі застаюцца месцы майстроў па рамонту абутку, гадзіннікаў, не хапае і фатографа.

Віншую работнікаў камбіната, а таксама нашых дарагіх ветэранаў з прафесійным святам і жадаю ўсім ім моцнага здароўя, поспехаў у жыцці і працы, дабрабыту.

Напярэдадні Дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва не магу не адзначыць работу загадчыц комплексна-прыёмных пунктаў: Партызанскага – Кацярыны Мікалаеўны Штыхновай, Паселіцкага – Тамары Арсенцьеўны Амельчанка, Велікаборскага – Марыны Мікалаеўны Ермаловіч, швачкі атэлье “Элегант” Лідзіі Расціславаўны Бурлій, цырульніц Таццяны Васільеўны Рабянок і Ганны Васільеўны Зенчанка. На гэтых людзей раўняюцца ў нашым калектыве, а іх адносіны да справы з’яўляюцца прыкладам для іншых.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *