Ведаць свае карані

Образование

У сувязі з правядзеннем Дня беларускага пісьменства ў Хойніках краязнаўчы музей набудзе другое жыццё. Ен размесціцца ў гарадскім парку культуры і адпачынку ў двухпавярховым сядзібным доме – помніку архітэктуры ХІХ ст. Значна павялічыцца не толькі яго экспазіцыйная плошча, але і колькасць экспанатаў. Будзе адкрыта выставачная зала. Перад тым, як убачыць будучае музея, вырашылі зазірнуць у яго мінулае, пазнаёміцца з яго сённяшнім.


КАЛЯ ВЫТОКАЎ СТВАРЭННЯ


Раённы краязнаўчы музей адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў 25 лістапада 1982 года. Спачатку пад памяшканне была выдзелена былая кантора спартыўнага таварыства (сёння там размяшчаецца будынак царквы “Благодать”). Збор экспанатаў і афармленне экспазіцыі ажыццяўляліся сумесна з абласным краязнаўчым музеем. Весці работу на грамадскіх пачатках было даручана ветэрану вайны і працы Аляксандру Максімавічу Зелянкоўскаму.

У 1993 годзе краязнаўчы музей змяніў прапіску і па сённяшні дзень размяшчаецца ў будынку, у якім раней быў банк. Тады ж было прынята рашэнне райвыканкома аб устанаўленні штатных адзінак. А.М. Зелянкоўскі быў назначаны  дырэктарам, М.С. Скрыпчанка – навуковым супрацоўнікам. Дзякуючы ім залы музея папоўніліся шматлікімі экспанатамі і былі па-новаму аформлены. У 1996 годзе ўстанову ўзначаліў М.С. Скрыпчанка, навуковым супрацоўнікам  была Л.П. Прышчэпава.


ГІСТАРЫЧНАЯ ДАВЕДКА


У памяшканні, дзе зараз размешчаны раённы краязнаўчы музей, у час акупацыі раёна нямецка-фашысцкія захопнікі ў мураваным склепе катавалі, здзекваліся над людзьмі, дамагаючыся ў іх прызнанняў аб партызанах і тых людзях, хто супраць “новай” улады. Есць звесткі, што пад зямлёй паміж будынкам ДАІ (менавіта там у час вайны знаходзілася нямецкая камендатура) і краязнаўчым музеем быў пракладзены тунель.


МЕСЦА СУСТРЭЧЫ ЧАСОЎ


Краязнаўчы музей – месца, дзе сустракаюцца сучаснасць і мінулае. Рэха гістарычных падзей адгукваецца ў яго экспанатах. Прылады працы, рэчы хатняга ўжытку, розныя дакументы, унікальныя экспанаты расказваюць аб гісторыі малой радзімы, аб тым, як наш горад узнік і развіваўся. Тут можна даведацца аб гераічным мінулым, знакамітых земляках. Сёння асноўны фонд музея налічвае 1085 экспанатаў, навукова-дапаможны – 590. Экспанаты размяшчаюцца ў 7 залах: “Гісторыя горада і раёна ад 2-3 тысячагоддзя да нашай эры і да нашых дзён”, “Знакамітыя людзі нашага раёна”, “Вялікая Айчынная вайна”, “Мастацтва і народныя промыслы”, “Сялянская хата”, “Прырода роднага краю”, “Зямлянка”.  

Цесную сувязь работнікі музея наладзілі з навучальнымі ўстановамі, прамысловымі прадпрыемствамі, арганізацыямі раёна. Трывалае супрацоўніцтва ўсталявалася з калегамі з Дома-музея І.П. Мележа, які знаходзіцца ў аграгарадку Глінішча (з чэрвеня мінулага года ён з’яўляецца філіялам раённага краязнаўчага музея).

Штогод музей наведваюць больш за тысячу чалавек, у тым ліку госці з многіх куткоў нашай рэспублікі, а таксама турысты з блізкага і далёкага замежжа. Тут праходзяць экскурсіі, пазнавальныя лекцыі, гутаркі, урокі мужнасці, Дні памяці, сустрэчы з вядомымі людзьмі. Наведванне музея пакідае самыя добрыя ўражанні, аб чым сведчаць шматлікія ўдзячныя рознамоўныя запісы ў кнізе водгукаў.

Метадычныя матэрыялы музея выкарыстоўваюцца не толькі ў  культурна-асветніцкіх мэтах, але і служаць каштоўнай крыніцай для навуковых даследаванняў нашага краю. Работнікі ўстановы займаюцца падборам матэрыялаў для напісання рэфератаў, доследных і курсавых работ.

Вялікі інтарэс уяўляюць выстаўкі, якія праходзяць у музеі. Ва ўсёй сваёй разнастайнасці тут дэманструюцца  вырабы народна-прыкладнога мастацтва, работы фотамастакоў, жывапісцаў і пісьменнікаў. Летась усе жадаючыя мелі магчымасць наведаць 12 выставак.


ЗАХАВАЛЬНІКІ ГІСТОРЫІ


Музей – гэта люстэрка мінулага, а людзі, якія ў ім працуюць, захавальнікі каштоўнага адлюстравання. Яны аб’яднаны любімай справай, жаданнем, каб памяць аб мінулым жыла ў свядомасці не толькі старэйшага пакалення, але і іх дзяцей, унукаў, праўнукаў. Маладыя, ініцыятыўныя, музейныя работнікі актыўна займаюцца зборам і пошукам экспанатаў, каб папоўніць экспазіцыі, якія размесцяцца ў залах сядзібнага дома. Карыстаючыся выпадкам, праз газету папрасілі падзякаваць тым, хто падтрымлівае матэрыяльна, прыносіць цікавыя гістарычныя звесткі, дзеліцца рарытэтамі. Гэта жыхары І. Сабадаш, Р. Каток, Л.Я. Жаўняк і Г.П. Кузьмін.

Дырэктар музея С.А. Шыпілава (на здымку) настойлівы, вытрыманы, тактоўны работнік, з трывалымі ведамі,  сціплы і чулы чалавек. Святлана Алегаўна ўмее зацікавіць любога наведвальніка. Пачала працаваць  у музеі ў 1999 годзе навуковым супрацоўнікам, а ў 2008 годзе назначана дырэктарам установы.
Галоўны захавальнік фонду А.Ю. Эсауленка (на здымку) сваю справу ведае дасканала, за яго плячыма дзесяцігадовы працоўны стаж. Матэрыялы і экспанаты, сабраныя краязнаўцам-энтузіястам, вельмі запатрабаваны. Невычэрпная энергія і бесперапынны пошук новых адкрыццяў вызначаюць Андрэя Юр’евіча. Нядаўна папоўніла калектыў навуковы супрацоўнік Марына Аляксандраўна Казлова. Падтрымлівае чысціню ў залах музея добразычлівая жанчына Наталля Васільеўна Афанасенка.

…Вельмі важна ведаць свае карані, не перапыняць сувязь пакаленняў, цаніць і берагчы тое, што ўдалося захаваць. Таму часцей заходзьце ў краязнаўчы музей, каб  адчуць веліч мінулых часоў, падзей, спраў.


Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *