Допраўпарадкаванне: прыгажосць сваімі рукамі

Добраўпарадкаванне

IMG_9502Батанічны садзік на вул. Кааператыўнай

На Хойнікшчыне ёсць нямала прыкладаў таго, як людзі самастойна робяць месца, дзе пражываюць, як мага больш дагледжаным і прыгожым. Да гэтай катэгорыі можна аднесці сям’ю Ірыны і Сяргея Гарбатых, прыватны дом якіх знаходзіцца па вул. Кааператыўная, 17 райцэнтра. Напісаць пра іх нам параіў жыхар нашага горада М.І. Блішч. Мы з задавальненнем адгукнуліся на прапанову і не пашкадавалі.

IMG_9523Ветлівая гаспадыня Ірына правяла невялікую экскурсію каля свайго дома. З вуліцы з-за цаглянай агароджы і не заўважыць, з якім вялікім густам упрыгожана маленькая плошча зямлі. Ад веснічак трапляеш у кветкавы сад, поўны руж, лілей, хрызантэм. Рознакаляровыя расліны і дэкаратыўныя садовыя фігуркі акружаюць невялічкі самаробны вадаём. Тут акультураны кожны квадратны метр прыдамавой прасторы. Знайшлося месца для імправізаванага гасцявога доміка, дзе любіць збірацца ўся сям’я, там нават прадугледжана ацяпленне – зашклёную альтанку грэе маленькая печка. Працавітым гаспадарам дапамагаюць даглядаць тэрыторыю дочкі – старэйшая Наталля, другакурсніца медыцынскага інстытута, і малодшая Дар’я, якая зараз вучыцца ў 6 класе трэцяй гарадской школы.

Вяселле – стымул для рамонту пад’езда яго жыльцамі

Такая важная падзея ў жыцці двух чалавек, як вяселле, прадугледжвае шмат грашовых выдаткаў і часу на арганізацыю ўрачыстасці. Нягледзячы на гэта, у нашым горадзе ўсё больш такіх пар уключаюць у спіс патрэбных спраў перад вяселлем катэгорыю «рамонт пад’езда». У жніўні мы даведаліся пра два такіх прыклады. Матывацыя, якой кіраваліся хайнічане, простая – на памяць пра важную падзею ў маладых застануцца здымкі і відэа. Няцяжка здагадацца, што падрапаныя сцены і старая фарба не вельмі прыгожы фон для свята, ды і перад гасцямі сорамна не будзе, калі парадак наведзены.

IMG_9357ПЕРШЫ ПАД’ЕЗД ДОМА № 43 ПА ВУЛ. К. МАРКСА
У ліпені сёлета па гэтым адрасе правялі касметычны рамонт. Актыўны ўдзел у яго правядзенні прымаў М.У. Лагвінец (на здымку). Па яго словах, за тыдзень агульнымі намаганнямі выгляд пляцовак і лесвіц кардынальна змяніўся ў лепшы бок. Будаўнічыя матэрыялы – грунтоўка, эмаль, фарба, а таксама замена дзвярэй у падвал каштавалі ў выніку паўтара мільёна рублёў – па 250 тысяч ад кожнай кватэры. Перад выкупам нявесты рабілі справу талакой – да рамонту штодзень падключаліся ўсе суседзі.

IMG_9322ДРУГІ ПАД’ЕЗД ДОМА № 24 ПА ВУЛ. К. МАРКСА
Тут рамонту таксама паспрыяла святочнае мерапрыемства. За два тыдні да вяселля маладой пары жыхары пад’езда пачалі абмяркоўваць будучы рамонт. Падлічылі выдаткі, сабралі з усіх сродкі і закупілі неабходныя матэрыялы, знайшлі рабочых. Для гэтага, як і ў папярэдніх энтузіястаў, спатрэбілася крыху больш за тыдзень, каб з неахайнага памяшкання агульнага карыстання атрымаўся прыгожы і светлы пад’езд.
IMG_9294Ініцыятарам добрай справы стала былая настаўніца першай гарадской сярэдняй школы Вольга Пятроўна Місуна (на здымку ўверсе), якая знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Непасрэдна ўдзельнічалі ў рэалізацыі задумак і суседкі Людміла Пятроўна Бяляўская і Тамара Якаўлеўна Марчанка. Жанчыны актыўна дапамагалі рабочым, фарбавалі і прыбіралі пляцоўкі. І цяпер пад’езд радуе кожнага, хто сюды прыходзіць, рознакаляровасцю фарбаў.
IMG_9298Рамонт выйшаў за межы пад’езда. Зараз каля ўваходу аднаўляюць і фарбуюць лавачкі, далей справа пяройдзе да навядзення парадку на клумбах.
Малайцы, што тут скажаш. Так бы ўсе рабілі.

Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *