І майстэрства, і натхненне


У цырульніцкай справе Таццяна Васільеўна Рабянок далёка не навічок. Больш таго, у наступным годзе яна адзначыць 25-годдзе сваёй працоўнай дзейнасці ў раённым камбінаце бытавога абслугоўвання насельніцтва.

А пачыналася ўсё ў далёкім ужо і памятным для хайнічан 1986 годзе, калі Таццяна Васільеўна закончыла вучобу ў Гомельскім вучэбна-курсавым камбінаце па спецыяльнасці “цырульнік шырокага профілю” і была накіравана на працу ў Хойнікі. З таго часу гэтая мілавідная і абаяльная жанчына месца работы так і не змяніла. І сёння яна з’яўляецца загадчыцай цырульні № 2.

Прафесію цырульніка можна аднесці да ліку тых, якія дапамагаюць стварыць чалавеку добры настрой, а часам і схіляюць кліента да шчырай і задушэўнай размовы. Таму ўменне і майстэрства цырульніка часта ацэньваюцца людзьмі не толькі яго чыста прафесійнымі якасцямі, але і здольнасцю падтрымаць гутарку, або, наадварот, памаўчаць і не перашкаджаць кліенту пагружацца ў свае надзённыя думы. Нездарма многія даўно ўжо прызвычаіліся садзіцца ў крэсла да таго майстра, якога яны называюць сваім, якому давяраюць не толькі ў прафесійным, але і ў чалавечым плане.

– Адно з маіх галоўных правіл – сустракаць чалавека ўсмешкай, – гаворыць Таццяна Васільеўна. – Усміхацца пры сустрэчы трэба нават тады, калі бачыш, што кліент нечым раздражнёны або раззлаваны, бо пагутарыш з ім некалькі хвілін, пажартуеш, а потым з задавальненнем адчуваеш, што ён памякчэў, стаў больш спакойным і задаволеным.



ПАРАДЫ МАЙСТРА
Не варта часта мыць галаву – ад гэтага валасы становяцца хаця і мяккімі, але ж слабымі.
 Не карыстайцеся дарагімі імпартнымі шампунямі і гелямі, большасць якіх утрымлівае так званую хімію, а прымяняйце нашы, беларускія, вырабленыя з натуральных кампанентаў.



Таццяна Васільеўна ўспамінае, што раней, калі ў горадзе налічвалася ўсяго 4 цырульні, наведвальнікаў у майстроў-цырульнікаў было куды больш, чым зараз. Сёння ж толькі ў адным мікрараёне “Юбілейны” працуе ажно 7 цырульняў, ды яшчэ і многія з гараджан і вяскоўцаў самастойна асвоілі цырульнае майстэрства, таму і паток наведвальнікаў стаў меншым, зніклі ранейшыя чэргі.

Таццяну Васільеўну  Рабянок паважаюць у калектыве камбіната за добразычлівы і прыязны характар, за тое майстэрства і натхненне, з якім яна працуе. Няхай жа і надалей у яе ўсё будзе добра і ў жыцці, і дома, і на рабоце.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *