Дзіўная родная мова: размаўляем па-беларуску з настаўнікамі

Наши проекты

Родная і такая мілагучная мова. Яна скарб, наша гісторыя. А наколькі добра мы ведаем беларускую мову? Вось і высветлім.

У гэтым дапаможа праект раёнкі «Размаўляем па-беларуску з настаўнікамі». Усё проста: мы прыдумалі віктарыну, якая будзе складацца з 10 пытанняў (у асноўным яны будуць накіраваны на арфаграфію, значэнне слоў і пераклад). На пытанні нам адкажуць настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Хойнікшчыны. Зразумела, толькі правільна. І заадно вы, сябры, падключайцеся і правярайце свае веды. Унізе глядзіце адказы. Адкрывае наш праект маладая настаўніца другой гарадской школы Анастасія Чэкан. Дарэчы, цяжкасць у яе ўзнікла ўсяго з адным пытаннем.

Якое ж любімае беларускае слова ў Анастасіі Аляксандраўны? Прызналася, што «каханне».

1. Растлумачце сэнс фразеалагізма «гарадзіць плот»:

а) гаварыць глупства;

б) займацца чымсьці небяспечным;

в) гэта доўгая і вельмі сумная праца.

2. Што азначае валкаваць?

а) зграбаць скошанае сена ў валкі;

б) варажыць;

в) імкліва бегчы.

3. Снежная прастора, дзе няма слядоў, дзе ніхто не ездзіў, гэта…

а) цаліна;

б) цалік;

в) цэлік.

4. Дзе няправільна?

а) а пятай гадзіне;

б) падобны на брата;

в) ажаніцца на дзяўчыне.

5. Выберыце слова, якое запісана правільна:

а) атчыніць;

б) улей;

в) асцярожны.

6. Замест кропак патрэбна ўставіць літару «э»:

а) орд..н;

б) д..сант;

в) у абодвух выпадках.

7. Ведаеце, што такое «ночвы»?

а) лёгкае адзенне для сну;

б) прадаўгаватая драў-ляная або металічная пасудзіна для мыцця бялізны і іншых гаспадарчых патрэб;

в) перыяд спячкі ў вожыкаў.

8. Вызначце род назоўнікаў гну, поні, шымпанзэ:

а) мужчынскі;

б) ніякі;

в) жаночы.

9. Як перакладаецца з рускай на беларускую мову «сковородка»?

а) шаршатка;

б) патэльня;

в) копанка.

10. Чулі значэнне слова «клёк»?

а) крык жураўлінага кліка;

б) розум, развага;

в) гліняная ёмістасць для прарошчвання насення.

Адказы: 1-а; 2-а; 3-б; 4-в; 5-в; 6-в; 7-б; 8-а; 9-б; 10-б.

Сябры, калі вы справіліся з усімі пытаннямі – вы малайчыны! Калі правільна адказалі толькі на палову – вам трэба падцягнуць свае веды, але ж вы ўсё роўна малайчыны. Астатнія проста ставяць сабе «+» у карму за пройдзеную віктарыну.

Падрыхтавала Вікторыя МАРОЗ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *